Не ведаю, як вы, а я ў гэтым упэўнілася, і не адзін раз.
Не так даўно, 14 год назад, Вілейскі ліцэй (тады – Вілейскае ПТВ №200) скончыў наш зямляк Аляксандр Кірылюк. Усе хлопцы імкнуліся стаць вадзіцелямі, трактарыстамі, электрыкамі, а яму даспадобы была спецыяльнасць цырульніка, майстра па манікюру.
«Вучыўся звычайна, як і ўсе аднагодкі, толькі мара была – стаць вядомым на ўвесь свет цырульнікам-стылістам,» – успамінае майстар вытворчага навучання Вольга Каркоцкая.
I якім было яе здзіўленне, калі даведалася, што Саша Кірылюк пабываў з майстар-класамі і шоу больш чым у 20 краінах свету (ад Аргенціны да Японіі). Апошнія 2 гады ён жыве і працуе ў Барселоне, паспеў адкрыць там свой салон і атрымаць прэмію «Адкрыццё года ў вобласці цырульніцкага мастацтва Іспаніі» на фестывалі прыгажосці Соsсоbellеzа-2010. Нядаўна працаваў з футбалістам Андрэсам Ін’естай, тым самым, што забіў пераможны гол у фінале чэмпіяната свету па футболе -2010.
Да таго, як паехаць у Іспанію, Кірылюк жыў у Беларусі, працаваў цырульнікам-стылістам на «Славянскім кірмашы» ў Віцебску, на фестывалі «Белая амфара». На конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь» менавіта ён прычэсваў Вольгу Антропаву, калі яна перамагла, а на «Міс Інтэркантыненталь» – пераможцу- венесуэлку Ханелі Кінтэра.
Аднак яму, як і ўсім, хочацца падзяліцца сваімі дасягненнямі з «аlmа matег», бо самая каштоўная ацэнка – гэта ацэнка першага настаўніка ў прафесіі.
А нам Саша паабяцаў, што ў хуткім часе прыедзе ў Вілейку і правядзе майстар-клас для выпускнікоў ліцэя, будучых спецыялістаў.
Да сустрэчы!
Вілейскі сельгасліцэй







