Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ансамбль танца «Карагод» прыняў удзел у VI моладзевым дабрачынным праваслаўным балі

Ансамбль танца «Карагод» Вілейскай гімназіі №2 пад кіраўніцтвам Ірыны Новік добра вядомы нашым віляйчанам, бо з’яўляецца нязменным удзельнікам амаль усіх гарадскіх, раённых мерапрыемстваў і канцэртаў. І хаця гэта ансабль вучнёўскі, бо ўваходзяць у яго склад навучэнцы гімназіі, якія займаюцца харэаграфіяй на аматарскіх пачатках, аднак узровень прафесійнага выканання кожнага складу «Карагода» заўжды высокі.

Вось і ў чарговы раз ансамбль танца «Карагод» Вілейскай гімназіі №2 у лютым прыняў удзел у VI моладзевым дабрачынным праваслаўным балі «Грамніцы-2018», прысвечаным 630-годдзю горада Маладзечна. Баль, які праходзіў у малой зале Палаца культуры Маладзечна, сабраў шмат харэаграфічных калектываў і проста аматараў танца.

– Для нашага калектыву, ансамбля танца «Карагод», – распавяла кіраўнік Ірына Новік, – гэта вельмі важная і трапяткая падзея, паколькі прымаць удзел у мерапрыемстве стала добрай традыцыяй. У гэтым годзе мы былі на свяце ў пяты, юбілейны раз. На балі пануе асаблівая атмасфера, якую стварае і этыкет, і адносіны ў пары, і нябачная воку аўра набліжэння вясны. Танец – хоць класічны венскі вальс, хоць мазурка з багемскай полькай – гэта не толькі тэхніка, ў танцы раскрываюцца многія грані характару дзяцей і дарослых.

І сапраўды, такія мерапрыемствы вельмі важныя для сучаснай моладзі – гэта магчымасць пазнаёміцца з культурай гістарычных танцаў, паслухаць добрую музыку, вершы, вывучыць старонкі гісторыі роднага краю. Удзельнікі ансамбля танца «Карагод» прадставілі на балі пастановачныя нумары розных танцавальных стыляў – вальсы і вянок беларускіх танцаў, а таксама з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх гульнях, танцах, дапамагалі ўдзельнікам балю развучваць танцы «рэгтайм» і «бранль».

– Для нас таксама стала добрай традыцыяй, – прадаўжае Ірына Новік, – супрацоўнічаць з маладзечанскім дударом Сяргеем Яруком. У гэтым годзе мы сумесна выконвалі шатландскі танец. А асабліва хочацца адзначыць, што і дэбютанты, і прафесіяналы, хоць раз патрапіўшы на баль, даюць сабе слова праз год завiтаць сюды яшчэ раз.

Няхай гэта добрая і святочная традыцыя працягваецца яшчэ доўгія гады.

Сяргей ГАНЧАР.
фота прадстаўлена Ірынай НОВІК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 130 queries