У рамках тыдня роднай мовы ў вілейскай гімназіі №2 адбылася літаратурная сустрэча настаўнікаў установы адукацыі і яе вучняў з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У госці прыехалі Ірына Карнаухава, паэтэса, член беларускага саюза музычных дзеячаў, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці «Жывіца», Яўген Пясецкі, вядучы фотакарэспандэнт газеты “Звязда”, Бажэна Мацюк, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза і Алена Сугака, загадчык рэдакцыі часопіса “Пачатковая школа”.
Прысутныя з цікавасцю паслухалі выступы пісьменнікаў. Госці чыталі свае вершы і шмат гаварылі пра паэзію. Напрыканцы было выказана ўзаемнае пажаданне часцей сустракацца – каб разам ісці да вершаванага слова і да мовы ў цэлым.
Пазней Віктар Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №2, прапанаваў паслухаць Алену Сугака, якая распавяла пра выданне “Пачатковая школа”.
– Мы ганарымся, што часопіс “Пачатковая школа” быў і застаецца нашым памочнікам, – адзначыў Віктар Віктаравіч. – Яго творчы калектыў увесь час працуе на карысць свайго пастаяннага чытача.
– Так, кожны год мы пашыраем тэматыку артыкулаў, укараняем новыя формы падачы матэрыялаў, усё шырэй выкарыстоўваем інфармацыйныя тэхналогіі, – дапоўніла Алена Сугака. – Сёння часопіс – гэта сапраўды прагрэсіўнае выданне. Сярод педагагічных выданняў краіны больш няма штомесячных часопісаў з мультымедыйным дадаткам. Мы стараемся збіраць самае неабходнае для кожнага настаўніка пачатковай школы, для бацькоў і вучняў. Ёсць PDF-версія часопіса з каляровымі малюнкамі і фотаздымкамі, карткі для групавой і індывідуальнай работы, прэзентацыі, слайд-шоу, музыка, у відэафармаце – віртуальныя падарожжы ў прыроду і па гістарычных мясцінах нашай цудоўнай краіны, сустрэчы з пісьменнікамі, трэнажоры для адпрацоўкі навыкаў пачаткоўцамі.
– Таму спадзяюся, што пасля сённяшняй сустрэчы кола нашых чытачоў толькі павялічыцца, – дабавіла ў канцы загадчык рэдакцыі часопіса.
Кацярына КАРПІК.
Фота аўтара