Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

13 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава

13 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава – савецкага і беларускага партыйнага лідара, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, легендарнага партызана, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы… У памяці нашых віляйчан, як і ў многіх беларусаў, Пётр Міронавіч Машэраў назаўжды застанецца ўзорам чалавека, адданага сваёй радзіме, сціплага кіраўніка, які сваімі справамі, сваім жыццём пакінуў яркі след у гісторыі і памяці беларусаў. Усё жыццё Пятра Машэрава было прасякнута самым цёплым клопатам пра родную зямлю і людзей. Герой-партызан, ён ўмеў размаўляць і са знакамітасцямі і навукоўцамі, і з простымі рабочымі ў полі.

Гераічныя старонкі ваеннай біяграфіі і пасляваеннай дзейнасці Пятра Машэрава цесна звязаны і з Вілейскім раёнам. На Вілейшчыне жыве памяць пра гэтага легендарнага чалавека. Тут ён змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, тут ён працаваў пасля вызвалення Беларусі, тут ажаніўся і тут нарадзілася яго дачка Наталля. Машэраў назаўсёды застанецца родным для віляйчан. Ён ніколі не забываў аб Вілейскім раёне, часта бываў тут і лічыў гэтыя мясціны сваімі.

Нарадзіўся Пётр Машэраў 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Цікава, што, згодна з сямейным паданнем, пра-прадзед будучага партыйнага лідара быў французскі салдат па прозвішчы Машэра. Па іншай версіі, такую мянушку ён атрымаў з-за таго, што часта паўтараў «мон шэр», гэта значыць «мой дарагі». Распавядаюць, што француз удзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, атрымаў раненне, і яго выхадзіла беларуская сялянка Сенненскага павета Магілёўскай губерні. На ёй салдат пасля ажаніўся і прыняў праваслаўе. Менавіта гэтую гісторыю распавядаюць і сёння ў сям’і Машэравых.

У дзень 100-годдзя Пятра Машэрава каля будынка па вуліцы Партызанскай,44, на якім размяшчаецца мемарыяльная дошка выбітнаму беларусу, сабраліся тыя, хто ведаў і працаваў з ім і ў яго час, хто шануе і зберагае памяць аб гэтым вялікім чалавеку.

– Гэта памятная дошка была ўсталявана на месцы будынка, дзе працаваў пасля вайны Пётр Міронавіч, – пачаў свой аповед Яўген Ігнатовіч, былы старшыня раённага Савета дэпутатаў. – Яго светлы вобраз на граніце па-мастацку змог перадаць архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг, які распрацаваў гэтую памятную дошку. Віляйчане памятаюць і ганарацца тым, што тут партызаніў і працаваў будучы першы сакратар ЦК камуністычнай партыі Беларусі. У нашым горадзе ёсць мемарыяльная дошка, яго імем названа адна з вуліц горада, а на Алеі Герояў пасаджана рабіна ў гонар Пятра Машэрава.

– У Вілейскім краязнаўчым музеі ў экспазіцыі мінулых гадоў і цяпер заўжды размяшчаліся матэрыялы, звязаныя з партызанскім рухам і пасляваеннай дзейнасцю Пятра Машэрава, – адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. – На вялі жаль, маладое пакаленне ўсё менш і менш ведае старонкі сваёй слаўнай гісторыі, хаця і на класных гадзінах у школах, і падчас экскурсій у музеі мы як мага больш распавядаем пра гісторычныя падзеі, у тым ліку і пра дзейнасць на Вілейшчыне Пятра Машэрава. Многія віляйчане памятаюць і прыезд да нас у горад жонкі і дачкі Пятра Міронавіча на вечарыну памяці ў наш краязнаўчы музей.

Пасля ўскладання кветак і аддання павагі, усе прысутныя перайшлі ў Вілейскі цэнтр эстэтычнага выхавання. Тут, ва ўтульнай зале цэнтра, размова прадоўжылася, прысутныя падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Пятра Машэрава.

– Неабходна памятаць і шанаваць тых людзей, што цяжкімі намаганнямі здабылі нам Перамогу, мірнае жыццё для будучых пакаленняў і адбудоўвалі нашу Беларусь. Пётр Машэраў сярод такіх людзей, – зазначыла на сустрэчы старшыня ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева. – Я з дзяцінства памятаю Пятра Міронавіча, ён неаднаразова заязджаў да майго бацькі дадому і заўжды нам, дзецям, прывозіў цукеркі. Урэзалася ў памяць і сцэна, калі Машэраў, закатаўшы да калена штаны, касіў разам з маім бацькам – у сялянскай рабоце, якую ведаў і любіў, ён знаходзіў адпачынак. Магчыма, таму ён заўжды лёгка занаходзіў адну мову з любым простым рабочым.
Цікавыя старонкі біяграфіі, звязаныя з Машэравым, расказала ўсім прысутным і Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік музея. Вольга Аляксандраўна паказала копію тэлеграмы ад Пятра Міронавіча віляйчанам, арыгінал якой захоўваецца ў фондах музея, і ў якой ён дзякаваў за шчырыя віншаванні з нагоды свайго юбілею. А таксама кожны змог патрымаць і копію таго пісьма, які Машэраў пісаў у 1944 годзе, дзе падаецца апісанне нашага горада, яго страшэннае разбурэнне. Дарэчы, па ўспамінах старажылаў, пасля прыезду ў Вілейку Пётр Машэраў адразу размясціўся на хутарах у Порсе, затым крыху жыў у доме па сучаснай вуліцы Партызанскай, а пасля прыезду Паліны Андрэеўны, з якой яны і распісаліся ў Вілейскім ЗАГСе, сям’я Машэравых пасялілася ў захаваўшымся да нашага часу доме па вуліцы Чырвонаармейскай (першы каля ўезду на тэрыторыю бальніцы з вуліцы Чырвонаармейскай вялікі драўляны дом цёмна-чырвонага колеру). У красавіку 1944 года ў Вілейцы нарадзілася і дачка Машэрава Наталля.

Сваімі ўспамінамі пра той дзень, калі стала вядома, што Пётр Машэраў загінуў, і якое гэта было пачуццё страты для ўсёй дзяржавы, з прысутнымі падзяліўся і Станіслаў Сінельнікаў. У тыя часы Станіслаў Пятровіч працаваў сакратаром партыйнага камітэта Мінскага механічнага завода імя С.А. Вавілава.

– Гэта быў чалавек, які “хварэў” за сваю справу, – асабліва адзначыў Станіслаў Сінельнікаў. – Трэба як мага больш распавядаць маладому пакаленню аб гэтым выдатным чалавеку і яго ўнёсак у развіццё Беларусі.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя праглядзелі фільм пра Пятра Машэрава, які быў створаны віляйчанамі да 90-годдзя выдатнага партызана і палітычнага дзеяча Беларусі. І хоць, сапраўды, час ідзе наперад, Героі павінны быць у памяці кожнага наступнага пакалення, бо гэта наш святы абавязак перад імі і будучыняй нашай краіны. А віляйчане памятаюць Пятра Міронавіча Машэрава і ўдзячны лёсу за тое, што і Вілейшчына была часткай яго жыцця…

Сяргей ГАНЧАР.

фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries