Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пад хваінкаю сядзяць і з цікавасцю глядзяць

Даўні сябра газеты, аўтар цікавых публікацый і фотаздымкаў Ігар Кіцікаў – чалавек рознабаковых інтарэсаў. Нават здзіўляешся, як у яго, вельмі занятага (для тых, хто не ведае: Ігар Сямёнавіч – дырэктар дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа), на ўсё хапае часу. А вось жа хапае… Любоў да роднага краю, прыроды і ўсяго жывога ў Кіцікава – на галоўным месцы. Яго цікавяць легенды і паданні пра мінуўшчыну Вілейшчыны, ён у курсе ўсіх навін дня сённяшняга роднага краю, а яшчэ ён ведае і можа падзяліцца мноствам цікавых гісторый аб прыродзе і братах нашых меншых.

Кот– Асабліва люблю катоў, – зазначыў Ігар Сямёнавіч. – У нас дома жыве кошка, у якой нядаўна нарадзілася чацвёра забаўных кацянятак. Гарэзнікі падрасталі, і прыйшоў час знаходзіць ім гаспадароў. Дваіх кацянятак забралі адразу ж, як толькі я даў аб’яву ў «раёнку». Яшчэ два заставаліся з мамай. Цяпер, дарэчы, і яны ўжо ў новых гаспадароў.
Як расказаў мой субяседнік, асабліва падабалася кацяняткам гуляць са шчучым хвастом, хатняй раслінай. А аднойчы непадалёк ад гэтага самага хваста гаспадар паставіў нешта зялёнае, пахучае і такое калючае! І цікаўная каціная малышня пачала актыўна знаёміцца з гэтым «нешта»: то лапкай датыкнуцца да галінкі, то носік паколяць аб іголкі, адскочуць, а затым – зноў да незнаёмкі.
– Калі асвоіліся, то пачалі так насіцца пад елкай! – усміхаецца Ігар Сямёнавіч. – Адзін нават на самую верхавіну залез, шкада вельмі, што не паспеў я гэта сфатаграфаваць.
А гэты фотаздымак зрабіць было таксама няпроста – ніяк не хацелі малышы пазіраваць, не маглі суцішыцца ні на хвілінку. Але ж што не зробіш дзеля любімага гаспадара! На яго голас і азірнуліся. Такія вось коцікі ад Кіцікава…
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: вось яны, сімвал надыходзячага года
Фота Ігара Кіцікава

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries