Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім музеі адбылося адкрыццё выставы ўнікальных фотаздымкаў шляхецкага роду Бароўскіх

У выставачнай зале вілейскага краязнаўчага музея 23 лютага адбылося адкрыццё выставы ўнікальных фотаздымкаў шляхецкага роду Бароўскіх «Пад гербам Ястржэмбец». На выставе прадстаўлена больш за 50 фотаздымкаў з сямейнага альбома Бароўскіх, на якіх можна ўбачыць радавыя маёнткі Юнцавічы і Лукавец, партрэты, сямейныя фотаздымкі і сцэны з жыцця шляхты на Вілейшчыне. Прадстаўленыя на выставе здымкі адабраныя з некалькі соцень фотаздымкаў, зробленых на працягу 1901-1939 гадоў, што зараз захоўваюцца ў нашчадкаў.

Арганізатарам выставы выступіла вілейская суполка Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага і краязнаўчы музей. Першымі наведвальнікамі выставы сталі краязнаўцы і аматары гісторыі, бо атмасфера, што панавала падчас мерапрыемства,была сяброўская,і адразу адчувалася, што кожны з прысутных добра ведае адзін аднаго. Унікальныя фотаздымкі для старшыні вілейскай краязнаўчай суполкі Дзяніса Канецкага прадставіла адна з нашчадкаў роду юнцавіцкай і лукавецкай лініі Бароўскіх – Катажына Атвіноўска, унучка апошняга ўладальніка Юнцавіч Казіміра Бароўскага. Яна перадала шэраг сямейных фотаздымкаў пачатку – першай паловы ХХ стагоддзя.

Адкрыў мерарыемства куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Віктар Тонкавіч, які падчас арганізацыі выставы падрабязна вывучыў радавод Бароўскіх і распавёў усім прысутным пра генеалогію старажытнага шляхецкага роду, яго паходжанне і шляхецкі герб. Дарэчы, фрагмент радавога герба, які размяшчаўся ў лукавецкім маёнтку Бароўскіх, захаваўся да нашых дзён у школьным музеі Залескай школы і быў прадстаўлены гледачам на выставе. Затым слова ўзяў Дзяніс Канецкі, старшыня вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага. Ён распавёў пра дзейнасць краязнаўчай суполкі і пра тое, што падобная выстава не першая, а яшчэ ў 2012 годзе суполкай была зладжана выстава фотаздымкаў шляхецкіх маёнткаў з прыватнай калекцыі Анатоля Парахневіча.

– Зараз мы маем магчымасць, дзякуючы наладжаным сувязям з нашчадкамі шляхецкага роду Бароўскіх, бачыць і яшчэ адзін унікальны пласт гісторыі нашага раёна, – адзначыў Дзяніс Канецкі.

Пра сваё знаёмства з Катажынай Атвіноўскай і пра цікавыя дакументы роду Бароўскіх і Бахдановічаў расказаў усім прысутным ксёндз Анатоль Парахневіч. Яго веды і багатая краязнаўчая калекцыя дакументаў і фотаздымкаў мае вялікую каштоўнасць для гісторыі раёна.

Пра аднага з выбітных прадстаўнікоў шляхецкага роду Бароўскіх, што нарадзіўся на Вілейшчыне – генерал-маёра Рускага Імператарскай флоту і контр-адмірала польскага флоту Міхала Бароўскага – распавёў прысутным Андрэй Каркотка, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея. У спадчыну ад Міхала Бароўскага застаўся ўнікальны архіў фотаздымкаў, які беражліва захоўваецца ў Цэнтральным ваенна-марскім музеі Расіі. А яго фотаздымкі, прысвечаныя падзеям руска-японскай вайны, ужо сталі хрэстаматыйнымі. Наогул, з роду Бароўскіх выйшла цэлая плеяда знакамітых дзеячаў культуры, мастацтва, ваеннай справы, палітыкі, што вядомы ва ўсім свеце.

Падчас адкрыцця выставы свае вершы і песні выканаў вядомы на Вілейшчыне паэт і музыкант Уладзімір Цанунін. А мастак Эдуард Мацюшонак напрыканцы сустрэчы падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад выставы, якія вельмі дакладна адлюстроўваюць неацэнны ўклад падобных падзей і знаходак для вяртання гістарычнай памяці Вілейскага раёна.

– Аналагавыя фотаздымкі ў параўнанні з сучаснымі лічбавымі маюць асаблівую адметнасць, – адзначыў Эдуард Уладзіміравіч. – Калі мы разглядаем сучасны фотаздымак, дзе, напрыклад, чалавек стаіць на фоне Эйфелевай башні, то можна засумнявацца – гэта сапраўды было ці гэта фотамантаж. А аналагавы здымак не можа даць падманнае ўражанне – гэта жывая гісторыя і ты нават адчуваеш позірк чалавека з фотаздымку. Ты разумееш, што на цябе глядзіць час. Прадстаўленыя фотаздымкі – унікальныя. Яны ўяўляюць сабой цэлы пласт нашай гісторыі. Гледзячы на гэтыя фотаздымкі, на навакольную прыгажосць, разумееш, што чалавек жыве і стварае той свет, які ў яго душы. Пазнаючы гісторыю кожнага шляхецкага роду Вілейшчыны, разумееш, што свет іх душаў быў прасякнуты верай і любоўю да сваёй сям’і, сваёй Айчыны.

Унікальныя фатаграфіі шляхецкага роду Бароўскіх будуць экспанавацца ў выставачнай зале музея да 7 сакавіка.

Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries