Журы самага папулярнага конкурсу «ШП» стала перад няпростым выбарам. І мусіла назваць імёны адразу дзвюх асоб, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў сваіх прыхільнікаў, па вартасці ацаніўшы іх гуманістычную і духоўную дзейнасць на вілейскай зямлі. Ксёндз Аляксандр Барыла, вілейскі дзекан, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа, вызначыўся тым, што пры яго непасрэдным удзеле летась адкрыты ў Вілейцы, побач з будынкам Храма, парафіяльны дом. Месца, дзе наша моладзь спасцігае азы духоўнай навукі, набывае асновы рэлігійнай адукацыі. Справа значымая, актуальная для цяперашняга стану грамадства, што імкнецца да спасціжэння ісціны свайго зямнога быцця, шукае свой шлях узыходжання ды вышынь духоўнай узнёсласці. Дзякуючы ксяндзу Аляксандру, арганізавана тэлетрансляцыя Святой Імшы, якую правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Дарэчы, ён не ўпершыню наведвае наш горад, несучы каталіцкім вернікам мудрасць і высокі сэнс Слова Боскага.
На званне Чалавека года вылучаны быў таксама і праваслаўны святар, пратаіерэй, настаяцель прыходу храма Прасвятой Багародзіцы,Вячаслаў Вабішчэвіч. Яго стараннямі да ўдзелу ў аднаўленні царквы ў вёсцы Спягла, асвячэнне якой нядаўна здзейс-ніў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі,прыцягнуты шэраг людзей, небезуважных да духоўных набыткаў сваёй Айчыны. Капліцы, гэтыя красамоўныя сімвалы веры, узведзены пад кіраўніцтвам айца Вячаслава ў вёсцы Лыцавічы і на могілках у Каралеўцах. Сёння ён здзяйсняе будаўніцтва новага праваслаўнага храма ў Вілейцы. Няхай Усявышні дапамагае яму ў гэтай высакароднай справе, накіраванай на аздараўленне душ чалавечых і іх імкненне да высокай міласці Неба.
Новае дзесяцігоддзе, заўважае член журы конкурсу, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, пачынаецца са сцвярджэння нашых духоўных пачаткаў. Тое, што аднолькавую еднасць думак праявілі прадстаўнікі дзвюх самых уплывовых рэлігійных канфесій, вылучаючы сваіх святароў на званне Чалавека года, сведчыць аб агульных ідэалах веры, уласцівых хрысціянству. Людскія сэрцы ажыццявілі свой выбар. Застаецца павіншаваць абодвух паважаных святароў з людскім прызнаннем, якое яны заслужылі сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю сярод прыхажан. З павагаю і любоўю жыхароў Вілейшчыны. Па традыцыі, ушанаванне пераможцаў конкурсу адбудзецца на раённым свяце перадавікоў.
Марыя КУЗАЎКІНА







