Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Час «каралевы палёў»

Даўно ўбраны збожжавыя палеткі ў гаспадарках раёна. Прыйшоў час «каралевы палёў» – кукурузы. На яе ў частцы папаўнення кармавых запасаў ў сельскай гаспадарцы ўскладаюцца пэўныя надзеі. Яно і зразумела: кукуруза – важнейшы корм для дойнага статка. Таму ўборка «каралевы» – адно з галоўных звенняў у ланцугу восеньскіх палявых работ.

DSCF8956

У ААТ «Нарачанскія зоры, куды мы наведаліся на днях, уборка кукурузы ўжо была на завяршэнні.
– Усяго ў гаспадарцы яе было 607 гектараў, – расказаў па дарозе на кукурузнае поле галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі. – На сёння (12 кастрычніка. Аўт.) засталося ўбраць каля паўсотні гектараў. Усе траншэі, якія планаваліся пад сілас, запоўнены. Так што будзем з кармамі.
Мы ехалі да вёскі Ручыца, непадалёк ад якой у гэты дзень убіралася кукуруза. Насустрач адна за другой траплялі машыны, загружаныя здробненай масай.

– Дваццаць дзве адзінкі тэхнікі заняты на адвозцы, – апярэдзіўшы маё пытанне, пачаў расказваць галоўны аграном. – І яшчэ тры – на здрабненні. Штодня закладваем да паўтары тысячы тон сіласу.
Па дарозе паспявалі агледзець упарадкаваныя палеткі гаспадаркі: вось густым дываном зелянее рапс; далей – акуратна апрацаваныя ячменныя палі; а вось непадалёк ад Канстанполля раскінулася на месцы былога сада сенажаць, сёлета былі добрыя мнагалетнія травы… Дажджлівае надвор’е, канешне ж, пакідае свае сляды – бачна, што там-сям на палях стаіць вада. Здавалася б, не пройдзе тут тэхніка, абавязкова завязне. «Праходзіць, – коратка адказаў на заўвагу аграном. – За многія гады практыкі ўсяму навучыліся».

DSCF8954
Кароткі перапынак – і за працу

Трыццацігектарнае поле ля Ручыцы сустрэла гулам тэхнікі. Агледзеліся. Пакідаючы пасля сябе чыста зжатую плошчу, па палетку плаўна снавалі кормаўборачны камбайн нямецкай вытворчасці «Ягуар-850», якім упраўляе Ігар Карыцька, і айчынны КВК-8060, на якім працуе Уладзімір Барыла. Абодва старанныя, вопытныя механізатары, якім можна даверыць справу і ведаць, што ўсё будзе зроблена выдатна. Да іх адна за другой пад’язджалі машыны, загружаліся здробненай масай і бралі курс да траншэй. «Заўтра і гэта поле будзе ўбрана» – канстатаваў Віктар Драчылоўскі, аглядаючы ўжо напалову чысты палетак. Шэрыя аблокі, нізка навіслыя над зямлёй, сыпалі дробным кастрычніцкім дажджом; бліжэйшы лес, расквечаны ў розныя колеры, ужо пачаў скідаць долу сваё ўбранне… Не за гарамі зіма. І, гледзячы на ўбраныя палеткі, міжволі падумала пра важнасць своечасовасці…

DSCF8944
Механізатар Фёдар Тумаш

На пытанне, што будзе далей, аграном толькі ўсміхнуўся, маўляў, без справы сядзець не будзем. І ўдакладніў, што на чарзе – вываз арганікі, ад чаго залежыць, якім будзе ўраджай ужо наступнага года.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries