Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вучоба вучобай, а абед – па раскладзе

Так-так, а ён – па раскладзе. Так звычайна кажуць людзі, якія надаюць харчаванню належную ўвагу, усведамляючы яго важнасць для арганізма. Асабліва для юнага, які расце, скача, бегае, вучыцца… Таму дальнабачныя (і, безумоўна, клапатлівыя) бацькі ўдзяляюць харчаванню сваіх сыноў і дачок сур’ёзную ўвагу.

Кожны з нас, хто меў ці мае зараз дзяцей-школьнікаў, ведае, як часта даводзіцца ледзь не прымушаць іх абедаць у сталоўцы. Ім бы сасіску ў цесце ці чыпсы, а вось салата, суп ці каша з мясам адыходзяць на другі план. Трэба сказаць, што іншы раз падлеткам удаецца пераканаць бацькоў у тым, што ім дастаткова проста перакусаў у школе. Між тым, кожны з дарослых абавязаны ведаць, што харчаванне школьніка павінна быць разнастайным. Спецыялісты адзначаюць, што ўсе прадукты, якія неабходны дзецям, дзеляцца на пяць асноўных груп: хлеб, крупы і макаронныя вырабы; гародніна, фрукты, ягады; мяса, птушка, рыба, бабовыя, яйкі і арэхі; малочныя прадукты і сыры; тлушчы, масла, салодкія ласункі. Прадукты кожнай з гэтых груп павінны ўваходзіць у штодзённае меню дзіцяці ці падлетка, толькі ў такім выпадку яго арганізм атрымлівае поўны набор неабходных харчовых рэчываў. Здавалася б,усё гэта – прапісныя ісціны, аднак, як высвятляецца, нагадваць іх зусім не лішняе не толькі дзецям, але і іх бацькам.

На днях я пабыла на бацькоўскім сходзе ў трэцяй гарадской школе. «Вучоба вучобай, а абед – па раскладзе» – такую назву насіла сустрэча, таму, думаю, не трэба тлумачыць, пра што ішла размова. Дырэктар школы Мікалай Гіро, яго намеснік Раіса Буслаўская, тэхнолаг Вольга Шашок, повар Ала Завадская, прадстаўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Будзько выступілі перад бацькамі вучняў другіх-чацвёртых і шостых класаў, адказалі на іх пытанні. Прыемна было чуць інфармацыю, што праца ўсяго калектыву, адказнага за харчаванне ў школе, накіравана на тое, каб яно было паўнацэнным, карысным, недарагім і, канешне ж, смачным. Вось і звыклыя стравы беларускай кухні накшталт дранікаў даволі часта з’яўляюцца ў меню. Дарэчы, як адзначыла намеснік дырэктара школы Раіса Буслаўская, у школе вельмі смачна гатуюць, і гэта адзначаюць многія. А харчуецца тут штодзённа болей за пяцьсот чалавек. Можна ўявіць, якую вялікую работу выконвае невялічкі калектыў у шэсць чалавек, што працуе на школьнай кухні.

Вельмі прыемна было слухаць, бадай, галоўнага чалавека, дзякуючы прафесіяналізму якога стравы атрымліваюцца смачнымі і карыснымі, – Алу Завадскую, шэф-повара школьнай кухні (на здымку). Яна расказала пра работу і клопаты харчблока, нават адкрыла сакрэт свайго майстэрства. На пытанне, чаму стравы атрымліваюцца смачнымі, Ала Чаславаўна з усмешкай растлумачыла: «Таму што мы любім сваю работу, выконваем яе з душой».

Цікавым і карысным для бацькоў было выступленне тэхнолага Вольгі Шашок. Яна расказала, як складаюцца рацыёны харчавання дзяцей, адзначыўшы, што ўсё робіцца па нормах, прадугледжаных заканадаўствам. Вольга Мікалаеўна растлумачыла, чаму ў харчаванні школьнікаў не месца маянэзу ці каўбасам і дала канкрэтныя рэкамендацыі бацькам па пытаннях здаровага харчавання.

Адной з узорных у частцы дзіцячага харчавання ўстаноў назвала школу № 3 Кацярына Будзько. Бацькі не павінны хвалявацца за якасць страў, якія тут прапаноўваюцца дзецям, адзначыла Кацярына Генадзьеўна, – з гэтым у школе ўсё ў парадку. Але ж як пераканаць у гэтым сваё дзіця?
– Сядзьце з ім разам і спакойна, як з дарослым, пагаварыце пра важнасць харчавання, у тым ліку і школьнага, для яго арганізма, – параіла ўрач. – Растлумачце, што з гэтым неразрыўна звязаны здароўе дзіцяці, яго поспехі ў школе, выбар прафесіі і, што немалаважна, яго знешні выгляд. А яшчэ вельмі важна і самім бацькам правільна харчавацца, весці здаровы лад жыцця, і тады будзе ў дзяцей перад вачыма яркі прыклад.

За час гэтага надзвычайна карыснага ўрока бацькам было данесена столькі інфармацыі, што, думаецца, пытання «харчавацца ў школьнай сталоўцы ці не?» у іх нават не ўзнікне. «Так» – адкажуць бацькі, «так» – услед за імі паўтораць дзеці.

У канцы сустрэчы бацькам прапанавалі экскурсію ва ўтульную школьную сталовую, дзе харчуюцца вучні. Прастора, чысціня, зладжаныя дзеянні работнікаў кухні і юных памочнікаў-дзяжурных і пах толькі што прыгатаваных дранікаў – усё гэта разам пакінула вельмі светлае і па-дамашняму цёплае ўражанне. І гэта самае галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries