Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Традыцыйныя сустрэчы з ветэранамі працы прайшлі на хлебазаводзе і райгазе

Стала добрай традыцыяй напярэдадні першых выхадных кастрычніка ладзіць сустрэчы ў працоўных калектывах і запрашаць на іх ветэранаў вытворчасці. Гэты восеньскі дзень – нібы напамін тым, чыя жыццёвая восень яшчэ далёка, што ёсць людзі залатога ўзросту, якім патрэбны нашы ўвага, добрае слова і спагадлівасць. Працоўны калектыў – гэта, можна сказаць, другая сям’я, дзе нельга выконваць свае абавязкі без штодзённага ўзаемадзеяння з калегамі і ўзаемапаразумення. Таму і пасля выхаду на заслужаны адпачынак былыя калегі трымаюць сувязь: цікавяцца справамі, пытаюцца адзін у аднаго пра здароўе і ўвогуле пра жыццё. А сустрэчы, як тыя, што адбыліся на мінулым тыдні на хлебазаводзе і ў райгазе, выдатная магчымасць убачыцца зноў.

IMG_3994

У мінулы чацвер на Вілейскім хлебазаводзе сустракалі сапраўды дарагіх гасцей. 51 чалавек – менавіта столькі налічвае сёння ветэранская арганізацыя прадпрыемства, з іх 48 занесены ў ганаровыя спісы, таму што адпрацавалі на хлебазаводзе 20 і больш год. У вызначаны час усе яны збіраліся ў клубе хлебазавода, дзе іх гасцінна сустракалі супрацоўнікі і былі падрыхтаваны святочныя сталы – каб за кубкам гарбаты (канечне ж, дапоўненым прадукцыяй хлебазавода) можна было, не спяшаючыся, пра ўсё пагаварыць. З некаторымі работнікамі хлебазавода, якія прысвяцілі яму значую частку свайго жыцця, удалося пазнаёміцца бліжэй. Вось Ніна Мікалаеўна Шкет, якая 23 гады адпрацавала тут у якасці намесніка галоўнага бухгалтара, а з 1996 года знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ніна Мікалаеўна ўспамінае, што працавала і на арыфмометры, і з лічыльнікамі, а толькі пазней – на калькулятары. Сёння, калі тэхніка атрымала такое імклівае развіццё, гэты час здаецца далёкім мінулым, але менавіта так усё і было. Да нашай размовы далучылася і Майя Пятроўна Качан, працоўны стаж якой складае 30 гадоў, усе яны прысвечаны хлебазаводу, на якім яна была пекарам-майстрам. Яна ўзначальвала брыгаду, у складзе якой было пятнаццаць чалавек. Працавалі ў тры змены – пяклі хлеб… Нягледзячы на тое, што сёння на паліцах магазінаў багаты выбар гатункаў хлеба, прывезенага з самых розных куточкаў Беларусі, Майя Пятроўна заўсёды выбірае толькі свой – вытворчасці Вілейскага хлебазавода. Валянціна Аляксандраўна Строк да выхаду на адпачынак працавала на хлебазаводзе інспектарам па кадрах. Яна адзначае, што на заводзе былых працаўнікоў заўсёды цёпла і душэўна прымаюць, пра іх памятаюць і дзверы ў любы час для іх заўсёды адчынены.

IMG_4013

Калі ўсе госці сабраліся, прывітальныя словы ім адрасавалі Анатоль Сяляўка, інжынер па тэхніцы бяспекі і адказны за ідэалагічную работу, а таксама інжынер-тэхнолаг Жанна Козак. Кветкі і грашовыя прэміі ад адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі хлебазавода – у знак павагі і пашаны за шматгадовую працу, а канцэртная праграма ад народнага гурта «Суквецце» Вілейскага Палаца культуры, салістаў хора ветэранаў аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – для святочнага настрою. Менавіта так ушаноўвалі на хлебазаводзе сваіх былых работнікаў напярэдадні свята, прысвечанага людзям залатога ўзросту.

IMG_4047

А ў мінулую пятніцу сваіх былых працаўнікоў на святочную ўрачыстасць чакалі ў Вілейскім райгазе. Тое, што каля адміністрацыйнага будынку стаіць адна з першых машын з касетамі для развозкі газавых балонаў – сімвалічна. У гэтым годзе Вілейскі райгаз адзначыць сваё 50-годдзе, а калі яго гісторыя толькі пачыналася, такіх машын было толькі дзве, а з работнікаў – толькі шэсць чалавек. І тое, што прыходзілася ў выпадку адсутнасці транспарту вазіць газ на падводзе – зусім не байка. Гісторыя ў палову стагоддзя – падстава ганарыцца тымі людзьмі, якія працавалі тут на працягу гэтага тэрміну, выконвалі няпростыя, а часам і небяспечныя, і адказныя абавязкі.

IMG_4053

Зараз у гэтай арганізацыі 39 ветэранаў, з якіх 30 маюць бесперапынны стаж і адпрацавалі  на адным месцы больш за 20 год. Працоўным стажам у 38 год можа ганарыцца Мікалай Сяргеевіч Валынец, ён працаваў і на развозцы, і майстрам, і ў газавым будаўніцтве. З 1975 па 1994 год бухгалтарам працавала ў гаргазе Браніслава Ісакаўна Пагуда, якая пасля выхаду на пенсію лічбы памяняла на песню – і сёння спявае ў хоры ветэранаў пры Вілейскім Палацы культуры. Разам, рука аб руку, працавалі ў гаргазе Марына Браніславаўна і Уладзімір Аляксандравіч Пяркоўскія. Аліна Паўлаўна Мішкевіч (калегі і знаёмыя прывыклі называць яе Алай Паўлаўнай), у 1969 годзе прыйшла сюды кладаўшчыком, а з 1977-га працавала майстрам і аварыйнай, і падземнай, і ўнутрыдамавой газавай службы. Цяжкая, небяспечная работа ў газавай службе, але цікавая – менавіта так разважае Аліна Паўлаўна, успамінаючы мінулае без шкадавання. Цяпер яна дэманструе свае арганізатарскія здольнасці, узначальваючы савет ветэранаў прадпрыемства. З былымі работнікамі сустракаецца, а таксама трымае сувязь па тэлефоне. На жаль, пра працоўны лёс кожнага не раскажаш у межах газетнай старонкі. Важна тое, што пра сваіх работнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, адміністрацыя і прафкам не забываюць – паводле калектыўнага дагавора яны карыстаюцца ільготамі на аздараўленне, атрымліваюць бясплатную падпіску на прафсаюзнае выданне, іх запрашаюць прыняць удзел у экскурсіях і запрашаюць на сустрэчы. Вось і да Дня людзей паважанага ўзросту былыя супрацоўнікі атрымалі матэрыяльную дапамогу, каштоўныя падарункі, сталі гледачамі канцэрта, арганізаванага сваімі намаганнямі, а за святочным салодкім сталом шмат успаміналі і размаўлялі пра жыццё-быццё.

IMG_20170929_151601

Вось такімі былі яны, гэтыя дзве восеньскія сустрэчы, для блізкіх і духам, і душой людзей – тых, хто будаваў гісторыю названых прадпрыемстваў, і тых, хто будуе яе сёння.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 38 queries