Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Інтуіцыя для прафесіянала

Завяршаецца наша традыцыйная акцыя «Чалавек года».
Нагадаем, што згодна ўмоў конкурсу, прэтэндаваць на гэта званне можа асоба неардынарная, дзейнасць якой атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Імёны, якія нам прапаноўваюць, неаднойчы гучалі на газетных старонках. І гэта радуе. Паколькі аб’екты журналісцкай увагі сугучныя вашым прапановам, паважаныя чытачы. Значыць, між намі ёсць узаемаразуменне, мы – сталыя, грунтоўныя сябры. І можам дзяліцца сваімі думкамі, будаваць адносіны на даверы і дружбе. Спадзяемся, вам будуць цікавымі падобныя інтэрв’ю з кандыдатамі, бо раскрываюць яны іх унутраны свет, дапамагаюць глыбей унікнуць у сутнасць чалавечых паводзін, вызначыць тое галоўнае, індывідуальнае, чым жыве асоба.
Гутарым з Ліліяй Івашкевіч, урачом-анколагам Вілейскага анкадыспансера.
? Прынцып «не нашкодзь». Наколькі часта Вам даводзіцца яго рэалізоўваць пры выкананні прафесійных абавязкаў, а, магчыма, і чыста чалавечых?
– Пытанне нібы на мяне разлічана. Безумоўна, гэты прынцып галоўны для ўрача. І трэба мець не толькі прафесійнае чуццё, але і інтуіцыю, каб фізічна і маральна не нашкодзіць чалавеку.
?Ці часта да Вас звяртаюцца за дапамогай? Як Вы рэагуеце на просьбы падобнага роду? Як наогул успрыймаеце такое паняцце, як дабрачыннасць?
– Звяртаюцца часта. Як да ўрача – гэта зразумела. Адмовіць ні ў якім выпадку не маю права. Толькі бывае, мая дапамога выходзіць за межы прафесійных абавязкаў. І хоць знаёмыя здзіўляюцца (табе гэта трэба?), не магу праявіць раўнадушша. Мой прынцып такі: можаш – дапамажы. Ці хоць паспрабуй гэта зрабіць. Нельга пакідаць чалавека сам на сам з той бядой ці праблемай, ад якой яму самому не пазбавіцца.
Дабрачыннасць – гэта не толькі матэрыяльная, але і маральная падтрымка. Мы яе часта разумеем аднабакова. Людзям, бывае, і добрае слова патрэбна, парада. Выслухаць і разважыць – хіба гэта не важна? Як многа людзей пакутуе ад адзіноты, саромеючыся навязаць бліжняму свае праблемы. Праявім дабрачыннасць і міласэрнасць, разглядзеўшы ў натоўпе іх разгубленасць і адчай!
? Кажуць, ступень цывілізаванасці грамадства вымяраецца вольным часам яго грамадзян. Як бавіце Вы, Лілія Яўгеньеўна, свой вольны час? Якога роду занятку аддаяце перавагу, зняўшы белы халат і стаўшы, нарэшце, не ўрачом, а проста мілай, абаяльнай жанчынай?
– Падарожнічаць люблю. І выбіраю не далёкае замежжа, а больш блізкія краіны. Была ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, ва Украіне. Асаблівую асалоду атрымліваю ад падарожжаў па Беларусі. Кнігі люблю. Розныя. Калі чымсьці ўсхваляваная, чытаю жаночыя раманы. У асноўным жа перавагу аддаю школьнай класіцы. Там ёсць над чым падумаць.
Выдаецца вольная хвіліна – корпаюся ў градках. Зямля мае добрую энергетыку і здымае адмоўныя эмоцыі. Да таго ж: вынік тваёй працы не прымушае сябе чакаць. Было пустазелле – і вось чыста, хораша…
? Чаго б хацелі пажадаць нашым чытачам напярэдадні калядных свят і Новага года?
– Як урач, – здароўя. Разумею, што гучыць гэта трафарэтна. Але толькі страціўшы яго, пачынаеш разумець, наколькі яно дарагое. Хачу, каб родныя, блізкія, раздзеленыя адлегласцю, можа, і якімі непаразуменнямі, сышліся, нарэшце, за святочным сталом. І ўзнялі келіхі за шчасце, стабільнае будучае, мір і спакой.
Марыя КУЗАЎКІНА
У спісе кандыдатаў на «Чалавека года» – В.В.Канівец, урач выязной брыгады хуткай медыцынскай дапа-могі; С.М. Жук, дырэктар ААТ Буддэталі»; ксёндз Аляксандр Барыла, вілейскі дзекан.
Ёсць час яшчэ праявіць актыўнасць, патэлефанаваць у газету ці размясціць прапановы на нашым сайце.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries