Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Аўтар з Вілейшчыны прадставіў свае выданні на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстава-кірмашы

Зусім нядаўна ў беларускай сталіцы прайшла XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Дзясяткі тысяч кніг, сотні выдавецтваў і незлічоная колькасць мерапрыемстваў, імпрэз і акцый – усім гэтым была насычана кніжная выстава. Вельмі ганарова і прыемна, што і аўтар з Вілейшчыны Віктар Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 2, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, таксама прадставіў на такім высокім форуме свае выданні.

Свае кнігі Віктар Кажура заўсёды стараецца зрабіць як мага цікавейшымі для ўспрымання ці то дарослымі, ці то зусім маленькімі чытачамі. Вось і кніга, якую прэзентаваў на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе Віктар Віктаравіч, – “Азбука ў вершах і малюнках”, – была адзначана многімі наведвальнікамі і журналістамі, што рабілі агляд самых цікавых выданняў, адной з найбольш захапляльных кніг. І гэта нездарма, бо аўтар прысвяціў гэтую кніжку сваёй унучцы. Яркая, цікавая, насычаная, дасціпна і вобразна дапамагае маленькім дзеткам засвойваць беларускі алфавіт – усё гэта пра выданне Віктара Кажуры. І гэта, канешне ж, ацанілі самыя маленькія наведвальнікі міжнароднай выставы, што прыйшлі ў адзін з дзён да стэнда выдавацтва “Пачатковая школа” на сустрэчу з аўтарам. Па невялічкіх вершах “Азбукі…” малым вельмі зручна вучыць і запамінаць беларускія літары, тым больш, што кніжка аздоблена цудоўнымі малюнкамі Алены Саковіч. Адметна і тое, што прэзентацыя “Азбукі…” далёка не першая, бо выдадзена яна была ў 2014 годзе. Гэта другое выданне, а першы тыраж у тры тысячы экзэмпляраў разышоўся імгненна, таму выдавецтва і зрабіла другое перавыданне.

– На выставе вельмі здзівілі дзеткі з мінскай гімназіі № 16, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Віктар Віктаравіч. – Яны ўсяго першаклашкі, а якія кемлівыя і як валодаюць беларускай мовай! У гульнёвай форме я задаваў ім пытанні – і імгненна атрымліваў адказы. Не кожны з дарослых скажа, што такое патэльня, а яны адразу тлумачылі. Маёй памочніцай на прэзентацыі падчас кніжнай выставы была ўнучачка Ангелінка, якая чытала мае вершы з усёй дзіцячай непасрэднасцю.
Цікава, што першапачаткова “Азбука ў вершах і малюнках” і пісалася для Ангеліны, бо дзядуля вельмі жадаў, каб адкрыццё свету маленькімі ўнукамі пачыналася на роднай мове, праз роднае слова. Немагчыма не адзначыць і шыкоўныя ілюстрацыі таленавітай мастачкі Алены Саковіч, якая быццам бы ажывіла кожную літару, кожнае слова.

Такой насычанай і цікавай была кніжная выстава для нашых віляйчан. Адметна і тое, што тандэм Віктара Кажуры і яго ўнучкі Ангеліны Прохаравай мае працяг. Зусім нядаўна таленавіты дзядуля зрабіў вельмі незвычайны падарунак на дзень народзінаў сваёй унучцы. Віктар Кажура напісаў нізку вершаў і выдаў іх з малюнкамі маленькай ўнучкі – вось гэта сапраўды незвычайны падарунак. Такім чынам, дзядуля падараваў унучцы яе першую кнігу, якую назваў “Хто схаваўся пад лісток?” і,спадзяёмся, не апошнюю. Не раз Віктар Кажура прызнаваўся, што галоўнымі яго музамі з’яўляюцца ўнучка Ангеліна і ўнук Цімафей. Што ж можа быць лепш для росквіту паэтычнага таленту, як не маленькія, непасрэдныя і шчырыя дзіцячыя ўсмешкі.

Хочацца пажадаць: набывайце кніжкі на роднай мове, чытайце іх сваім дзеткам, каб яны ведалі і паважалі родную матчыну мову.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Віктарам Кажурам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 42 queries