Мы працягваем серыю публікацый да 100-годдзя Вялікага Кастрычніка, рэвалюцыі, якая змяніла сусветны ўклад, спыніла існаванне Расійскай імперыі, дала магчымасць Расіі “…адным скачком пераскочыць з сярэднявечча ў XX стагоддзі, якая явіла здзіўленаму свету дзве рэвалюцыі – палітычную і сацыяльную – у смяротнай сутычцы”. Мінулыя артыкулы па гэтай тэме далі нам магчымасць ацаніць палітычнае і сацыяльнае становішча напярэдадні рэвалюцыі, а працягам тэмы стане лёс тых, хто змагаўся за свае погляды, адным словам мы распавядзём пра 1917 год у асобах. Нашы публікацыі будуць прысвечаны палітычным дзеячам і звычайным рэвалюцыянерам, якія зрабілі свой важкі ўнёсак у агульную справу, і ўсе яны паходзяць з Вілейшчыны.
У ноч з 7 на 8 лістапада 1917 года ў Петраградзе адбылося паўстанне. Пасля стрэлу крэйсера “Аўроры”, узброеныя працоўныя, салдаты і матросы захапілі Зімовы палац і скінулі Часовы ўрад. Кастрычніцкую рэвалюцыю таксама называюць “Кастрычніцкім пераваротам”, “Кастрычніцкім паў-станнем” або “бальшавіцкі пераварот”. Даводзіцца часта чуць пытанне: “Чаму рэвалюцыя Кастрычніцкая, а адзначаецца яна 7 лістапада”. І пытанне даволі лагічнае, як і адказ на яго. Справа ў тым, што рэвалюцыя 1917 года адбылася ў ноч з 25 на 26 кастрычніка па старым стылі. А пасля 1917 года быў прыняты новы каляндар і ўсе даты пачалі адзначаць па новым стылі – адпаведна дзень рэвалюцыі стаў 7 лістапада. А назва засталася па старому – Кастрычніцкая.
Рэвалюцыя 1905–1907 гадоў, рэвалюцыя 1917 года мелі ў сваёй прадгісторыі доўгія гады змаганняў рэвалюцыянераў, якія былі папярэднікамі гэтых падзей. Яшчэ за многія дзесяцігоддзі да 1917 года былі людзі, якія адчувалі патрэбы ў карэнных зменах, якія былі прыхільнікамі ідэй Французскай рэвалюцыі, якія цаной свайго жыцця абуджалі свядомасць мас. Да такіх людзе адносіцца Антон Ягоравіч Гараднічы з вёскі Касцяневічы, наш зямляк. Яго імя занесена ва ўсе энцыклапедыі, у тым ліку і ў Вялікую Савецкую энцыклапедыю. Пра яго піша, і даволі падрабязна, у сваёй кнізе “Рускі рабочы ў рэвалюцыйным руху” першы марксісцкі гісторык рускага вызваленчага і рэвалюцыйнага руху, тэарэтык і прапагандыст марксізму, філосаф, відны дзеяч расійскага і міжнароднага сацыялістычнага руху, заснавальнік РСДРП, газеты “Іскра” – Пляханаў Георгій Валянцінавіч. З віляйчанінам Антонам Гараднічым ён быў знаёмы асабіста.
Нарадзіўся Антон Гараднічы каля 1848 года ў мястэчку Касцяневічы, у беднай сям’і сялян. Змалку зведаў цяжар сялянскай працы, а на святы і ў нядзелю спяваў у касцельным хоры. У дваццаць тры гады Антон вырашыў кінуць усё і ісці куды вочы глядзяць. Вядома, што ў 1871 годзе, у год Парыжскай камуны, Антон Гараднічы апынуўся ў Пецярбурзе. Ён, вясковы хлопец, звыклы да цяжкай працы, паступіў на работу на Неўскі механічны завод. Працаваў чорнарабочым і адначасова вучыўся слясарнай справе. Праз два гады Антон ўжо быў кваліфікаваным слесарам і працаваў на Патронным заводзе ў інструментальным аддзеле. У той час на заводзе ўсё большы размах набывала рэвалюцыйная прапаганда, да якой і далучыўся А. Гараднічы.
Рабочае асяроддзе, лекцыі вядомых змагароў супраць самадзяржаўя аказалі рашучы ўплыў на фарміраванне рэвалюцыйных поглядаў Антона Гараднічага. Узбагаціўшыся палітычнымі ведамі, ён пачаў весці актыўную рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых. Так, з 1873 года пачалася яго актыўная рэвалюцыйная дзейнасць. Антон з’яўляўся членам “Паўночнага саюза рускіх рабочых”. І ў незабаве, у сакавіку 1874 года,яго арыштоўваюць за захоўванне забароненай літаратуры і за ўдзел у сходках. Аднак хутка, за недахопам улік, яго вызвалілі. З гэтага часу А. Гараднічы жыве ў Пецярбургу пад негалосным тайным наглядам паліцыі і ўвесь вольны час займаецца самаадукацыяй.
Менавіта ў гэты перыяд Антон Гараднічы пазнаёміўся з Георгіем Пляханавым. Першая іх сустрэча адбылася зімой 1876 года на тайнай рэвалюцыйнай сходцы. Георгій Валянцінавіч лічыў Гараднічага адным з самых актыўных рабочых у рэвалюцыйным ядры пецярбургскай рабочай арганізацыі. Вось што Пляханаў пазней напісаў у сваёй кнізе:
“Перш за ўсё я пайшоў на кватэру да Гараднічага, які жыў, як аказалася, па суседстве са мной. Антон быў арыгінальны чалавек, і ледзь меў у сваім характары хоць адну з тых рысаў, якія “інтэлігенцыя” таго часу любіла прыпісваць “народу”. Працуючы на заводзе па 10-11 гадзін у суткі і вяртаючыся дадому толькі ўвечары, ён штодня праседжваў за кнігамі да гадзіны ночы. Чытаў ён павольна і, як я заўважыў, не надта лёгка засвойваў прачытанае, але тое, што засвойваў, ведаў вельмі грунтоўна. Маленькі, слабагруды і бледны, безбароды з невялікімі, тонкімі вусікамі, ён насіў доўгія валасы і сінія акуляры. Палітычная эканомія і хімія, сацыяльныя пытанні і тэорыя Дарвіна – усё аднолькава прыцягвала да сябе яго ўвагу, узбуджала ў ім аднолькавую цікавасць, і, здавалася, патрэбны былі дзесяткі гадоў, каб пры яго становішчы хоць трохі здаволіць яго разумовы голад. Бачачы, як зацікавіла мяне “працоўная справа”, бунтары прынялі мяне ў свой гурток, так што “заняткі з рабочымі” сталі з тых часоў маім рэвалюцыйным абавязкам, і ўсё дзякуючы Антону Гарднічаму”.
6 снежня 1876 года Антон Гараднічы ўдзельнічаў у масавай дэманстрацыі на Казанскай плошчы, дзе сабраліся лепшыя рэвалюцыйныя сілы Расіі. Яна ўвайшла ў гісторыю як першая рабочая дэманстрацыя. Праз год Гараднічы прыцягваецца па справе “аб прапагандзе ў імперыі”, якая закончылася буйным палітычным працэсам “193-х”. У маі 1879 года ён быў арыштаваны і высланы ў адміністрацыйным парадку на радзіму ў Касцяневічы. Але і на роднай зямлі не было яму спакою. Вось што пісалі ў сваім рапарце паліцэйскія: “Антон Ягоравіч Гараднічы несумненна мае па сваім складзе думак вельмі шкодны ўплыў на акружаючае яго асяроддзе і закладвае тут асновы шкоднай прапаганды”. Адпаведна, чыноўнікі хадайнічаюць аб высяленні яго ў адну з аддаленых губерняў Імперыі.
З 15 кастрычніка 1879 года за “шкодны ўплыў” Антон Гараднічы паселены ў горад Мезень Архангельскай губерніі. Там, у суровых умовах холаду і недаядання, ён пражыў каля трох гадоў. За гады паўночнай ссылкі было моцна падарвана яго здароўе. Вярнуўшыся ў Пецярбург, Антон Гараднічы менш удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, як сцвярджаюць рапарты, але на самой справе сваю дзейнасць рэвалюцыянера не прыпыняў. Яго далейшы лёс амаль невядомы, але па некаторых дадзеных мы ведаем, што Антон Гараднічы прымаў удзел у рэвалюцыях і памёр пасля 1917 года.
Вось такі жыццёвы шлях звычайнага сялянскага хлопчыка з Касцяневіч, які сваім сціплым, на яго думку, унёскам рабіў значную справу прапаганды рэвалюцыйных ідэй. Яго лёс – гэта лёс усіх рэвалюцыянераў таго часу. Ён па праву лічыцца адным з папярэднікаў Вялікага Кастрычніка.
Сяргей ГАНЧАР