Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”

Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”. Так называецца калектыўны паэтычны праект, падрыхтаваны трыма аўтарамі – Ірынай Карнаўхавай, Марынай Шапавалавай і Юрасём Нератком. Кніга “Заблытаўся сярод навін…” – нечаканая і новая з’ява ў нашай літаратуры, якую можна аднесці да эксперыментальнай паэзіі. Бо гэты праект з’яўляецца творчым рэагаваннем паэтаў на стужку навін пэўнага прамежку часу.

Да густу прыйдзецца аматарам паэзіі і афармленне, і гумарыстычная інтэрпрэтацыя матэрыялу, і змест зборніка, нягледзячы на тэматычную разнапланавасць знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў. А навін многа. Як, да прыкладу: “На Камчатке открылся снежный отель”, ці “Пингвин ежегодно приплывает за 8 тысяч километров к человеку, который 5 лет назад спас ему жизнь”, ці “В руке бъется чужое сердце. Молодой врач в Марьиногорской районной больнице в одиночку провел сложную операцию”. (Усе 52 знойдзеныя ў інтэрнэце навіны поўнасцю можна прачытаць у канцы зборніка, каб склалася праўдзівае ўяўленне пра кнігу і яе аўтараў).

А тэматычная разнастайнасць патрабавала і жанравай разнастайнасці вершаў-водгукаў: ад высокай грамадзянскай і філасофскай лірыкі да лірычных замалёвак і саркастычна-гумарыстычных вершаў. А “вывад-вынік” Юрася Нератка быў своеасаблівым афарызмам пасля жаночых “охаў-ахаў”: па-мужчынску дакладны, кароткі, часам – жорсткі.

Відавочная двухмоўнасць зборніка. Але гэта – толькі на карысць для шырокага кола чытачоў.

І, нарэшце, хто ж яны, якія “заблыталіся сярод навін”? А проста –  харошыя людзі, шчырыя сябры і таленавітыя паэты (ды яны самі раскажуць пра сябе, варта толькі адгарнуць 128 старонку кнігі).

Віктар КАЖУРА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries