Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Нарачанскія зоры» — у ліку пераможцаў

Па выніках раённага спаборніцтва на вясеннім севе і нарыхтоўцы травяных кармоў, на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур адкрытае акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры» трапіла ў лік пераможцаў. За дасягненне высокіх паказчыкаў сельскагаспадарчая арганізацыя была адзначана ганаровым дыпломам райвыканкама. За прафесіяналізм, актыўную жыццёвую пазіцыю, добрасумленную працу, адказныя адносіны да прафесійных абавязкаў і ў сувязі з Днём працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграрамысловага комплексу кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко быў узнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі» Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза АПК. Таксама былі адзначаны і лепшыя працаўнікі гаспадаркі. Кожны – прафесіянал сваёй справы і чалавек на сваім месцы. З некаторымі з іх удалося сустрэцца падчас наведвання сельскагаспадарчага прадпрыемства.

  DSCF0052

Восень на зыходзе, на фінішнай прамой і яе «восем работ». Менавіта так можна ахарактарызаваць сітуацыю ў «Нарачанскіх зорах» сёння.
– Восеньскія работы ў нас завершаны поўнасцю: зябліва паднята на 100 працэнтаў, кукуруза ўбрана на ўсёй плошчы, пасеяны азімыя пад ураджай 2018 года, – па-дзелавому дакладна рапартуе аграном Віктар Драчылоўскі. Дарэчы, сам Віктар Уладзіміравіч, які 28 год прысвяціў працы тут, таксама ў ліку лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Вілейшчыны. Не адзін уборачны сезон і Аляксей, яго сын, у складзе камбайнавага экіпажа шчыраваў на палетках «Нарачанскіх зораў». Віктар Драчылоўскі не прывык акцэнтаваць увагу на сабе – а пра агульную справу можа расказаць шмат. Так, падчас мінулага ўборачнага сезону ў «Нарачанскіх зорах» намалацілі 7600 тон зерня, а ўраджайнасць склала 50,2 цэнтнеры з гектара. Год, як сёння аналізуе галоўны аграном, быў не надта спрыяльны:
– Мы ўсе меркавалі атрымаць ураджайнасць 55-60 цэнтнерў з гектара, але ўраджайнасць азімых склала 48 цэнтнераў з гектара, а яравых – 50,2. Такі вынік складанай перазімоўкі азімых, было нават вымярзанне пасеваў, таму выконвалі іх падкормкі. Па яравых ўсе работы выканалі вельмі рана, таму паспелі захапіць і вясеннюю вільгаць, своечасова пасеялі, таму ўтварылася моцная карнявая сістэма, адбылося кушчэнне – яравыя ў гэтым годзе аказаліся значна лепшымі.

DSCF0055
Мінулагоднюю сітуацыю з азімым рапсам Віктар Драчылоўскі характарызуе наступным чынам. Вынікам таго, што гэта важная сельскагаспадарчая культура падмерзла, ураджайнасць яе аказалася ніжэйшай за чакаемую. Улічваючы мінулы вопыт, у гаспадарцы ужо прыняты і рэалізуюцца новыя падыходы. Замест «імперыялу» і «капіталу» пасеялі новы перспектыўны гатунак – «Вітаўт». Насенне бралі ў інстытуце земляводства ў Жодзіна. Пасеялі рапс у аптымальны тэрмін, ажыццявілі падкормку, выканалі «ахову» ад пустазелля. Зараз пасевы чыстыя і чакаюць зімоўкі. Па меркаваннях агранома, ураджайнасць павінна скласці 30-35 цэнтнераў з гектара. А яшчэ ў гаспадарцы упершыню пасеяна гібрыднае жыта «Пікаса » – гатунак, які характарызуецца высокай ураджайнасцю і які да 40 працэнтаў можна ўводзіць у склад камбікорму. Калі культура добра сябе зарэкамендуе, дзеліцца планамі Віктар Драчылоўскі, пад яе можна выдзеліць большую плошчу, чым 50 гектараў, як зараз.

DSCF0044
Цяпер, калі асноўны аб’ем работ выкананы, расказаў Віктар Драчылоўскі, вядуцца работы па накапленні і ўнясенні арганікі, ажыццяўляецца яе вывазка на палі і запашка. На працягу зімы будзе весціся накапленне мінеральных угнаенняў, каб унесці іх вясной пад запланаваны ўраджай сельскагаспадарчых культур.
На полі каля Заброддзя на трактары – Сяргей Кезік. У гаспадарцы малады чалавек працуе ўсяго трэці год, але ўжо ў ліку перадавікоў, адзначаных на раённым узроўні – на сваім МТЗ-82 ён унёс 15838 тон арганічных угнаенняў. Сяргею Віктаравічу, які родам з Іжы, далі жыллё і, каб замацавацца тут, у Нарочы, засталося толькі знайсці сабе палавінку, каб стварыць сям’ю.

DSCF0057
Хоць у «Нарачанскіх зорах» асноўныя работы завершаны, па неабходнасці тэхнікай і рабочымі рукамі гаспадарка дапамагае іншым сельгаспрадпрыемствам раёна. На сваім мехдвары, адным з лепшых на Вілейшчыне, таксама не пуста. Вось каля спецыяльнай машыны пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №16 агр. Нарач Уладзімір Кажура, які падчас уборачнай ажыццяўляў суправаджэнне тэхнікі, забяспечваючы супрацьпажарную бяспеку. Акрамя таго, ужо шосты год Уладзімір Іванавіч дапамагае гаспадарцы на дапрацоўцы зерня і на яго адвозцы.

DSCF0034
Каля «МАЗа» – малады вадзіцель Віктар Гакуць, які перавёз у гэтым сезоне 988 тон умоўнага зерня. Яго бацька, Віктар Станіслававіч, таксама пачынаў вадзіцелем, 25 год аддаў працы на камбайне, а зараз – загадчык гаража. Сёлета родны брат Віктара Станіслававіча, Часлаў Гакуць, трактарыст-машыніст, на пагрузчыку “Амкадор-352” пагрузіў 67353 тоны арганічных угнаненняў і быў адзначаны граматай райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.
З 1985 года ў гаспадарцы працуе Ігар Карыцька – на кормаўборачным самаходным камбайне «Ягуар-850» ён нарыхтаваў 15272 тоны травяных кармоў і забяспечыў найбольш высокую выпрацоўку на адзін умоўны корманарыхтоўчы камбайн.

DSCF0035
Працяглы час працы на камбайне – 25 год – аддаў і Віктар Гакуць, які ў свой час пачынаў шафёрам. Сёння ён – загадчык гаража і ведае ўсё, што неабходна чалавеку на гэтай пасадзе.
За дзесяць месяцаў бягучага года лічбы рэнтабельнасці і прыбытку сельгаспрадпрыемства дастойныя – іх называе Анатоль Якжык, які падчас знаходжання кіраўніка гаспадаркі ў адпачынку выконвае яго абавязкі. Але галоўны крытэрый паспяховасці і стабільнасці тое, што за сваю працу людзі своечасова атрымліваюць зарплату. Найбольшы прыбытак гаспадарка атрымлівае ад малака – таму і надаецца вялікая ўвага нарыхтоўцы якасных кармоў.

DSCF0041
– Самае галоўнае – накарміць карову, – лічыць галоўны заатэхнік Павел Лернатовіч. Павел Пятровіч – прадаўжальнік працоўнай дынастыі: у гаспадарцы працавалі яго бабуля з дзядулем, працуюць маці з бацькам і сястра. Павел таксама застаўся жыць і працаваць на зямлі. На ім – адказныя паказчыкі, якія трэба выконваць. Шэсць падраздзяленняў пад началам у Паўла Лернатовіча. Гэта пяць малочна-таварных фермаў («Нарач», «Бараўцы», «Касічы», «Рускае Сяло», «Канстанполле») і ферма па ўзнаўленні пагалоўя «Папоўцы». Што датычыць вытворчасці малака, у «Нарачанскіх зорах» усе працэсы механізаваны. На ферме ў Рускім Сяле ў даільным зале выкарыстоўваецца даільная ўстаноўка «Вестфалія» – адначасова дояцца 26 кароў. На астатніх фермах дзейнічаюць малакапровады. Праца ўсіх, хто задзейнічаны ў гэтай галіне, дае свой плён – па выніках дзесяці месяцаў бягучага года большасць малака ў гаспадарцы ідзе класам «экстра». У планах на будучае, расказаў Павел Лернатовіч, набыццё яшчэ аднаго кормазмяшальніка айчыннай вытворчасці.
Такімі былі сустрэчы з людзьмі, кожны з якіх на сваім месцы выконвае важную справу. На іх працавітых руках трымаецца ўсё. Менавіта так, а не інакш.
Таццяна ШАРШНЁВА.  Фота Аляксея КамІнскага

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 28 queries