Адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Ён праходзіў пад традыцыйным дэвізам «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!». Месцам правядзення стала ўтульная актавая зала сярэдняй школы №5, якая ў мінулую пятніцу гасцінна прымала юных талентаў, іх настаўнікаў і кампетэнтнае журы. Амаль чатыры дзясяткі – менавіта такою была колькасць канкурсантаў. Усё яны выступалі ў сваіх узроставых катэгорыях, якіх было чатыры.
Адкрыла конкурс відэапрэзентацыя. Пад незабыўныя гукі «Спадчыны» змяняліся вобразы і імёны класікаў беларускай літаратуры, чые творы мы лічым узорнымі, якія з’яўляюцца здабыткам нашай культуры.
Святлана Субач, якая выступіла ў ролі вядучай, нагадала, што год бягучы прысвечаны малой радзіме. І гэта стала адным з вызначальных фактараў пры падвядзенні вынікаў членамі журы, у складзе якога былі Ірына Пракаповіч, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама, Ірына Бадеева, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела, Ірына Пескавая, інспектар аддзела, а таксама Віктар Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі №2, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, і Уладзімір Цанунін, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першымі сваё валоданне мастацкім словам дэманстравалі прадстаўнікі малодшай узроставай групы – вучні пачатковых класаў. Было відаць, што хваляваліся не толькі самыя малодшыя ўдзельнікі, але і іх настаўнікі. Песняй пра родную Вілейку прывітаў усіх прысутных Казімір Талстыка, музычны кіраўнік сярэдняй школы №5. Не толькі ён сам, але і яго дачка Валерыя дарылі ў той дзень выдатны настрой сваёй творчасцю. У другой узроставай катэгорыі выступалі вучні пятых-шостых класаў устаноў адукацыі горада і раёна. Пасля роднае слова гучала з вуснаў прадстаўнікоў трэцяй узроставай катэгорыі – вучняў сёмых-восьмых класаў.
Выступленні вучняў дзявятых-дзясятых класаў (чацвёртая ўзроставая катэгорыя) завяршалі конкурс. Творы Артура Вольскага, Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі, Міколы Шабовіча, Алеся Ставера, Пімена Панчанкі, Эдзі Агняцвет, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Карызны, Ігара Кунавіча і многіх-многіх іншых славутых прадстаўнікоў Беларусі прагучалі ў той дзень са сцэны. Напэўна, журы было няпроста вызначыць лепшых, але вынікі падведзены і імёны юных талентаў вядомыя. У першай узроставай катэгорыі пераможцамі сталі Ганна Лукша, вучаніца чацвёртага класа Вілейскй гімназіі №2 (дыплом першай ступені); Сцяпан Бяльковіч, вучань трэцяга класа Даўгінаўскай сярэдняй школы (дыплом другой ступені); Ангеліна Прохарава, вучаніца другога класа пачатковай школы №6 (дыплом трэцяй ступені). У другой узроставай катэгорыі дыплом першай ступені ў Кацярыны Стасюкевіч, пяцікласніцы Залескага НПК – д/с-СШ; дыплом другой ступені ў Ксеніі Шалуха, пяцікласніцы Ільянскай сярэдняй школы; дыплом трэцяй ступені ў Паліны Казлянок, пяцікласніцы сярэдняй школы №3. У трэцяй узроставай катэгорыі лепшымі сталі васьмікласніца Надзея Шарафановіч з Чурлёнскага НПК – д/с-СШ (дыплом першай ступені), сямікласніца Ксенія Маскаленка з Ільянскай сярэдняй школы (дыплом другой ступені) і сямікласніца Анастасія Грышкевіч з Людвіноўскай сярэдняй школы (дыплом трэцяй ступені). У чацвёртай узроставай катэгорыі дыплом першай ступені атрымала Ульяна Вярбіцкая з Ільянскай сярэдняй школы, дыплом другой ступені ў Яны Ляшкевіч з Даўгінаўскай сярэдняй школы, дыплом трэцяй ступені атрымаў Раман Ганчар з Рабунскага НПК д/с – БШ. Усе яны – вучні дзявятага класа. Пераможцы, узнагароджаныя дыпломамі першай ступені, прымуць удзел у абласным творчым конкурсе «Жывая класіка», які адбудзецца 24 мая ў Мінску.
Трэба адзначыць, усе ўдзельнікі конкурсу рыхтаваліся, адказна, разам з настаўнікамі,выбіралі творы для чытання, прадумвалі суправаджэнне для выступлення і свае вобразы. Чалавек жыве не толькі хлебам, але і словам – такое выказванне прагучала падчас абвяшчэння імёнаў пераможцаў. Кожны конкурс – гэта заўсёды спаборніцтва: хтосьці з вучняў выступіў больш удала, хтосьці – менш. Але, напэўна, важны не толькі дасягнуты вынік. Гучала роднае слова – і гэта галоўнае.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара