Гісторыя адукацыі Вілейскага раёна налічвае не адну сотню гадоў. Яшчэ ў далёкім 1803 годзе ў Вілейцы было адчынена аднакласнае прыходскае вучылішча. Есць звесткі, што ў пачатку ХІХ стагоддзя існавала і яўрэйская школа ў Ільі. З 1860 года ў Вілейскім павеце пачынаецца масавае адкрыццё народных вучылішчаў.
Мы нездарма ва ўступе ўзгадалі першыя ўстановы асветы, якія былі на нашай тэрыторыі, бо далейшая гаворка пойдзе пра сучасную ўстанову адукацыі “Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця”, якая ў гэтым годдзе адзначае сваё 155-годдзе. Пра мінулае, сучаснае і будучае мы гутарым з дырэктарам гэтай установы Ігарам Юшко.
– Ігар Аляксандравіч, мы віншуем вас, усіх настаўнікаў цяперашніх і тых, хто на заслужаным адпачынку, а таксама вучняў і выпускнікоў школы з такім прыгожым юбілеем. Раскажыце калі ласка пра сябе, як лёс звязаў вас са ільянскай школай?
– Я нардзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Карытніца, што на Ільяншчыне. Скончыў Ільянскую сярэднюю школу ў 1980 годзе. Пасля недабраных балаў у палітэхнічны інстытут пайшоў працаваць механізатарам у Ільянскі саўгас-тэхнікум. У 1981 годзе скончыў Мінскае тэхнічнае вучылішча № 133 металістаў са скарочаным тэрмінам навучання і працаваў на Мінскім заводзе шасцерань аператарам аўтаматычных ліній. Восенню таго ж года быў прызваны на воінскую службу. У 1986 годзе скончыў Навасібірскае вышэйшае ваеннае вучылішча, дзе атрымаў ваенна-палітычную спецыяльнасць з прысваеннем кваліфікацыі настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. Службу праходзіў на розных пасадах у Сібірскай ваеннай акрузе, Паўночнай і Заходняй групах войск. У 1991 годзе быў звольнены па скарачэнні штатаў, у званні маёр запасу.
Пасля выхаду ў запас працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 6 горада Навасібірска. У 1992 годзе з сям’ёй вярнуўся на Радзіму. Працаваў столярам калгаса “Абадоўцы”. У 1993 годзе – лабарант Ільянскай сярэдняй школы, у 1994 годзе – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, а са жніўня 1995 года з’яўляюся дырэктарам гэтай установы.
– Ведаю, што вы апантана займаецеся краязнаўствам, вывучаеце гісторыю свайго краю. Што цікавага б маглі паведаміць нашым чытачам з гісторыі адукацыі ў Ільі?
– Патрэбна сказаць, што адукацыя ў Ільі існавала і да заснавання школы. Было арганізавана навучанне яўрэйскіх дзяцей, вядома аб дзейнасці школы равінаў. У Ільянскім ешыбоце некалі вучыўся народны пісьменнік Беларусі Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля). Цэлая плеяда равінаў з Ільі вядома далёка за межамі краіны. Сярод іх Іліер Менашэ, вядомы талмудыст і прапаведнік ХVІІІ стагоддзя. Зразумела, што больш заможныя сем’і у нашай акрузе, такія як Багдановічы, Тукалы, Бароўскія, Вішнеўскія, вучылі сваіх дзяцей індывідуальна. У 1862 годзе было заснавана Ільянскае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў прыватным доме. Там першапачаткова навучалася 30 хлопчыкаў, выкладалі ў школе дзьяк Леанард Акуліч, пазней свяшчэннік Яленскі. У 1890 годзе ў вучылішчы навучалася 64 хлопчыкі і 8 дзяўчынак, у 1896 годзе – 68 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, у 1905 годзе – 70 хлопчыкаў.
Акрамя Народнага вучылішча з 1882 года і да ваенных падзей Першай сусветнай працавалі царкоўна-прыходскія школы граматы ў Кавалях, Карытніцы, Уладыках, Забалацці, Казлах, Шыпках, Забар’і, Старынках, Новай Гуце і многіх іншых мясцовасцях нашага краю. У 1897 годзе на сродкі епархіяльнага савета за 650 рублёў пабудавана жаночая царкоўна-прыходская школа ў Ільі. Настаўніцай прызначана Аглозія Тумановіч, на той час там навучалася 54 дзяўчынкі. У Ільянскім вучылішчы выкладаў заслужаны настаўнік Беларусі Антон Зеновіч, які да адыходу на фронт Першай сусветнай вайны працаваў у Ільі, а затым у школе № 42 у Мінску выкладаў матэматыку. Сярод яго выпускнікоў 1947 года сусветна вядомы Жорэс Алфёраў. Пазней, калі Заходняя Беларусь, у тым ліку і в. Ілья, увайшлі ў склад Польшчы, была адкрыта пачатковая школа, а потым да 1939 года – сямігодка. Навучанне вялося на польскай мове. У гэты час у школе працавалі Браніслаў Сеньчкоўскі, Пётр Дзічканец і яго жонка, Яніна Сухоцка, Караліна Астроўская, Уладзіслаў Крупскі, Тадэвуш Цёх, Эмілія Скжыван (Кунавіч) – вядомая пазней польская пісьменніца і мастачка. З верасня 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да Савецкага Саюза. У Ільі была адкрыта сямігадовая школа, у якой навучанне пачалі весці на беларускай мове. У 1940 годзе дырэктарам школы быў Адольф Касінскі. Адным з адметных выпускнікоў гэтага года быў Альбен Шыверноўскі, пазней начальнік фінансавай службы Войска Польскага. 29 чэрвеня 1941 года немцы захапілі Ілью. У будынку школы (яшчэ толькі дабудоўваўся) пасля разгрому камендатуры, якая знаходзілася на плошчы, размясцілася паліцэйская жандармерыя і гестапа. Школьныя класы былі ў розных будынках.
У першыя пасляваенныя гады заняткі сямігодкі праводзіліся ў трох драўляных будынках, не хапала падручнікаў, ручак, алоўкаў, сшыткаў. Пасля ўрокаў ішлі працаваць на будаўніцтва школы, якая засталася разваленай пасля вайны. Да вучняў прад’яўлялі вялікія патрабаванні. У 1947 годзе з 279 вучняў на другі год пакінуты 33. Першы выпуск сярэдняй школы адбыўся у 1950 годзе. З 12 выпускнікоў – 9 сталі педагогамі, 3 – урачамі. У паслеваенны перыяд у школе працавала больш двухсот таленавітых, высокапрафесійных педагогаў. Сярод іх Заслужаныя настаўнікі Беларусі: Людміла Шалуха, Ніна Нахаева, Валянціна Паўлава. Многія маюць дзяржаўныя ўзнагароды: Ганна Дубаневіч – “Ордэн працоўнага Чырвонага сцяга”, Іван Філіповіч – ордэн “Знак пашаны”, Яўгенія Соніч – “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, медаль “За доблесный труд”, Святлана Міхалькевіч, Роза Шэрая – “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, Зінаіда Кляшняк – “Отличник просвещения СССР”. У розныя гады кіравалі школай Міхаіл Астравухаў, Роза Матросава, Іван Хораў, Мікалай Ліцягін, Ілья Касцючэнка, Валянціна Паўлава, Пётр Галецкі, Марыя Крышкавец, Міхаіл Шыла, Іосіф Курац, Ігар Соніч, які арганізоўваў будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю сучаснага будынка школы ў 1986 годзе.
З’езд настаўнікаў Ільянскага раёна
– Скажыце калі ласка, хто з педагогаў, вашых калег быў прыкладам менавіта для вас?
– Пасля выхаду на пенсію, яшчэ дзясятак гадоў у школе працаваў вопытны Ігар Мікалаевіч Соніч. Мне пашчасціла працаваць і вучыцца дырэктарскай справе разам з вядомымі на Вілейшчыне кіраўнікамі школ: Мікалаем Іосіфавічам Шалухам, дырэктарам Абадоўскай школы з 40-гадовым стажам, Пятром Станіслававічам Канецкім з Рабуні, Галінай Васільеўнай Тупіцынай з Даўгінава, Кацярынай Кірылаўнай Бандаронак з Людвінова, Святаславам Іванавічам Клемячыцам з Вілейкі і многімі іншымі, а таксама сучаснымі кіраўнікамі устаноў адукацыі раёна, кожны з якіх сапраўдны прафесіянал сваёй справы.
– А хто прывіў Вам любоў да краязнаўства?
– Мае настаўнікі гісторыі: Шалуха Мікалай Іосіфавіч і Зайцаў Іван Канстанцінавіч. А таксама аматары-краязнаўцы і прафесіяналы Кажамяка Уладзімір Сцяпанавіч, Кутас Мікалай Сямёнавіч, Рогач Анатоль Валянцінавіч, Цітовіч Барыс Барысавіч і многія іншыя. Наша Вілейшчына багата на такіх людзей.
– У год такога прыгожага юбілею школы, каго з выпускнікоў Вы б хацелі сёння ўзгадаць?
– Школа носіць імя свайго выпускніка Адама Грымаця. Сярод знакамітых выпускнікоў Заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР Станіслаў Ляшковіч, будаўнік Аляксандр Астроўскі, ваеннаслужачыя Арнольд Красько, Пётр Будай, Пётр Альшэўскі, Андрэй Кавалёў, Багуслаў Гошкавіч (камандзір атамнай падводнай лодкі), Валянцін Юдо (інжынер-выпрабавальнік на Байкануры), вучоны-геолаг Міхаіл Будай, вучоная-выкладчык Марына Мікалаенка , прафесары Віктар Тонкавіч, Аляксандр Дуровіч, Віктар Зеленін, Заслужаны дзеяч культуры Сафія Юдо, Заслужаны работнік адукацыі Фелікс Вронка, кіраўнікі Віктар Каляда, Дзмітрый Піневіч, Жанна Казачонак, следчы Мікалай Козел, вучоная-педагог Святлана Язерская, вучоны Уладзімір Лемех, пісьменнікі Іван Лашутка, Іван Вараўка, Уладзімір Папковіч і многія іншыя. Нашы выпускнікі дастойна працуюць у самых розных галінах, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Ва ўсе часы нам было, ёсць і, упэўнены, будзе кім ганарыцца.
– І галоўнае пытанне, што прадстаўляе сабой школа сёння?
– Ва ўстанове 212 вучняў, 30 педагагічных і 24 іншых работнікаў. Мікрараён – 20 населеных пунктаў. Амаль палова дзяцей падвозіцца школьным аўтобусам. Мы маем усё неабходнае для вырашэння адукацыйных задач. Арганізавана базавае, профільнае і інтэграванае навучанне. Развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Установа мае экалагічны сертыфікат і рэалізуе экалагічныя праекты. Дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр “Музейная педагогіка”. Маюцца значныя поспехі ў розных накірунках дзейнасці. Якасна і творча арганізуюць адукацыйны працэс намеснікі дырэктара Марына Ярашонак, Алена Міхалёнак, Людміла Мікуліч, Зінаіда Юшко. Прафсаюзную арганізацыю ўзначальвае Аксана Шушкевіч. Школа мае з 2006 года філіал, які забяспечвае бесперапыннасць адукацыйнага працэсу ў аздараўленчым цэнтры “Надзея”. Сёння тут 13 творчых, высокапрафесійных педагогаў разам з намеснікам дырэктара, прадстаўніцай педагагічнай дынастыі Таццянай Смаленскай. Практычна з першых дзён работы цэнтра тут працуюць педагогі: Ганарата Ляснічая, Святлана Пелейка, Уладзімір Шышла, Наталля Маліноўская, Аксана Альфер. Вядомы на Вілейшчыне педагог Уладзімір Цанунін, член Саюза пісьменнікаў на заслужаным адпачынку разам з жонкай Святланай. Калектыў папаўняецца лепшымі педагогамі Вілейшчыны. Кіраўнік цэнтра “Надзея” Вячаслаў Макушынскі прадстаўляе школе магчымасць пераняць станоўчы вопыт работы. На высокім узроўні праходзяць сумесныя экалагічныя і адукацыйныя праекты.
Акрамя дзяржаўнага фінансавання за кошт сродкаў, атрыманых ад платных адукацыйных паслуг, збору другаснай сыравіны, правядзення работ сваімі сіламі, дабрачынных ахвяраванняў, значна палепшана матэрыяльная база, забяспечана выкананне гігіенічных патрабаванняў, піццявы рэжым, рамонт і набыццё абсталявання, правядзенне рамонтных работ, арганізацыя аздараўлення дзяцей. Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі ўсім нашым сябрам Папячыцельскага савета школы пад кіраўніцтвам Юрыя Панятоўскага, а таксама кіраўнікам раённых арганізацый і прадпрыемстваў за вялікую падтрымку і дапамогу.
Карыстаючыся момантам хачу пажадаць моцнага здароўя і дабрабыту ветэранам адукацыі, поспехаў і новых дасягненняў працуючым і навучэнцам, светлай памяці усім, каго няма ўжо з намі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Ільянскай школай