“У гісторыі шмат дзвярэй, хадоў і выхадаў…”, – так пісаў рускі філосаў і публіцыст Аляксандр Герцэн. Яшчэ ў большай меры гэта справядліва ў дачыненні да гісторыі рэвалюцый – гіганцкіх кругаваротаў жыцця, выбухаў, смут. Так было і ў Расіі ў незабыўным 1917 годзе. У канцы лютага – пачатку сакавіка 1917 года пала шматвекавая манархія. Падзеі такога велічэзнага маштабу не маглі быць і не былі адназначнымі і прамалінейнымі. Іх тварылі людзі розных намераў, розумаў, характараў, вольна ці міжволі спрыяючы таму ці іншаму зыходу справы. Таму перад краінай, у тым ліку і перад беларускімі землямі, адкрывалася не адзіная перспектыва – у яе былі альтэрнатывы. І каб зразумець усю складанасць Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, трэба разумець пазіцыі кожнага, хто ўдзельнічаў у супрацьстаянні, у барацьбе двух сіл: улады (самадзяржаўя, царызму) і таго руху, які вядомы як вызваленчы (лібералізму і рэвалюцыянізму).
Часта даводзіцца чуць, што: “…калі б не тая рэвалюцыя, то ўсё б было іначай: землі, якія спрадвеку належалі пэўнаму класу, яны і былі б цяпер у іх нашчадкаў, а людзі, што дзень і ноч працавалі на гэтай зямлі – не былі бы “ворагамі народа” і разам з інтэлегенцыяй не ссылаліся на Урал, у Сібір і Казахстан…”. Так, усё справядліва, але гэта ёсць адзін бок медаля. З іншага боку – актыўныя рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі адбываліся ў сувязі з вельмі цяжкім матэрыяльным становішчам насельніцтва, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з дадзенымі Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу за 1917 год толькі на ўсёй тэрыторыі імперыі налічваліся мільёны бежанцаў, а ў большасці беларускіх гаспадарак не хапала працаздольных мужчын, бо вялікая колькасць з іх была заклікана ў войска. Адпаведна, уся гаспадарка краіны была ў цяжкім крызісе. Архіўныя дакументы за 1917 год распавядаюць аб аказанні насеннай і харчовай дапамогі насельніцтву беларускіх губерняў, пра пашкоджанні, прычыненыя бамбаваннямі тэрыторый гэтых губерняў. У краіне крытычна бракавала харчавання: у студзені былі ўведзеныя карткі на цукар і муку. Лета і восень 1917 года не прынеслі паляпшэння становішча з харчаваннем. У канцы ліпеня на складах поўнасцю адсутнічалі тлушчавыя прадукты і фураж, а з 13 кастрычніка спыняецца прыём патрабаванняў на прадукты харчавання для патрэб бежанцаў, па меры распродажы запасаў зачыняюцца харчовыя крамы. Беларускія землі былі спустошаныя вайной, людзі галадалі.
Падзеі, якія папярэднічаюць рэвалюцыю, кажуць пра бяздзейнасць, а часам і самавольства ўладаў на месцах. Неабходна адзначыць, што ўсталяванне ў краіне ў лютым 1917-га новай цэнтральнай улады пацягнула велізарныя пераўтварэнні на ўсіх узроўнях кіравання, і так бы мовіць “старыя кадры” ужо не былі патрэбны. Новы “народны ўрад” віталі ва ўсіх губерніях Паўночна-Заходняга краю. Таму і няправільна аб’ядноўваць і другую галіну плыні процістаяння: лібералізм і рэвалюцыянізм. Але, у той жа час, няправільна і зусім аддзяляць іх адно ад другога: яны значна разыходзіліся ў тактыцы, але сыходзіліся ў адной са стратэгічных мэтаў, якая вызначалася лозунгам: “Далоў самадзяржаўе!”. Разрыў адбыўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі гэты лозунг ажыццявіўся, а канчаткова яны разышліся ў выніку Кастрычніцкай бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года.
24 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзброенае паўстанне. У ноч на 25 кастрычніка (7 лістапада) атрады чырвонаармейцаў, салдат і матросаў занялі найважнейшыя аб’екты сталіцы (вакзалы, тэлефон, тэлеграф, банк, масты), а вечарам 25 кастрычніка 1917 года – Зімовы палац. Часовы ўрад быў арыштаваны, а яго міністры адпраўленыя ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Уся ўлада перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту (ВРК) – органу Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
А што ж на нашай тэрыторыі? У кастрычніку 1917 года тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму складалася з дзвюх частак і падзялялася лініяй фронту, якая праходзіла праз Дзвінск – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. На Захад ад лініі фронту гаспадарылі германскія акупанты, Цэнтральная і Усходняя Беларусь былі прыфрантавой тэрыторыяй рускіх войскаў. Савецкая ўлада ўсталёўвалася толькі на неакупаванай германскімі войскамі частцы тэрыторыі Беларусі і вялікую ролю ва ўсталяванні Савецкай улады на нашых землях адыгралі салдаты Заходняга фронту. Іх партыйныя і грамадскія арганізацыі цесна ўзаемадзейнічалі з мясцовымі бальшавіцкімі арганізацыямі і Саветамі рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З ваенных Заходняга фронту перш за ўсё фармаваліся цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады і кіравання. Таму нельга казаць пра рэвалюцыю ў Беларусі і на Заходнім фронце, варта казаць – на Заходнім фронце і ў Беларусі. І гэта прынцыпова.
На працягу кастрычніка – лістапада 1917 года Савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. У лістападзе (снежні) у Мінску быў створаны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) як вышэйшы орган савецкай улады. Пад кіраўніцтвам савецкіх і партыйных арганізацый ажыццяўляліся рэвалюцыйныя пераўтварэнні: праводзілася нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, ўсталёўваўся працоўны кантроль над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў, уводзіўся 8-гадзінны працоўны дзень, канфіскоўваліся памешчыцкія землі і ствараліся першыя калектыўныя гаспадаркі сялян, пашыралася сетка школьных устаноў, уводзілася бясплатная адукацыя, разгортвалася работа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва.
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года ў савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры называлася Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй. Вялікай – таму што так жа, як Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя канца 18 стагоддзя,паклала пачатак пераходу ад феадалізму да капіталізму ў сусветным маштабе. Так і Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак пераходу ад капіталізму да сацыялізму ў свеце. Сацыялістычнай – таму што па сваіх мэтах і задачах яна мела сацыялістычны характар, імкнулася да пабудовы сацыялістычнага грамадства. Аднак з пачатку 1990-х гадоў словы “вялікая” і “сацыялістычная” без навуковых абмеркаванняў з назвы рэвалюцыі былі выключаныя. Зараз дадзенае гістарычная падзея называецца Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Такім чынам, усе тыя пытанні, якія ўзнікаюць – што магло б быць, каб не рэвалюцыя, – маюць адзіны адназначны адказ. І ён у тым, што рэвалюцыя стала проста адным з варыянтаў шэрагу вынікаў, а ўся тая сітуацыя так ці інакш прывяла б да змен, да пераўтварэнняў, і па-старому ужо быць не магло. Хаця альтэрнатывы былі…
Сяргей ГАНЧАР