Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейцы прайшоў міжнародны навуковы круглы стол, які быў прысвечаны 345-годдзю з дня нараджэння Піліпа Орліка

26-27 кастрычніка ў Мінску ў Акадэміі навук Беларусі і ў Вілейцы прайшлі міжнародныя навуковыя круглыя сталы, якія былі прысвечаны 345-годдзю з дня нараджэння Піліпа Сцяпанавіча Орліка – сына двух братэрскіх народаў Беларусі і Украіны, гетмана і аўтара першай канстытуцыі Украіны. Нарадзіўся Піліп Орлік у вёсцы Касута Вілейскага раёна, а ў сусветную гісторыю ўвайшоў як адзін з самых уплывовых палітыкаў ўсходняй Еўропы.

7

Тэма арганізацыі святкаванняў 345-годдзя з дня нараджэння ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Вілейшчыны, абмяркоўвалася на самым высокім узроўні – у рамках рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў красавіку гэтага года і на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка. Менавіта тады Пётр Парашэнка падкрэсліў важнасць ўрачыстага святкавання ў гэтым годзе 345-годдзя з дня нараджэння аўтара першай еўрапейскай Канстытуцыі – гетмана Піліпа Орліка.

І вось,26 кастрычніка,міжнародны круглы стол прайшоў у інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там усіх прысутных навукоўцаў вітаў надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім. А 27 кастрычніка ў Вілейцы быў арганізаваны міжнародны круглы стол “Украінская Канстытуцыя Піліпа Орліка ў еўрапейскім кантэксце – найважнейшы дакумент гісторыка-палітычнага і сусветнага значэння”. Арганізатарамі круглага стала выступілі: Вілейскі раённы выканаўчы камітэт, грамадская камісія па ўвекавечанні памяці П. Орліка Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Мінскае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў “Заповіт”. Напярэдадні пасяджэння ўсе ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да памятнага знака на малой радзіме Піліпа Орліка ў вёсцы Касута і да мемарыяльнай дошкі на вуліцы, якая носіць яго імя ў нашым горадзе.

1

Падчас пасяджэння ўсіх прысутных ад імя Вілейскага райвыканкама вітала намеснік старшыні Святлана Дзяруга. Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, гісторыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэміі навук, а таксама прадстаўнікі вядучых універсітэтаў Украіны, вілейскія краязнаўцы, гісторыкі і музейныя супрацоўнікі.

У ходзе выступленняў падчас міжнароднага навуковага круглага стала асоба гетмана Піліпа Орліка была разгледжана ў кантэксце гісторыі, палітыкі, культуры і традыцый. Кожны з дакладаў прадстаўляў новы аспект жыцця і дзейнасці ўкраінскага гетмана як на беларускіх, украінскіх землях, так і ў эміграцыі.

5

Фігура гетмана Піліпа Орліка – вялікага сына беларускай зямлі і ўкраінскага народа – займае асаблівае месца сярод палітычных дзеячаў 18 стагоддзя. Канстытуцыя Піліпа Орліка, або “Пакт і Канстытуцыя правоў і вольнасцяў Войска Запарожскага” – важкі дакумент, што надаў новы віток развіццю грамадскіх адносін у дзяржавах таго часу. Таму невыпадкова, што канстытуцыя Піліпа Орліка на дзясяткі гадоў апярэдзіла ідэі Французскай рэвалюцыі. І мы сапраўды павінны ганарыцца тым, што ў гісторыі беларускага і ўкраінскага народаў ёсць такая постаць.

Немагчыма не адзначыць, што менавіта прадстаўнікі ўкраінскай абшчыны ў Беларусі знайшлі звесткі аб месцы нараджэння гетмана Орліка і на працягу апошніх гадоў прыкладаюць шмат намаганняў, каб памяць аб гэтай выдатнай асобе і яго гістарычнай спадчыне была ўвекавечана на яго малой радзіме – у вёсцы Касута. І ў гэтым вялікая заслуга Галіны Калюжнай, старшыні грамадскай камісіі па ўвекавечанні памяці П. Орліка. Яна ў 2002 годзе першай ініцыявала пошукі і адкрыла шлях украінцаў да Вілейскага раёна – месца, дзе нарадзіўся іх гетман. На працягу гэтых гадоў Галіна Яфімаўна разам з кіраўніцтвам раёна і мясцовымі гісторыкамі прыклалі шмат намаганняў для ўшанавання памяці ўкраінскага гетмана ў Беларусі.

Праца круглага стала ў Вілейцы была вельмі насычанай, а дыскусіі, даклады і навуковыя тэзісы, верыцца, надалі новы імпульс даследаванням і папулярызацыі спадчыны Піліпа Орліка, яе бясспрэчнай актуальнасці для сучаснасці.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries