У святочнай атмасферы, якая панавала напярэдадні Новага года ў гарадскім Палацы культуры, старшыня райвыканкама Яўген Сініла ўручыў пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў Кірылу Татуру, выпускніку гімназіі №2 і Вікторыі Дзяруга, вучаніцы 10 класа сярэдняй школы №3. Кірыл стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, а Вікторыя атрымала дыплом трэцяй ступені за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-эканамічных вучнёўскіх работ.
Мікалай Гіро, кіраўнік раённага Дзіцячага фонду,павіншаваў пераможцаў рэспубліканскай канферэнцыі па навучальных прадметах, вучняў Рабунскай школы-сада – Сяргея Дзяменшчыка і Вікторыю Карней.
Адзін з нязменных атрыбутаў навагодняга свята – традыцыйнае «ёлачка, гары!» і яна, лясная прыгажуня, убраная ў рознакаляровыя агеньчыкі, заўсёды адгукнецца на шматгалосую просьбу дзетвары. Успамін, які, пэўна, у кожнага на другім месцы, зразумела, пасля падарункаў.
Сёлетнюю ёлку ў Вілейскім Палацы культуры змаглі ацаніць многія таты і мамы з дзеткамі, што атрымалі запрашэнні на раённае свята. А навагодняя праграма, прадстаўленая гледачам, стала не проста святочнай, а сапраўды казачнай. Ды і як інакш, бо перанесла яна ў чароўны свет, дзе знайшлося месца хатцы на курыных ножках, шэраму Воўку, Кату, сімвалу надыходзячага года, Зайцу. Прыбыла нават Баба-Яга з дочкамі-Кікімарамі. Казачнае дзеянне на сцэне пад музычны акампанемент захапіла як дарослых, так і самых маленькіх гледачоў, адзін з якіх, пачуўшы «Ў лесе нарадзілася ёлачка…» не здолеў справіцца
з эмоцыямі і выгукнуў з месца: «Гэта мая песня!» Ну, а з’яўленне Дзеда Мароза з-пад празрыстай завесы прымусіла нават непаседлівых дзетак сцішыцца. Кантакт артыстаў з гледачамі быў наладжаны. Па дзіцячых тварах было відаць, як жыва яны ўспрымаюць усё, што адбываецца на сцэне. А значыць, што час першых і другіх не быў праведзены дарэмна, а з вялікай карысцю. Падарункі і вясёлы карагод вакол ёлкі на другім паверсе Палаца культуры найлепей дапоўнілі святочную атмасферу, сатканую з вясёлых галасоў дзетак і ўсмешак дарослых, што разам з імі таксама дакрануліся сэрцам да казкі.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара
Каля галоўнай ёлкі раёна
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


