Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Народны музыка з Вілейкі – адзіны на сёння ў Беларусі самабытны цымбаліст

Народны музыка з Вілейкі Іван Валынец – адзіны на сёння ў Беларусі самабытны цымбаліст.

Раней без Івана Віктаравіча і яго цымбалаў не абыходзілася ні адно вяселле, ні адна ўрачыстасць. Ён граў на вяселлях, паўвёскі збіралася паслухаць.

А сам ён без цымбалаў не ўяўляе свайго жыцця. З таго самага моманту, як дашкольнік Ваня ўпершыню ўбачыў гэты музычны інструмент. Цымбалістамі былі два яго дзядзькі – і мамін брат, і бацькаў. Дзядзька Пеця, родны бацькаў брат, у сваёй вёсцы Дзеракі і наваколлі вядомым музыкам быў. Яго цымбалы вабілі маленькага Ваню, які да школы гадаваўся ў бабулі, а потым ўсе канікулы там праводзіў. Праўда, дзядзька Пеця свае цымбалы глядзеў – пеставаў, і Ваню нават датыкацца да іх не дазваляў. А калі дзядзька ішоў на работу, хлапчук садзіўся за цымбалы і падбіраў мелодыі на слых. Так і вывучыўся. Слых меў адмысловы, як у дзеда Савелія, у бацькі і яго братоў.

Аднойчы дзядзька Пеця вярнуўся дадому з работы раней, чым звычайна. Падышоў да хаты і спыніўся здзіўлены. З няшчыльна зачыненых дзвярэй хаты да яго слыху данёсся перазвон цымбалаў. Адмысловы музыка адразу на слых вызначыў, што не фальшывіць пляменнік. Так і выйшаў хлапчук “з падполля”.

Але свайго інструмента дзядзька Пеця пляменніку так і не даў. Таму давялося Івану самому зрабіць цымбалы. На гэтым інструменце і пачаў іграць спачатку на вясковых танцах і вечарынках, потым – на вяселлях і канцэртах.

– Раней, – успамінае музыка, – кожныя выхадныя запрашалі іграць – то на вяселле, то на юбілей. А потым у моду ўвайшлі гітары, электронная музыка, і на цымбалы забыліся.

Але Іван Валынец на цымбалы не забываецца. Ён выдатна грае на баяне, раней граў на акардэоне і, прызнаецца, любы інструмент мог бы асвоіць. Але найбольшым захапленнем для вілейскага музыкі былі і застаюцца цымбалы. Інструменту, на якім віляйчанін грае зараз, 35 гадоў. Зрабіў іх па заказу Івана Валынца адмысловы майстар Пётра Скабей з Чыжэвічаў. Не адзін галасісты інструмент выйшаў з яго ўмелых рук.

Апошні раз Івана Валынца запрашалі граць на 60-годдзі віляйчаніна. Было гэта год таму. А больш грае для сябе, дома, калі сэрца прагне музыкі. Кожную мелодыю можа сыграць, падбірае на слых.
18 сакавіка Івана Валынца запрасілі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску.

Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства, танцавальны праект “Свае Танцы” і клуб традыцыйнага танца “СІТА” ладзілі там сустрэчу з вілейскім музыкам. Там мы і пачулі, што, аказваецца, такіх самабытных цымбалістаў, якія захоўваюць народныя традыцыі валодання гэтым інструментам, у Беларусі больш няма. Сустрэча прайшла ў форме зацікаўленай размовы, у цэнтры якой быў вілейскі музыка. Ён адказаў на мноства пытанняў, якія тычыліся яго захаплення, жыцця і творчасці. Іван расказаў мне, што спачатку ніякавата сябе адчуваў, апынуўшыся ў цэнтры ўвагі. Але добразычлівая атмасфера мерапрыемства, увага да яго акрылілі. Знайшліся нават ахвотныя прыязджаць у Вілейку і браць урокі ў майстра-музыкі, каб навучыцца граць так, як ён.
А потым на імпрэзе музыка граў. Яго з захапленнем слухалі прысутныя.

Віляйчаніна запрасілі на чарговую сустрэчу ў Беларускі ўніверсітэт культуры, каб выступіць перад студэнтамі. Вярнуўся ён з сустрэчы акрылены, што цікаўнасць да цымбалаў не прапала, імі цікавяцца маладыя людзі.

Наталія ВАЛЫНЕЦ.
Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 52 queries