Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Як прайшла тэатральная пастаноўка ў царкве свяціцеля Ціхана (Відэа)

Вялікдзень – светлае і цудоўнае свята, якое асабліва любяць і чакаюць дзеці. Чырвоныя яйкі, кулічы і кексы – тое, што падабаецца і дзяўчынкам, і хлопчыкам. Але ўсё ж галоўнае, каб дзеці ведалі гісторыю гэтага асаблівага дня, паважалі традыцыі, разумелі яго сэнс. Што за свята – Вялікдзень? Пра гэта расказваюць у сям’і, а больш падрабязна – у нядзельнай школе.

Наведвальнікі нядзельнай школы пры царкве свяціцеля Ціхана, Патрыярха Усерасійскага, рыхтавалі да свята тэатральную пастаноўку. І яна адбылася. У мінулую нядзелю прыхаджане, таты і мамы, бабулі і дзядулі дзетак, якія займаюцца ў імправізаваным тэатры пры нядзельнай школе, выступілі ў ролі ўважлівых і неабыякавых гледачоў. А юныя артысты, пераўвасобіўшыся ў біблейскія вобразы, расказалі пра перамогу жыцця над смерцю, любові – над злом. Музыка і вершы, песні – усё гэта стала сапраўдным аздабленнем тэатральнай пастаноўкі. Перад пачаткам дзеі настаяцель прыхода царквы свяціцеля Ціхана протаіерэй Вячаслаў Пешко павіншаваў усіх са святам Хрыстовага Уваскрасення. Ён заўважыў, што пачала складвацца традыцыя: у вялікія святы наведвальнікі нядзельнай школы выступаюць з тэатральнай пастаноўкай. Гэтыя выступленні, па-дзіцячы шчырыя і кранальныя, заўсёды радуюць гледачоў.

Вось і ў гэты раз гісторыя ўваскрасення Хрыста, расказаная дзецьмі, нагадала ўсім пра вытокі свята. Для таго, каб усё атрымалася, былі прыкладзены пэўныя намаганні. Бацькі юных артыстаў былі непасрэднымі арганізатарамі пастаноўкі і, як высветлілася, аказаліся людзьмі таленавітымі і творчымі. Спачатку, успамінае Вікторыя Гаўрышчук, якая выступіла ў ролі рэжысёра, было хваляванне – трэба было знайсці касцюмы, падрыхтаваць дэкарацыі, скласці сцэнарый, падабраць музыку… Але сумненні зніклі, калі пачалася сумесная праца. На дапамогу прыйшлі мамы дзетак – Вікторыя Дуровіч, Юлія Ярашэвіч, Лілія Карандзей, Алена Пашкевіч. Яны справіліся і з роляй касцюмераў, і дэкаратараў, і нават візажыстаў. Самі шылі касцюмы, ладзілі прымеркі, збіраліся на рэпетыцыі, абмяркоўвалі ўсё да драбніц. Вобраз кожнага з дваццаці трох артыстаў атрымаўся такім, як і было задумана. Дзяўчаты і хлопчыкі вывучылі словы, і кожны, пераступіўшы праз хваляванне, на Вялікдзень выканаў сваю ролю.

Калі апладысменты юным артыстам сціхлі, айцец Вячаслаў заўважыў, што праца кожнага павінна быць узнагароджана. Юным талентам ён раздаў салодкія падарункі, сімвалізуючыя Вялікдзень. А пасля ў царкве пачалася служба. Калі яна скончылася, прыйшоў час яшчэ адной традыцыі. Кожны атрымаў кавалачак велікоднага пірага, які быў спецыяльна выпечаны з нагоды свята. Свята, якое нагадвае нам пра асноўнае ў жыцці – любоў і чалавекалюбства.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 34 queries