Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вилейская делегация приняла участие в праздновании 80-летия Минской области

У мінулую пятніцу прадстаўнікі працоўных калектываў Вілейшчыны, заслужаныя ветэраны працы, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў і арганізацый, віляйчане–лаўрэаты конкурсаў «Чалавек года Вілейшчыны» і «Чалавек года Міншчыны» прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею Мінскай вобласці. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю з дня ўтварэння Мінскай вобласці, адбылося ў Палацы Рэспублікі.

Мінская вобласць, самая вялікая ў Рэспубліцы Беларусь, размешчана ў цэнтры краіны і мяжуе з пяццю абласцямі. Яе плошча значна перавышае памеры такіх еўрапейскіх дзяржаў, як Славенія і Бельгія, а колькасць насельніцтва цэнтральнага рэгіёну складае каля 1,5 мільёна чалавек. Міншчына – гэта сапраўды сэрца Беларусі, таму што яна задае тон жыцця ўсёй краіне. Менавіта тут засяроджаны самы магутны навуковы і прамысловы патэнцыял Беларусі, тут віруе палітычнае жыццё дзяржавы, тут сканцэнтраваны самыя вядомыя гісторыка-культурныя адметнасці. З Міншчынай непарыўна звязаны імёны многіх выбітных беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва: першадрукара Івана Фёдарава, асветніка і гуманіста Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага, кампазітараў Станіслава Манюшкі і Міхала Клеафаса Агінскага, выдатных майстроў мастацкага слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і многіх іншых.

Сваю гісторыю Мінская вобласць як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка адлічвае ад 15 студзеня 1938 года, калі I сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі БССР абласцей – Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай, Палескай і Мінскай.

Працэс адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання нашай вобласці быў доўгім і завяршыўся ў 1960-х гадах, калі канчаткова сфарміраваліся існуючыя цяпер раёны. Менавіта ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў склад Мінскай вобласці ўвайшоў і Вілейскі раён, які да гэтага належыў да скасаванай Маладзечанскай вобласці. Вялікім выпрабаваннем для вобласці былі ваенныя гады ліхалецця, калі ўсе раёны знаходзіліся пад фашысцкай акупацыяй. Сыны і дочкі Міншчыны мужна і стойка змагаліся з ворагам і зрабілі важкі ўклад у агульную перамогу. У пасляваенныя гады вобласць паступова ператвараецца ў рэгіён з магутным прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам, становіцца значнай часткай адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР. Ва ўсе куткі неабсяжнай краіны ішла прадукцыя мясцовых прадпрыемстваў нашай вобласці. За актыўны ўдзел у партызанскім руху, за мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі вобласці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лютага 1967 года Мінская вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна.

Міншчына заўсёды лідзіравала ў эканамічным і культурным развіцці. У 1970 гады яна другі раз узнагароджана ордэнам Леніна за дасягнутыя поспехі ў развіцці прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. А 13 студзеня 1998 года за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці краіны Мінскай вобласці прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Сёння працаўнікі Міншчыны працягваюць слаўныя традыцыі многіх пакаленняў, умацоўваючы самаадданай працай славу роднага краю.

У зале Палаца Рэспублікі 15 студзеня 2018 года на святочным мерапрыемстве прысутнічалі афіцыйныя дэлегацыі кожнага раёна Мінскай вобласці і шмат ганаровых гасцей: прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, урада, парламента, кіраўнікі шэрагу дыпламатычных місій, духавенства, дзеячы навукі і культуры, ганаровыя грамадзяне Мінскай вобласці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, замежныя госці з Грузіі і Малдовы. У фае Палаца Рэспублікі была разгорнута маштабная экспазіцыя – тут можна было ўбачыць галоўныя дасягненні цэнтральнага рэгіёну. Тут жа дэманстравалася фотавыстава «Міншчына: учора і сёння», якая паказала гасцям мерапрыемства слаўныя старонкі гісторыі развіцця рэгіёну. Урачыстае мерапрыемства распачалося з афіцыйнай часткі, падчас якой дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась уручыў кіраўніку вобласці Анатолю Ісачанку Падзяку Прэзідэнта Беларусі, абвешчаную працаўнікам Міншчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння Мінскай вобласці. Дакументам у сувязі з юбілейнай датай прадугледжана вылучэнне са сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Br1 млн на завяршэнне у 2018 годзе будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы ў г. Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ, у адпаведнасці з якім прадстаўнікі Мінскай вобласці ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці, значныя дасягненні ў сферах адукацыі і культуры.

У гэты дзень са сцэны гучала шмат віншавальных слоў для ўсіх жыхароў Міншчыны. Ганаровую грамату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Мінскага аблвыканкама атрымаў ад намесніка старшыні Баляслава Пірштука. З юбілейнай датай жыхароў Міншчыны таксама павіншаваў старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац. Падарункам ад мэрыі сталіцы стаў пабудаваны ў Лагойскім раёне свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў. Дзякуючы ўсім прысутным за віншаванні і звяртаючыся да працаўнікоў і ветэранаў вобласці старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, у сваю чаргу, зазначыў:

– За 80 гадоў Мінская вобласць прайшла няпросты, але паспяховы шлях. Яе ратны і працоўны подзвіг ацэнены годна: вобласць двойчы ўзнагароджана ордэнам Леніна і два разы ёй прысуджаўся Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Жыхароў Міншчыны заўсёды адрознівала любоў да роднай зямлі. Дзякуючы іх стваральнай і добрасумленнаму працы, уменню дасягаць пастаўленых мэтаў рэгіён змяняецца з года ў год, становіцца лепш, прыгажэй і дынамічна развіваецца. Мінская вобласць заўжды займала і займае лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе, тут нязменна вядзецца мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, укараненню новых тэхналогій, сучасных машын і механізмаў. Дынамічна развіваюцца прамысловасць, будаўніцтва і іншыя галіны эканомікі. Нашы тавары купляюць больш чым у 130 дзяржавах, а прамысловыя гіганты «Беларуськалій» і БелАЗ вядомыя ва ўсім свеце, – адзначыў старшыня аблвыканкама. – Пазітыўныя перамены адбыліся ў ахове здароўя, адукацыі, культуры, фізкультуры і спорце. Абнаўляюцца гарады і вёскі, вядзецца будаўніцтва жылля, школ і дзіцячых дашкольных устаноў, бальніц, клубаў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў і дарог. Але галоўным багаццем краю заўсёды былі і застаюцца людзі.

Затым Анатоль Ісачанка павіншаваў лаўрэатаў звання «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Гэта званне было прысвоена шасці лепшым прадстаўнікам сталічнага рэгіёну – трактарысту-машыністу унітарнага прадпрыемства «Путчына» Дзяржынскага раёна Таццяне Захожай, намесніку галоўнага інжынера па развіцці вытворчасцей РУП «Беларуськалій» у 1992–2003 гадах Валерыю Карчагіну, старшаму трэнеру нацыянальнай каманды па спартыўнай гімнастыцы Антаніне Кошаль, былому старшыні Мінаблвыканкама (1998–2007 гадах) Мікалаю Дамашкевічу, кампазітару Ігару Лучанку і мастаку Валерыю Шкарубе.

Святочнае мерапрыемства працягнуў канцэрт лепшых калектываў і салістаў Міншчыны, а таксама майстроў мастацтваў Беларусі. Сярод іх быў і калектыў з Вілейкі – узорны ансамбль скрыпачоў «Камплімент» Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік Таццяна Жук.

У дзень юбілею Мінскай вобласці ў абласным выканаўчым камітэце адбылася і цырымонія ўручэння высокіх узнагарод заслужаным працаўнікам Міншчыны. Сярод іх прадстаўнікі сферы адукацыі, аховы здароўя, прамысловасці, культуры, сельскай гаспадаркі, дзяржаўных устаноў і іншыя. Ад Вілейскага раёна Ганаровай граматай Мінскага аблвыканкама ўзнагароджаны генеральны дырэктар ААТ «Буддэталі» Сяргей Міхайлавіч Жук, за шматгадовую добрасумленную працу, высокія паказчыкі ў вытворчасці і вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Віншуем нашага земляка і жадаем далейшых поспехаў дзеля развіцця Вілейшчыны і Мінскай вобласці.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

    

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 25 queries