На мінулым тыдні ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень тэатра – свята прафесійных дзеячаў, аматараў і прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. Вілейшчына, якая заўжды адзначалася даўнімі традыцыямі развіцця аматарскага тэатральнага руху, таксама не абмінула гэты святочны дзень календара.
Свята міжнароднага дня тэатра было насычаным і для самадзейных артыстаў горада, і для юных удзельнікаў з раённай тэатральнай студыі Людвіноўскага сельскага Дома культуры. Але пачнём па парадку.
Калектыў узорнай тэатральнай студыі «Вясёлка» Людвіноўскага Дома культуры 27 сакавіка прыняў удзел у рэгіянальным фестывалі дзіцячых тэатраў «Казкі жыцця», які праходзіў на Стаўбцоўшчыне. У фестывалі ўдзельнічала больш за дзясятак дзіцячых тэатраў Міншчыны, як драматычных, музычных, так і лялечных. Журы ўзначальваў галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» з Маладзечна Мікалай Андрэеў.
– Мы атрымалі масу станоўчых эмоцый, новых уражанняў, – падзялілася з намі дырэктар Людвіноўскага сельскага Дома культуры Лілія Пратасава. – У рамках фестывалю працавала шмат дзіцячых калектываў, пастаноўкі якіх мы з задавальненнем глядзелі: вучыліся, падтрымлівалі, перажывалі. За сваю пастаноўку «Праўда, мы будзем заўсёды?» пісьменніка Сяргея Казлова, вядомага многім па казцы «Вожык у тумане», мы прывезлі з фестывалю 4 дыпломы: адзін – «За лепшае ўвасаблення твора сучаснага аўтара» і тры дыпломы «За лепшую выканальніцкую работу», якімі адзначаны нашы юныя акцёры – Наталля Карніловіч, Антон Буйвід і Сяргей Буйвід.
У гэты ж дзень у Вілейскім Палацы культуры адбыўся тэатральны капуснік «Смяяцца, права, ня грэшна!» Тэатральныя мініяцюры і акцёрскія эцюды былі падрыхтаваны як асобнымі артыстамі, так і гарадскімі і раённымі тэатральнымі калектывамі. Падобныя тэатральныя капуснікі – гэта не толькі спосаб паказаць на сцэне не цэльны спектакль, а пэўнае папуры з любімых акцёрамі нумароў і сцэнак з пастановак, але і падстава для артыстаў больш даведацца адзін пра аднаго, так бы мовіць у нефармальнай абстаноўцы. Бо падчас паказу спектакляў артыстычныя калектывы знаходзяцца ў пэўным напружанні, а падчас капуснікаў, якія навогул прадугледжваюць пастаноўку нумароў самімі артыстамі без дапамогі рэжысёра, акцёры адчуваюць сябе больш свабодна і могуць пагутарыць з калегамі, абмяняцца ўражаннямі. І тое, што ў зале на вілейскім капусніку было не вельмі многа гледачоў, з’яўляецца не самым галоўным фактарам, бо артысты паказваюць свае нумары і для калег, і для сябе ў тым ліку – у гэтым і сэнс капусніка.
І вось вядучыя капусніка – артыстка народнага тэатра і спявачка Алена Саўрук і рэжысёр Вілейскага народнага тэатра Вадзім Шырочын – распачынаюць тэатральны вечар. Яны як «бывалыя» артысты вілейскай сцэны трымаліся з гледачамі вольна і па-сяброўску, што прадугледжвае фармат вечара: расказвалі розныя тэатральныя байкі, дэкламавалі вершаваныя тэатральныя творы і маналогі, запрашалі гледачоў паўдзельнічаць у тэатральнай рэпетыцыі. Першымі на сцэну выйшаў народны тэатральны калектыў Ільянскага сельскага Дома культуры з пастаноўкай пра наведванне сталічнага тэатра жыхарамі вёскі. Гэты калектыў па праву заваяваў любоў вілейскай і не толькі публікі, бо заўжды выконвае яскравыя і поўныя іроніі і гумару нумары, большасць з якіх уласнага аўтарства. Затым сваю сцэнку гледачам падаравалі навучэнцы Вілейскай гімназіі №2, удзельнікі незвычайнага калектыву «Мім-шоу», дзе ўсё перадаецца мовай рухаў і выразамі на тварах. Выступалі ў гэты вечар і пачынаючыя тэатралы са студыі «Таленцікі-2» з фрагментам мюзікла «Тры парасяці» ў пастаноўцы рэжысёра Леаніда Курца. Падчас выступлення Леанід падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі ад працы з пачынаючымі артыстамі.
– Іх гульня, эмоцыі – самыя сапраўдныя, бо дзеці не маюць таго багажа жыцця, які ў пэўнай ступені можа перашкаджаць даросламу акцёру, – адзначыў Леанід Курц. – Вось адзін толькі Аляксандр Балашоў з сярэдняй школы №1, чаго каштуе. У свой час ён добра спяваў, займаўся ў вакальнай школьнай студыі. Затым яго голас стаў “ламацца”, кажучы прафесійнымі тэрмінамі і ён адкрыў у сабе новыя таленты – акцёрскія, выканальніцкія. Яго высока ацаніла журы фестывалю «Светлае Слова», што праходзіў у мінулым годзе ў Вілейцы, а сярод іх былі народная артыстка Марыя Захарэвіч і дыктар, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.
І сапраўды, акцёрская гульня Аляксандра Балашова годна толькі высокіх адзнак, а калі ён выйшаў на сцэну ў сольным нумары з выкананнем байкі, то зал быў у захапленні ад такога маладога даравання. Аляксандру застаецца пажадаць толькі далейшых поспехаў і творчых знаходак.
Парадавалі гледачоў на капусніку і эпізодам з прэм’ернага спектакля Вілейскага народнага тэатра «Зойкіна кватэра» па Булгакаву. На сцэну выходзілі ў той вечар і ўдзельніцы тэатральнай студыі «Натхненне» тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і, трэба адзначыць, што іх дэбют быў больш чым удалым. І гэта не гледзячы на тое, што ў акцёраў гэтай студыі самы лепшы ўзрост – 50+. Радавалі сваімі мініяцюрамі і ўдзельнікі тэатральнай студыі «Жывое слова» гімназіі №1 «Логас», дзе спалучылася тэатралізаванае ўвасабленне і беларускіх народных казак, і баек, і сучасных замалёвак з жыцця моладзі. Было падчас капусніку і чым заняцца гледачам – яны ўдзельнічалі ў тэатральнай рэпетыцыі міні-спектакля «Боршч», і кожны, трэба адзначыць, паказаў сябе амаль прафесійным акцёорам, хоць і ўзрост артыстаў з залы быў ад 10 гадоў і вышэй. І напрыканцы вечара свой бліскучы нумар паказалі ўдзельнікі тэатральнай студыі «НА БІС» пад кіраўніцтвам рэжысёра Аляксандры Лапацкай.
Вечар тэатральнага капусніку адбыўся. Яго атмасфера, тэатралізаваныя нумары і пастаноўкі паказалі вялікі талент і захапленне «Яго вялікасцю Тэатрам» віляйчан ад мала да вяліка. Недарэмна сам «старына Шэкспір» казаў: «Увесь свет – тэатр,а людзі ў ім акцёры». Ну што ж, брава акцёрам!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА і прадстаўлена Людвіноўскім СДК
Фото Алексея КАМИНСКОГО