Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Гісторыя маёнтка Юнцавічы і шляхецкай сям’і Бароўскіх

Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой, і сэрцам да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

Гэтымі пранікнёнымі словамі, напісанымі на галоўным валуне мемарыяла «Памяці былых вёсак», які месціцца каля Снежкава, мы працягваем нашу серыю матэрыялаў рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якія на гэты раз будуць прысвечаны спадчыне старажытнага роду Бароўскіх, што мелі на Вілейшчыне шмат маёнткаў, а прадстаўнікі рода былі вядомымі вайскоўцамі, мастакамі, палітычнымі дзеячамі. Новая серыя артыкулаў будзе прысвечана дзвюм значным галінам роду Бароўскіх – юнцавічскай і лукавецкай, а таксама тым сядзібам, якімі іх прадстаўнікі валодалі.
Значныя страты панесла палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны ў першай палове ХХ стагоддзя. Гады войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных, знішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.
На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавая архітэктура і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Юнцавічах, Стайках, Лукаўцы, Любані і іншых паселішчах Вілейскага раёна.
Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных грамадскіх і культурных дзеячаў, мецэнатаў, рупліўцаў сферы палітыкі, агранаміі, вайсковай справы засталася.

ah

З архіўных дакументаў вядома, што маёнтак Юнцавічы быў утвораны напачатку ХVII стагоддзя, калі гэтыя землі належалі сям’і Пятковічаў, што ў 1637 годзе прадалі іх частку Рыгору Матусевічу. Затым землі былі выкуплены і аб’яднаны ў пачатку ХVIIІ стагоддзя ў цэльную сядзібу біскупам жмудскім Аляксандрам Казімірам Гарайнам Войскім, які і пабудаваў для сябе «палац мураваны» (па некаторых узгадках, нарадзіўся біскуп Гарайн у 1685 годзе ў Касцяневічах). Са старажытных дакументаў бачна, што адно з памяшканняў палаца ў Юнцавічах было ў тыя часы прыстасаванае пад дамавую капліцу, якая абслугоўвалася ксяндзамі з Альковіч.

Спадчынніца біскупа Аляксандра Гарайн у 1828–1929 гадах прадала частку маёнтка Юнцавічы з землямі, 15 дварамі і 86 жыхарамі, па адных дадзеных, Яну Бароўскаму герба «Ястжэмбец», па другіх – Антонію Бароўскаму. Дакументы ж сведчаць, што ў 1836 годзе Юнцавічы былі ўласнасцю Яна Бароўскага (пахаваны на могілках у Альковічах), а з 1869 года маёнтак – уласнасць Казіміра Бароўскага. Верагодней, маёнтак Юнцавічы Ян Бароўскі і яго жонка Людвіка (у дзявоцтве Каменская) купілі ў 1826 годзе, а з 1840-х гадоў сядзібай пачалі валодаць дзеці Яна – Антоній, Канстанцін і Сафія (у замужжы Русецкая). І толькі ў 1849 годзе Антоній выкупіў усе долі сядзібы Юнцавічы. Па спадчыне маёнтак Юнцавічы быў падзелены паміж двума сынамі Антонія Бароўскага і Алены Трэберт: Казімір (1841-1913) атрымаў Юнцавічы, а Аляксандру дастаўся Лукавец. Такім чынам, ад Казіміра Бароўскага пайшла юнцавічская лінія роду, а ад Аляксандра Бароўскага – лукавецкая.
Бароўскія належаць да старажытнага шляхецкага польскага роду герба «Ястржэмбец». Гэты род вядомы з 1343 года, а іх прозвішча паходзіць ад вёскі Борава, дзе жылі першыя прадстаўнікі роду. Нашчадкі Бароўскіх таксама пражывалі ў Галіцыі, Польшчы, на Беларусі: у Беластоцкай, Мінскай і Віленскай губерніях. Зараз жывуць у Польшчы, Злучаных Штатах Амерыкі, Англіі, у іншых краінах свету. Сярод прадстаўнікоў роду – ваенныя і палітычныя дзеячы, мастакі і педагогі. Так, Леон Бароўскі (1784-1846) – заслужаны педагог, пісьменнік, прафесар Віленскага ўніверсітэта. Юзэф Вінклер-Бароўскі (1764-?) – ваенны дзеяч, меў тытул аўстрыйскага барона. Дваранства Бароўскім было нададзена ў 1802 годзе, калі генерал-маёр і кавалер Фёдар Бароўскі Арцем’еў сын звярнуўся з прашэннем на імя Імператара Аляксандра Паўлавіча, у якім ён тлумачыў, што «…з самых аддаленых часоў прозвішча Бароўскіх шануецца ў ліку дваранскіх, і гэта вядома ў пісьмовых хроніках польскіх. Іх продкі валодалі маёнткамі, на якія польскімі каралямі былі падараваныя адпаведныя прывілеі». Гэтае прашэнне з доказамі ў Геральдычную камісію і дало падставу ўнесці герб «Ястржембец» роду Бароўскіх у гербоўнік Царства Польскага. Радавы герб прадстаўляе сабой шчыт, на блакітным полі якога «залатая падкова, уверх канцамі звернутая, пасярэдзіне крыж, у шлеме над каронай Ястраб, павернуты ў правы бок шчыта з узнятымі крыламі, у кіпцюрах правай нагі трымае падкову з крыжом, як у шчыце». Такі герб, літы з латуні, вісеў і ў салоне сядзібы ў Юнцавічах.

  a20w.

 

Ад колішняй панскай сядзібы маёнтка Юнцавічы зараз можна пабачыць толькі крушні валуноў былых падмуркаў, часткова сад і парк. А некалі гэта была вялікая сядзіба, з якой род Бароўскіх разышоўся па ўсёй Вілейшчыне і свеце. Так, Бароўскім належалі, акрамя Юнцавіч, маёнткі ў Лукаўцы, Забалацці, Шчокаўшчыне (Дварок), Чарвяках (цяпер Сакалоўка), Хаценчыцах, Гелянове, Вяпратах, і іншыя невялікія маёнткі.
Самі Юнцавічы, як адзначалася вышэй, перашлі па спадчыне Казіміру Бароўскаму (1841-1913), а затым яго сыну, таксама Казіміру, Бароўскаму-малодшаму. Маёнтак размяшчаўся на адлегласці 40 кіламетраў ад павятовага горада Вілейка і ў 1,5 кіламетрах ад мяжы з БССР. Да 1939 года маёнтку Юнцавічы належала 6 двароў, 33 жыхары, ва ўласнасці было каля 142 гектараў лугоў, пашы і іншай зямлі, а таксама каля 600 гектараў лесу.
Параўнальна вялікая сядзіба Бароўскіх, што займала прыўзнятую жывапісную тэрыторыю на некаторым аддаленні ад аднайменнай вёскі Юнцавічы. Рэгулярны парк маёнтку пачатку ХVIIІ стагоддзя не захаваўся, а да нашых дзён фрагментарна дайшоў пейзажны парк. Будынак сядзібнага дома быў мураваным і пабудаваны ў пачатку ХVIIІ стагоддзя. На высокім цокальным падмурку размяшчаўся двухпавярховы дом з аднапавярховымі крыламі, які прадстаўляў сабой тыповую 3-часткавую структуру з падвышанай сярэдняй часткай. Галоўная частка дома была двухпавярховай, на другім паверсе размяшчаліся пакоі. Цэнтральная частка будынка мела ўваходную тэрасу з драўлянымі калонамі, дах якой быў упрыгожаны балюстрадай. У дадатак да старажытнага сядзібнага дома напачатку ХХ стагоддзя быў пабудаваны драўляны дом на каменным падмурку, які называлі «новы дом». Перад ім размяшчалася старажытная «піўніца» – мураваны склеп, што застаўся яшчэ ад першых гаспадароў сядзібы.
Выразнасць параднай часткі перад сядзібным домам ўзмацнялася маляўнічым кветкавым афармленнем параднага партэра з традыцыйным колам – тут раслі як экзатычныя расліны, так і півоні розных колераў, ружы, гваздзікі, астры, нарцысы, вяргіні і інш. Вакол сядзібнага дома было шмат бэзу. З усходняга боку да сядзібнага дома прымыкалі пасадкі пейзажнага парку. У пачатку ХХ стагоддзя яго склад быў узбагачаны рэдкімі экзатычнымі раслінамі, высаджанымі невялікімі групамі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя паляны парка былі сфарміраваны мясцовымі відамі дрэў. Зараз захаваліся адзінкавыя экзэмпляры елкі, ліпы, вольхі, дуба.

aw.

На пачатак ХХ стагоддзя маёнтак Юнцавічы канчаткова сфарміраваўся – ён ўключаў сядзібны дом, парк, водную сістэму, альтанкі, млын, што месціўся каля сажалкі побач з гасцінцам на Альковічы, стайню выязных коней, лядоўню і старажытную піўніцу. Галоўная ўязная дарога вяла праз гаспадарчы двор да параднага партэра. Прысады дрэў і кустоў аддзялялі будынкі параднага двара ад гаспадарчага, дзе размяшчаліся стайні, аборы, свінарнікі, стадолы, курнікі і так далей.
Водная сістэма маёнтка Юнцавічы ўключала некалькі сажалак. Самая вялікая, ад якой адыходзіў канал, мела ўладкаваныя сцяжынкі, на беразе тут была пабудавана лазня. Сама сажалка размяшчалася ў паніжэнні нізіннага лугу і выконвала ролю акумулятара вады з навакольнай тэрыторыі. Узровень вады ў ставах падтрымліваўся дамбай драўлянага млына.
Унутраннае ўбранства сядзібы вызначалася вытанчанай стрыманасцю класічных і неараманскіх форм інтэр’ераў, мэблі, прыёмаў аздаблення. У пакоях пераважалі дэкаратыўныя драўляныя элементы на сценах, што гарманічна спалучаліся з атынкаванымі сценамі і паркетнай дошкай на падлозе. У пакоях размяшчаліся шкафы-вітрыны з фаянсавым посудам, паабапал сцен віселі партрэты прадстаўнікоў роду. Былі ў сядзібе і сямейныя каштоўнасці: сталовае фамільнае срэбра, мэбля з элементамі выявы радавога герба, вытанчаныя гатычныя прадметы інтэр’ера і многае іншае. Кожны пакой сядзібы быў аздоблены прыгожай кафлянай ці металічнай грубкай, меліся ў маёнтку і каміны.

aia
Быў ў сядзібе Юнцавічы і асобны трафейны кабінет, дзе па сценах размяшчаліся паляўнічыя трафеі аднаго з выбітных прадстаўнікоў роду Бароўскіх – Міхала Казіміравіча, рускага генерала і адмірала польскага флота, які акрамя яскравай вайсковай кар’еры займаўся і фотамастацтвам. Яшчэ адным захапленнем Міхаіла Бароўскага было паляванне. Калі ён прыязджаў на сваю малую радзіму, у маёнтак Юнцавічы, то вельмі шмат часу адводзіў паляванню ў навакольных пушчах на дзікага звера, пярнатых. Але захапленне паляваннем выклікала вялікія сваркі з яго братам Казімірам Бароўскім-малодшым, на погляд якога паляванне з’яўлялася ні чым іншым, як забойствам жывёл. Сам Казімір вельмі шкадаваў і любіў жывёл і нават ў зімовы час на выпасах у полі майстраваў кармушкі для дадатковага харчавання дзікіх жывёлін.
Па ўспамінах старажылаў, якія працавалі ў маёнтку, сям’я Бароўскіх была вельмі гаспадарлівай і добразычлівай. У панскім парку было шмат вавёрак, што праз адкрытыя вокны сядзібы ў пакоі наносілі многа шышак, якія ўвесь час прыходзілася прыбіраць пакаёўкам. Самі гаспадары Юнцавіч любілі звычайную ежу, а Казімір Бароўскі вельмі ахвотна частаваўся аладкамі з яблыкамі, якія яму гатавалі на кухні маёнтка.
Казімір Бароўскі актыўна падтрымліваў народныя сельскагаспадарчыя абрады, напрыклад, звязаныя з пачаткам і заканчэннем жніва. Захавалася шмат фотаздымкаў, дзе пан Казімір прымае ад жней дажынкавы вянок ці адпраўляе на жніво сабраўшыхся на талаку жанчын з сярпамі, што пачыналі зажынаць поле збажыны.

a3

Спадары маёнтка Юнцавічы вялі актыўны лад жыцця і заўжды весела стараліся бавіць час, гэтаму існуе і шмат фатаграфічных доказаў з сямейнага фотаальбому. Юнцавічская моладзь і старэйшае пакаленне актыўна займаліся верхавой яздой, для чаго ў стайнях сядзібы ўтрымліваліся пародзістыя жарабцы. Часта дамачадцы сплаўляліся на лодках па Віліі праз Кастыкі аж да Жойдзішак і далей ці каталіся на ставах, што былі ў межах маёнтка. Летам у сядзібе ставіўся вялікі слуп, на які прычэпліваліся вяроўкі для катання – на такіх вясковых арэлях цэлымі днямі гушкалася сялянская дзетвара, а зімой, калі сажалкі скоўваў лёд, на ім замацоўвалі драўлянае кола, да якога прымацоўвалася жэрдка, такім чынам можна было катацца па крузе на санках ці каньках. Таксама сядзібаўцы любілі лыжы – калі выпадаў снег, то ўсе з задавальненнем каталіся з горкі ці рабілі марш-кідок. Нават арганізоўвалі лыжныя гонкі або выкарыстоўвалі коней: кіроўца, трымаючыся за лейцы каня, катаўся на лыжах па наваколлі.

a-13

Уладальнік Юнцавіч Казімір Бароўскі з жонкай Браніславай і сынамі. 1912 год

Юнцавічская лінія Бароўскіх паходзіць ад Казіміра, які быў два разы жанаты, яго першая жонка Людавіка з Козел-Паклеўскіх мела ад яго чатырох сыноў: Антонія, уладальніка Забалацця (афтальмолаг і мастак, быў нежанаты і памёр у Юнцавічах), Міхала (рускі і польскі ваенна-марскі дзеяч, удзельнік Руска-японскай і Першай сусветнай войнаў; у гады Першай сусветнай вайны – генерал-маёр, флагманскі інжынер-механік 1-й міннай дывізіі; у польскім флоце – контр-адмірал; памёр у Вільні ў 1939 годзе), Казіміра (ці, як называлі, Казімір-малодшы – адвакат, уладальнік Юнцавіч з 1913 года, быў арыштаваны і памёр у Вілейскай турме ў 1941 годзе), Іосіф (Юзэф) (банкір, працаваў у міністэрстве фінансаў Польшчы, жыў недалёка ад Варшавы). Са сваёй другой жонкай Браніславай (таксама Козел-Паклеўская, малодшая сястра першай жонкі) Казімір Бароўскі меў сына Людвіга (скончыў у Дублянах сельскагаспадарчы універсітэт; у гады Першай сусветнай вайны – прапаршчык 29-й артылерыйскай брыгады, у 1915 годзе трапіў у палон у баях з немцамі ў Аўгустоўскіх лясах; удзельнік савецка-польскай вайны, падпаручнік, затым паручнік 8-га палка палявой артылерыі, камандзір 6-й батарэі; кавалер срэбнага крыжа ваеннага ордэна Virtuti Militari; мастак, выставы яго карцін праходзілі ў Варшаве, уладальнік Забалацця і Юнцавіч; быў забіты ў лесе каля Абадоўцаў 28 чэрвеня 1942 года і пахаваны на могілках у Альковічах).

a4 (2)

Дзякуючы спадчынніцы роду Бароўскіх Катажыне Атвіноўска (па-польску Katarzyna Otwinowska), якая зараз жыве ў Польшчы і менавіта яна прадставіла багаты матэрыял – дакументы і фотаздымкі з сямейнага архіва Бароўскіх, мы ведаем шмат пра гісторыю роду Бароўскіх на Вілейшчыне. Спадарыня Катажына з’яўляецца ўнучкай апошняга ўладальніка Юнцавіч Казіміра Бароўскага-малодшага. Яе маці, Соф’я Алешак, дачка Казіміра і Соф’і Бароўскіх (што былі стрыечнымі братам і сястрой, а на іх шлюб прышлося браць згоду ад Ватыкана), была дэпартавана ў Сібір з Браніславай Бароўскай (другой жонкай Казіміра Бароўскага), а таксама з сястрой Аленай і яе двума дзецьмі – ва ўзросце аднаго і двух гадоў (муж Алены Юзэф Джордан быў арыштаваны і дэпартаваны ў Комі АССР), Анджэем Багдановічам з Зацемені і яго бабулямі. Дзякуючы абставінам лёсу, ім было дазволена ўзяць некаторыя рэчы з сабой, у тым ліку і фотаальбомы, якія цудам вярнуліся з Сібіры ў Польшчу і па якіх мы ведаем ілюстраваную гісторыю роду Бахдановічаў і Бароўскіх.
У час Другой сусветнай вайны 1939-1945 гадоў маёнтак Юнцавічы быў спалены і разбураны разам з сядзібным домам, а таксама ўсімі гаспадарчымі пабудовамі. З цягам часу быў знішчаны і старажытны парк, часткова высечаны векавы лес.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з сямейнага архіва Бароўскіх прадставіла Катажына Атвіноўска

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 46 queries