Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Прагінацца мы не маем намеру»

На нарадзе 20 студзеня па некаторых унутрыпалітычных пытаннях Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці ў выпадку ўвядзення супраць Беларусі якіх-небудзь санкцый падрыхтаваць меры ў адказ. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Адкрываючы нараду, Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні былі разгледжаны праблемныя пытанні эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. «Ёсць неабходнасць сёння абмеркаваць палітычныя пытанні бягучага моманту. І эканамічныя, і палітычныя пытанні, і многія іншыя ў нас вызначаны, – сказаў ён. – Я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ўсе праграмы і напрамкі дзеянняў вызначаны, удакладнены і не могуць быць ніякім чынам перапрацаваны. Таму што няма той сітуацыі, якая дыктавала б нам неабходнасць нейкіх карэкціровак або карэкцый курсу ў тым ці іншым напрамку».
«Нам трэба яшчэ раз усебакова ацаніць сітуацыю, якая склалася вакол нашай краіны, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў, і вызначыць нашы наступныя дзеянні. Вядома ж, мы не збіраемся хаваць праблемы, якія, магчыма, могуць узнікнуць у сувязі з падзеямі ночы 19 снежня», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ніхто з тых, хто ў курсе гэтых падзей, «не сумняваецца ў тым, што супраць нашай дзяржавы была арганізавана змова».
«Спансіравалі яе замежныя спецслужбы, а ролю выканаўцаў адвялі мясцовым адшчапенцам і жулікам ад палітыкі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, аб некаторых фактах, якія сёння можна абнародаваць у працэсе следства, СМІ ўжо расказалі беларускаму народу. «І гэта яшчэ не канец. І людзі з разуменнем паставіліся да дзеянняў улады, якая рашуча абараніла парадак і дзяржаўнасць», – сказаў ён.
«Наша пазіцыя павінна быць непахіснай. Беларускі народ – гаспадар на сваёй зямлі, і нікому не дадзена права вырашаць за нас, як нам жыць. Неўмяшанне ва ўнутраныя справы – гэта прынцып, прызнаны ўсёй сусветнай супольнасцю. І нават самым моцным і магутным дзяржавам не дазволена яго парушаць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Таму, зыходзячы са сказанага, даручэнне ўраду адно: у выпадку, калі хто-небудзь паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінны неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ні пад каго прагінацца мы не маем намеру, і нахіляць нас нікому не дазволена. І датычыцца гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакіраваць краіну, – будзе гэта асобная група краін або нават Еўрасаюз у цэлым».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Толькі на падставе канкрэтных фактаў і Канстытуцыі краіны мы гатовы, у тым ліку і па падказках збоку, прымаць рашэнні ў Беларусі». «Іншага не дадзена. Калі мы пастаянна будзем дзеля палітыкі ламаць законы і Канстытуцыю, мы зламаем у бліжэйшай будучыні краіну. Аб гэтым сведчыць вопыт многіх дзяржаў», – сказаў Прэзідэнт.
БелТА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries