Спрадвеку існуе звычай на Вялікдзень фарбаваць яйкі і асвячаць іх у храме, бо чырвонае яйка сімвалізуе Уваскрашэнне Ісуса Хрыста. Але чырвонае яйка (фарбаванка) – гэта яшчэ і старажытны дахрысціянскі сімвал, што з’яўляецца ўвасабленнем вечнага жыцця, сімвалам абуджэнне прыроды пасля зімовага сну, пладавітасці і жыццяздольнасці. Чырвонымі яйкамі як абавязковым падарункам у велікодныя дні адорваюць валачобнікаў, з імі гуляюць у біткі і качаюць з горак, кладуць у ваду і мыюцца гэтай вадой, а раней абавязкова закопвалі ў полі, каб быў добры ўраджай, праганялі праз яйка, пакладзенае на парозе хлява, карову на пашу і многае іншае.
Для фарбавання велікодных яек на Вілейшчыне, як і ў многіх раёнах Беларусі, традыцыйна ўжывалася шалупінне цыбулі, якое ў залежнасці ад колькасці адвару і часу вытрымкі давала колер ад аранжавага да цёмна-чырвонага, а калі дадавалі яшчэ іржавае жалеза альбо альховую кару, то амаль што карычневы. Але са старажытных часоў яйкі яшчэ і ўпрыгожвалі пэўным аздабленнем – рыскамі, паскамі, кропкамі. Дэкараванне велікодных яек можна лічыць адным з даўніх відаў роспісу, карані якога хаваюцца ў дахрысціянскіх часах. Беларускія археолагі знаходзяць пісанкі, альбо іх рэшткі, альбо імітацыю ў выглядзе гліняных вырабаў у пластах перыяду ранняга Сярэднявечча і больш даўніх часоў. Сярод археалагічных знаходак на Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне ёсць гліняныя яйкі, пакрытыя бура-чорнай, бура-карычневай або бура-зялёнай палівай і аздобленыя хвалістымі лініямі жоўтага, зялёнага ці карычневага колеру. Многія даследчыкі ўпэўнены, што гісторыя паходжання фарбавання яек звязана яшчэ з часамі, калі нашыя продкі пакланяліся сілам прыроды, стыхіям і духам. Зараз мы ўжо не раздзяляем, якія гэта звычаі – хрысціянскія ці больш старажытныя. Але, як вядома, у савецкія часы яны былі забароненыя, паколькі лічыліся выключна рэлігійнымі. Таму і размалёўванне яек (іх называлі ў розных рэгіёнах па-рознаму – пісанкі, скробанкі, маляванкі) пачаў затухаць. Але ў 1990-я гады адбылося шырокае адраджэнне традыцыі ў тых асяродках, дзе яно было і захоўвалася патаемна ў сямейным побыце.
Вялікдзень на Вілейшчыне. Малюнак Анатоля Капцюга
Звернемся да сэнсу, які ўкладвалі нашы продкі ў сімвалічнасць велікодных яек. Каб узмацніць сімвалічную сілу яек, на Вялікдзень іх фарбавалі ў чырвоны колер, які здаўна быў сімвалам сонца, жыцця, прыгажосці і крыві як носьбіту жыцця. Яйкі альбо фарбавалі ў адзін колер і атрымлівалі так званыя “крашанкі”, альбо рабілі “пісанкі”, дэкараваныя рознымі ўзорамі. Гэтыя звычаі вядомы не толькі беларусам, але і ўсім славянам, а таксама некаторым суседнім народам. У вёсках Вілейскага раёна, хаця не так распаўсюджана, але таксама існавалі традыцыі аздаблення велікодных яек. Старажылы ў вёсках распавядаюць, што традыцыйна сяляне фарбавалі яйкі ў чырвоны колер, або ў сям’і, якая пражывае першы памінальны год, яйкі на Вялікдзень зусім маглі не фарбаваць, а ў некаторых выпадках рабіць колер вельмі цёмным, нават чорным. А вось традыцыі пісанак на Вілейшчыне былі ў больш заможных сялян, у шляхты і звязаны яны з тэхнікай васкавання. Для гэтага ўжываўся чысты пчаліны воск, які растоплівалі над агнём і, памачыўшы ў яго шпільку ці цвічок, наносілі на курынае яйка васкавыя кропачкі альбо расцягнутыя кропелькі. Цікава, што некаторыя бабулі апісвалі аздобленыя велікодныя яйкі як “размаляваныя паскамі”, растлумачваючы гэта словам “пас” – палоскамі, якія павінны ісці па яйку, як, напрыклад, спецыяльныя падоўжаныя ўзоры, што даўней аздаблялі саматканыя спадніцы вясковых жанчын – “спадніцы ў паску”.
Велікоднае яйка заўжды выконвала ў народным ўяўленні ролю значнага абярэгу. У некаторых вёсках пасля вяртання з храма адно асвячонае яйка гаспадыня абавязкова клала за абразы. На працягу ўсяго года яно выконвала ролю надзейнага абярэга ад усялякіх непрыемнасцяў: ад хвароб дамачадцаў, сварак у хаце, ад штукарстваў дамавіка, ад маланкі і пажару. Многія бабулі распавядаюць, што такое яйка магло ляжаць тры і болей гадоў і не псавалася. Некаторыя захоўвалі толькі шалупінне ад першага з’едзенага асвечанага яйка. Асабліва выразна роля яйка-абярэга прасочвалася ў абрадах сельскагаспадарчай і жывёлагадоўчай накіраванасці. Адно велікоднае яйка пакідалі для асвячэння зерня ў час засевак. Яго клалі ў сявеньку, з якой звычайна гаспадар выконваў самае першае засяванне. Бралі яйка з сабой у поле, дзе перад пачаткам работы маглі яго з’есці або закапаць у зямлю на ўрадлівасць. Нашы продкі таксама верылі, што выкарыстанне гэтага атрыбута будзе спрыяць захаванню ўраджаю ад маланкі, дажджу і ўсялякіх грызуноў.
Трэба сказаць, што ўвогуле фактычна ва ўсіх святах, якія адзначаліся ў прамежку ад Вялікадня і да Купалля, яйка было адным з асноўных рытуальных атрыбутаў. Але выкарыстоўвалі яйка як абярэг і падчас сямейных абрадаў. Амаль ва ўсіх вёсках Вілейшчыны старыя людзі распавядуць, што даўней на вяселлі абавязковай стравай была смажаная яечня. А гэта таксама сімвал здабытку і плоднасці створанай сям’і. Таксама на вёсцы была традыцыя, калі нараджалася немаўля, то маці давалі найперш выпіць яйка, што было як прыкмета жыцця. І наадварот, яйка было прынята класці ў труну нябожчыку – на дарогу. На Радуніцу кожная сям’я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі і абавязкова з велікодным яйкам, каб аднесці «Божую радасць» памерлым родным.
Пісанкі вілейскага Дома рамёстваў
Падводзячы вынікі, можна адзначыць, што ў велікоднага яйка многа прызначэнняў. З яго пачынаюць разгаўляцца раніцай у Светлае Хрыстова Уваскрасенне. Каб быць прыгожым і здаровым, мыліся вадой, у якую клалі “пісанку” – асвячонае пафарбаванае яйка. Велікодным яйкам “хрыстосаваліся” пры сустрэчы, г. зн. мяняліся ці дарылі адзін аднаму. Яйка выкарыстоўвалі як абярэг дому і двара. Асвячонае чырвонае яйка абавязкова клалі ў мяшок з насеннем. Таксама такое яйка неслі ў поле і на гарод. Лічылася, што ў якасці ўдзячнасці за “святы падарунак” зямля адорыць багатым ураджаем.
Зараз на Вілейшчыне ў вёсцы Ізбіно на базе Вілейскага раённага Дома рамёстваў існуе Музей яйка, дзе сабрана вялікая калекцыя велікодных яек, распісаных у розных тэхніках, у тым ліку і традыцыйных – пісанкі, шкрабанкі. Сучасныя майстры засвоілі традыцыйную тэхналогію роспісу, вырабу фарбавальнікаў для аздаблення яек. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях, святах, такім чынам прапагандуючы агульнабеларускія і мясцовыя традыцыі. А значыць, традыцыі нашых продкаў будуць працягвацца.
Сяргей ГАНЧАР