Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В столице прошла персональная выставка Эдуарда Матюшонка «Адчуванне сябе»

Выставы нашага знакамітага мастака Эдуарда Мацюшонка заўжды сапраўдная падзея ў культурным жыцці Вілейшчыны. Але ў апошні дзень студзеня да цудоўнага мастацтва і свету вілейскага жывапісца далучыліся і мінчане, бо змаглі наведаць творчую сустрэчу, якая прайшла па-хатняму ўтульна і душэўна, амаль камерна, у мінскім літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў рамках персанальнай выставы Эдуарда Уладзіміравіча «Адчуванне сябе».

Мастацтва Эдуарда Мацюшонка – гэта цэлы своеасаблівы адметны сусвет, яго філасофія жыцця, якой ён праз мастацкія палотны імкнецца падзяліцца з усімі. Яго карціны вельмі розныя, але іх аб’ядноўвае адно – адчуванне сябе ў гэтым свеце, любоў да роднай зямлі, да часам стрыманых і някідкіх краявідаў, але такіх блізкіх душы кожнага, хто захоўвае ў памяці мясціны свайго дзяцінства, сваю малую радзіму, тыя бестурботныя гадзіны маленства і юнацтва. Творы Эдуарда Мацюшонка аб’ядноўвае любоў да сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны, сваёй гісторыі. І гэта адчулі ўсе, хто ў апошні студзеньскі вечар прыйшоў на яго персанальную выставу ў Мінску. Невялічкая, але ўтульная зала музея была запоўнена аднадумцамі і прыхільнікамі таленту мастака, яго блізкімі, былымі вучнямі, сябрамі дзяцінства, яго калегамі.

Здавалася, што нават сама атмасфера дома Коласа спрыяла таму яднанню, якое адчуваў кожны ў той момант, калі мастак распавядаў пра свае карціны, пра тую філасофію, якую ён хацеў данесці да нас, можа,часам патанаючых у моры жыццёвай мітусні, штодзённых праблем і клопатаў, забываючых пра прыгажосць таго навакольнага свету, які падараваў нам Усявышні, пра тыя карані, што трымаюць нас на гэтай зямлі, пра тое, як мы павінны быць удзячны нашым продкам, каго таксама ўспамінаем не так часта…

На выставе Эдуарда Мацюшонка прысутнічала шмат творчых і выбітных беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, сярод якіх былі наш зямляк, вядомы беларускі скульптар, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў, рэжысёр і вядучы Беларускага радыё Алег Вінярскі, адзін з лепшых паэтаў-сучаснікаў віляйчанін Уладзімір Цанунін, прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары на чале з Галінай Калюжнай, наша зямлячка,дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь,Наталія Жыбуль і шмат іншых ганаровых гасцей.

2018 год адметны для літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе адкрылася выстава нашага земляка, бо адзначаны творчымі коласаўскімі юбілейнымі датамі: 100-годдзем напісання паэмы «Сымон-музыка» і 95-годдзем паэмы «Новая зямля». Нездарма ўступам-адкрыццём святочнай імпрэзы ў рамках выставы Эдуарда Мацюшонка стаў урывак з сапраўднай энцыклапедыі сялянскага жыцця – паэмы «Новая зямля», прачытанага Алегам Вінярскім. Затым гаспадыня дома Коласа, дырэктар музея Зінаіда Камароўская,распачынаючы вернісаж ,адзначыла:

– Выстава Эдуарда Мацюшонка адкрывае новы выставачны год і,гледзячы на тое, які поспех мае гэта імпрэза, якую цікаваць выклікае ў мінскага наведвальніка, можна спадзявацца, што наш музейны год будзе такім жа паспяховым, насычаным і плённым.

Далучыўся да віншаванняў з нагоды адкрыцця выставы і Уладзімір Слабодчыкаў, які адзначыў вялікі талент Эдуарда Мацюшонка і асаблівую рысу яго творчасці – уменне праз сваё мастацтва перадаваць усе тонкія адметнасці хараства беларускай прыроды, чалавека і нашай гісторыі. А прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары разам з Галінай Калюжнай падаравалі мастаку альбом з захаванымі ўзорамі народнай украінскай вышыўкі і выказалі спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва ў арганізацыі сумесных дзіцячых пленэраў, што адбываюцца на Вілейшчыне, радзіме гетмана Украіны, аўтара першай украінскай Канстытуцыі Піліпа Орліка.

Эдуард Уладзіміравіч, хоць і адкрыў ужо тры дзясяткі сваіх персанальных выстаў, але ў той вечар адзначыў, што вельмі хвалююча і ў той жа час вельмі ганарова праводзіць выставу ў мемарыяльным доме-музеі Коласа, за што ўдзячны арганізатарам і кіраўніцтву ўстановы.

І вось надышоў час распачынаць выставу, слова прадстаўляюць мастаку… Свой экскурс Эдуард Мацюшонак пачаў з карціны «Бацькам прысвячаецца», якая як мага больш звязана з тэмай выставы. Сюжэт гэтага твора вельмі асабісты, але не толькі для мастака, а і для кожнага з нас. У цэнтры карціны маленькі хлопчык, увесь прасякнуты святлом, зыходзячым ад бацькі, які сядзіць насупраць. Гэта святло пазнання, мудрасці пакаленняў, усяго таго дабра, што даюць нам бацькі. Сілуэт жа бацькі як быццам раствараецца ў зорным небе, якое навокал, ды і самі зоркі, быццам прасвечваюцца праз постаць ужо сталага чалавека. Здаецца, вось-вось яшчэ адной зоркай на небасхіле стане больш – у нябыт адыдзе яшчэ адзін прадстаўнік роду чалавечага. Але закончыцца толькі яго матэрыяльнае існаванне на зямлі, а ў духоўным свеце ён здабудзе вечнае жыццё. За спінай маленькага хлопчыка вялікая, поўная таямнічага святла,планета – як сімвал планіды чалавека, канцэнтрацыя энергіі і векавых традыцый, ведаў продкаў, што сталі яго нябеснымі заступнікамі. Большую эмацыянальнасць гэтаму твору надае і тое, што хутка споўніца гадавіна з таго часу, як не стала бацькі мастака, які таксама, як і мінулыя продкі, насычаў і фарміраваў духоўны свет будучага мастака.

– Мая выстава мае назву «Адчуванне сябе», – пачынае экскурс Эдуард Уладзіміравіч, – і па маіх ўяўленнях, кожны чалавек павінен адчуваць сябе ў гэтым свеце, кожны павінен адчуваць час, у якім ён жыве, не скардзіцца ці наракаць на свае ўмовы і становішча, а мець адчуванне сябе ў гэтым часе. Тады і будзе сэнс жыць, куды накіроўвацца далей. Наступная мая карціна, адна з цэнтральных на гэтай выставе, – «Каўчэг». Яна выканана на палатне, на тонкім кужалі, які выткала сваімі рукамі мая матуля, а рама для галоўнай карціны і некалькіх складаючых – з дошак той бацькоўскай хаты, дзе яна жыла яшчэ дзяўчынкай, з дошак старога стала, на якім рэзалі хлеб, за якім адзначалі святы, гаманілі пра жыццё, пра вясёлае і не надта, словам, проста жылі.
– На цэнтральнай карціне адлюстравана вясковая хата з тымі тканымі і вышыванымі ручнікамі, што ахінаюць хатнія абразы, з узорыстымі настольнікамі, што пакрываюць стол, з квяцістымі посцілкамі на самаробных ложках, з паласатымі ходнікамі, засланымі на падлозе – з тым, што было ў кожнай вясковай сям’і. На самаробнай канапе сядзяць дзве жанчыны, за іх спінамі маляваны дыван Язэпа Драздовіча, які не раз бываў у гэтай хаце. Побач з галоўнай карцінай невялікія карціны з намаляванымі прадметамі-вобразамі даўнейшага жыцця: ключом ад вялікага вясковага куфра, вялікім металічным прасам на вуглях, старым люстэркам з усё той жа вясковай хаты і іншае.
– Гэта мой каўчэг, у які я заўжды вяртаюся ў думках… Я пішу шмат матываў з сялянскага жыцця нашых дзядоў і прадзедаў, пішу вясковыя хаты, каб аберагалася «хата духоўная». Я распавядаю пра свой род, а вы павінны бачыць свой род, – зазначыў Эдуард Мацюшонак.

Кожная прадстаўленая на выставе карціна – гэта цэлы аповед пра нашы адносіны з продкамі, пра духоўны свет, пра нашу адметную гісторыю, незабыўныя краявіды. Сярод прадстаўленых на выставе карцін ёсць твор, які прысвечаны аднаму з адметных мастакоў Беларусі, які, па прызнанні сусветнай супольнасці, зрабіў вялікі ўнёсак ў развіцце сусветнага жывапісу. Гэта зараз ён шануецца, а пры жыцці – гэта быў чалавек-дзівак, які не меў сваёй хаты, хадзіў па вёсках, маляваў дываны, навучаў дзяцей, распавядаў пра людзей на Марсе і Сатурне, збіраў фальклор, замалёўваў архітэктуру беларускіх вёсак і гарадоў, даследаваў археалагічныя курганы і многае іншае. Гэта – Язэп Драздовіч.

– Ён ахвярна аддаў сваё жыццё на карысць мастацтву. Мы ім зараз ганарымся: маем помнік у Мінску, называем яго імем вуліцы, выдаюцца вялікія манаграфіі па даследаванні яго жыцця і творчасці, а быў час, калі яго пахавалі, завярнуўшы ў палатно, бо нават не было яму дамавіны… Ён ішоў да людзей, каб несці мастацтва, а не зарабляць на гэтым грошы, – адзначыў, характарызуючы постаць гэтага вялікага беларуса, Эдуард Мацюшонак.

Творчы вечар Эдуарда Мацюшонка быў прасякнуты высокай духоўнай культурай яго твораў, і кожны з прысутных імкнуўся ўзяць за гэты кароткі час хоць крышку ад філасофіі жыцця гэтага вялікага чалавека. Шмат цёплых і шчырых слоў было сказана на выставе ў адрас мастака.
– “Здаецца, што мастак стварыў душою, а не рукою гэта палатно”,– працытаваў верш-прысвячэнне мастаку Уладзімір Цанунін.

– Наша чалавечае жыцце складаецца з думак, учынкаў і сустрэч з людзьмі. Мне вельмі пашанцавала, што ў маім жыцці было знаёмства з такім адметным чалавекам, – адзначыла Наталія Жыбуль, былы дырэктар гімназіі № 1 «Логас», дзе працуе Эдуард Мацюшонак.

– Слухаючы Вас, адразу пераносішся ў сваё дзяцінства, юнацтва. А гледзячы на Вашы палотны, кожны зараз змог сабе сказаць нешта тое, што хаваў далёка ў душы, нешта патаемнае і хвалюючае. Вы нагадалі нам пра род, пра тое, дзе мы жывём і чым павінны ганарыцца, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Алег Вінярскі. – Мы маем вялікае багацце – мы беларусы і гэтым павінны ганарыцца. У нас ёсць свая зямля, ёсць багатыя традыцыі і выбітныя продкі, мы павінны адчуваць сябе беларусамі, не насельніцтвам рэспублікі, а ідэнтыфікаванымі асобамі – беларусамі.

Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак – сапраўдны вялікі народны мастак. Ён не імкнецца да высокіх званняў, часам цураючыся іх, ён проста стварае свае высокадухоўныя палотны, свае карціны-рэканструкцыі нашай гісторыі. Ён сціпла працуе і ўжо каля трыццаці трох год вядзе мастацкую студыю, куды могуць прыйсці і прыходзяць дарослыя і дзеткі, каб памаляваць, нечаму навучыцца, каб пагутарыць ці проста папіць гарбаты. Ён не патрабуе звышкамфортных умоў, уласнай галерэі, хаця вельмі гэтага заслугоўвае. 33 гады… Толькі задумайцеся, колькі дзяцей прайшло праз гэтага таленавітага чалавека, колькі маладых людзей атрымалі пасыл духоўнасці і накірунак у пошуку свайго “я”, колькі таленавітых мастакоў, дызайнераў, архітэктараў, мадэльераў, фотамастакоў і тэхнікаў, ды і проста добрых людзей, сфарміравана дзякуючы яго працы і таленту, сумесным намаганням творчай сям’і Мацюшонкаў. Бо заўжды побач з ім такая ж сціплая і вытанчаная, таленавітая настаўніца выяўленчага мастацтва, яго жонка Алена Іванаўна. Плёну вам, і толькі добрых людзей і ўдзячных вучняў на вашым творчым шляху. Для нас Вы, Эдуард Уладзіміравіч,– гэта цэлы сусвет, які адчыняе нам патаемныя дзверы духоўнага святла.

А мы з задавальненнем будзем чакаць Вашу вялікую персанальную юбілейную выставу, якая запланавана на 10 сакавіка ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 27 queries