Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Паважаная газета! Пішу табе…

З вёскі Шыпкі Хаценчыцкага сельсавета патэлефанавала Ванда Паўлаўна Сівая. Яна расказала пра падзею, якая будзе доўга помніцца вяскоўцам:
– У нашым доме сацыяльных паслуг нядаўна было сапраўднае свята – з віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі прыязджалі супрацоўнікі аддзялення сацыяльнага абслугоўвання на даму ДУ «ВТЦСАН» на чале з загадчыцай Данутай Раманоўскай. Нас весялілі Дзед Мароз і Снягурачка, карпавіцкія культработнікі. Прыемнае сумяшчалі з карысным: медыцынская сястра ўсім жадаючым памерала ціск, кожны набыў на месцы неабходныя лекі. Мы, ветэраны працы вёсак Шыпкі і Беражок, шчыра ўдзячны за такую ўвагу да нас.
Жыхарка вёскі Івонцавічы Святлана Васільеўна Шавель звярнулася ў рэдакцыю таксама з падзякай.
– Хачу пажадаць усяго найлепшага старшыні Куранецкага сельсавета Віктару Васільевічу Уліцкаму, – сказала жанчына, – і падзякаваць яму за вялікі клопат пра нас, вяскоўцаў. І асвятленне ў нас добрае, і дарогі расчышчаюцца, і могілкі даведзены да ладу. А яшчэ шчыра дзякую фельчару хуткай медыцынскай дапамогі Віктару Мікалаевічу Сільвановічу – за прафесіяналізм, тактоўнасць, чалавечнасць.
Ад імя пацыентаў тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ у рэдакцыю напісала Тамара Кулеш. Жанчына паведаміла, што ёй здарылася трапіць у бальніцу якраз напярэдадні Новага года. Сумна, вядома, але ж нічога не зробіш. «Хто ляжаў у бальніцы, – піша жанчына, – той ведае, што хвароба збліжае людзей. Так і мы, пацыенты палаты № 15, праз пару дзён сталі амаль роднымі… Нашым галоўным лекарам стала загадчыца аддзялення Марына Генадзьеўна Касцевіч, якая не проста лячыла, а аддавала кожнаму цяпло сваёй душы. Мы кожную раніцу чакалі яе як Бога. Не было таго дня, каб урач зайшла ў палату без настрою, на яе твары заўсёды была ўсмешка…» Тамара Кулеш цёпла павіншавала ад імя былых пацыентаў палаты № 15 увесь калектыў тэрапеўтычнага аддзялення і пажадала яму ўсяго самага лепшага.
***
Наступны ліст, з якім хочацца пазнаёміць нашых чытачоў, у рэдакцыю даслала бібліятэкар Алена Старадуб. Вось што яна напісала: «Снежань мінулага года для многіх сямей стаў шчаслівым. Хіба гэта не шчасце – адзначаць наваселле ў сваёй кватэры! Вось і многім сем’ям кааператыва «Паўночны-21», які размяшчаецца на вуліцы Георгіеўскай у «Шанхаі», пашанцавала, хтосьці вось-вось ўедзе ў сваю кватэру, а нехта ўжо гэта зрабіў. Мы, работнікі пятага філіяла гарадской бібліятэкі, які знаходзіцца ў будынку сярэдняй школы № 5, сардэчна віншуем усіх з наваселлем, з прыгожымі зімовымі святамі і жадаем усяго найлепшага. Хочацца сказаць, што мы будзем рады сустракаць іх у сябе. Прыходзьце, выбірайце (у нас багата літаратуры для людзей розных узростаў, ёсць інтэрнэт і ксеракс), а мы будзем вельмі рады вам дапамагчы.
Такімі былі вашы звароты ў рэдакцыю. Дзякуем за іх і чакаем новых.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries