Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Складаемыя дабрабыту

На злёце перадавікоў Вілейшчыны, які нядаўна прайшоў у раёне, прыемна было сустрэцца з вельмі многімі героямі маіх матэрыялаў. Шчыра парадавалася за гэтых працавітых людзей, якія сваёй сціплай, як ім здаецца, працай здабылі людскую павагу і пашану.

Юлія Адамовіч прымае віншаванні ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Чабатар і кіраўніка Вілейскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Марыны Вазняк

Калі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар падняліся на сцэну для таго, каб ушанаваць лепшых малаказдатчыкаў раёна, я міжволі паспрабавала адказаць на пытанне: «Хто ж першы?» Справа ў тым, што асабіста ведаю некалькіх прэтэндэнтаў на першынство, сустракалася з імі і расказвала пра іх у газеце. Прагучала прозвішча «Адамовіч», і на сцэну паднялася мілавідная маладая жанчына Юлія з вёсачкі Клесіна, што ў Людвіноўскім сельсавеце. І міжволі нахлынулі ўспаміны.

Гадоў некалькі назад са старшынёй Людвіноўскага (тады яшчэ Касцяневіцкага) сельсавета Наталіяй Шавялёвай мы аб’язджалі вёсачкі, глядзелі, як яны добраўпарадкаваны, знаёміліся з цікавымі людзьмі. Праязджаючы па Клесіна, спыніліся ля вялікага дома, пафарбаванага ў блакітны колер. Памятаю, звярнула ўвагу на малыя архітэктурныя формы ў двары. Значыць, тут жывуць працавітыя і творчыя людзі, якія, відаць па ўсім, маюць малых дзетак (казачная тэматыка тых дваровых упрыгожванняў падказвала гэта).

Так адбылося маё знаёмства з Дзмітрыем і Юліяй Адамовічамі. Ужо ў той час на іх падворку былі каровы, конь, шмат рознай птушкі. І з усім гэтым упраўляўся гаспадар, бо яго маладая жонка тады была цяжарная другім дзіцяткам. Дзмітрый тады расказваў пра сваю маладую сям’ю. Пачыналі, як кажуць, з нуля, ніякай істотнай дапамогі ім не было, разлічвалі толькі на свае сілы. Праўда, з адным пашанцавала – Дзмітрыю ад дзядулі дастаўся гэты вялікі дом у Клесіна, а гэта, вядома, немалаважна. Напачатку маладым гаспадарам было няпроста ў фінансавым плане, таму на вялікія пакупкі бралі крэдыты. Паступова ў гаспадарку набываліся каровы, даільны апарат, электрапастух і многае іншае. Памятаю, з якім інтарэсам гаварыў Дзмітрый пра свае планы, цікавіўся ў старшыні, якія паказчыкі ў іншых малаказдатчыкаў раёна. Ужо тады Адамовічы паставілі перад сабой галоўную задачу – стаць пераможцамі ў раённым конкурсе. І вось яно, збылося…

Ужо пасля хвалюючай урачыстасці мы пагаварылі з Юліяй. Канешне ж, яна была задаволена высокай адзнакай іх з мужам працы на сваёй гаспадарцы. Сёння яны арандуюць зямлю, трымаюць на падворку шэсць кароў, каня, цялятак, індыкоў. Як і ўсе вяскоўцы, шчыруюць на агародзе і ў полі. Асноўны даход зараз ужо мнагадзетнай сям’і (у Адамовічаў падрастаюць другакласніца Аленка, Ільюша, які ходзіць у дзіцячы садок, і дзевяцімесячны Арцёмка) – ад каровак. Вось і зараз, ранняй вясной, усе яны ацяліліся, і гаспадары ўжо здаюць штодня прыкладна 100-120 літраў малака.
– Устаём рана, бо, маючы гаспадарку, не паспіш, – пачала расказваць пра свае штодзённыя клопаты Юлія. – Дзімава справа накарміць жывёлу ды ўсё пачысціць, мая – дойка. Затым гатую снеданне, бо трэба адправіць старэйшых у садок і школу. Зручна, што прыязджае ў вёску школьны аўтобус з суправаджаючым і вязе дзяцей у Людвінова. І пасля заняткаў таксама падвозяць аж да дома.

Маладыя бацькі стараюцца, каб іх дзеці нічым не былі абдзелены, мелі ўсё патрэбнае для вучобы і развіцця. Вось і з сучаснымі камп’ютарам і планшэтамі яны на «ты».

– Любяць таксама, каб увечары я пачытала ім казкі, нешта цікавае расказала, – падзялілася маладая мама. – Разумею, што ўсё гэта важна, таму адкладваю ўсе справы і чытаю, правяраю ў Аленкі ўрокі. Не мульцікамі ж аднымі дзецям жыць…

Юлія падзялілася, што ў іх планах на канікулах абавязкова звазіць дзяцей у Мінск, наведаць аквапарк, цырк ды і ўвогуле паказаць сталіцу. Малыя так чакаюць гэтага.

Расказала Юлія і пра тое, як змяніўся іх быт. У мінулым годзе яны зрабілі сур’ёзны рамонт у доме: памянялі вокны, дзверы, зрабілі з вялікай веранды ўтульны дзіцячы пакой. Для гэтага, праўда, давялося ўзяць крэдыт, з якім ужо разлічыліся. А што ў планах? Адамовічы ўжо падумваюць і пра набыццё машыны, бо яна мнагадзетнай сям’і вельмі патрэбна. Каб усе іх планы збыліся, трэба працаваць, працаваць і працаваць, і гэта Юлія і Дзмітрый добра разумеюць. А ўвогуле, лічаць яны, у вёсцы можна жыць цікава і ў дастатку. Калі не баяцца працы і глядзець на свет цвярозымі вачыма. Вельмі проста і зразумела.

Ірына БУДЗЬКО.

Фота Сяргея ГАНЧАРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 43 queries