У Вілейскім раёне апошнім часам шмат робіцца для папулярызацыі экалагічна сяброўскіх адносін да навакольнага асяроддзя, з прыарытэтамі развіцця веларуху, працы па асобнаму збору смецця, стварэнню пляцовак альтэрнатыўнай энэргіі, у тым ліку і з распрацоўкай планаў па энэргазберажэнню. Такім крокам з’яўляецца і рэалізацыя ў нашым раёне праекта «Сістэма экалагічнага менеджменту як інструмент нарошчвання патэнцыялу мясцовай супольнасці ў інтарэсах яе ўстойлівага развіцця» ці прасцей кажучы – «Праз энергазберажэнне да развіцця рэгіёнаў», які рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Жывое партнёрства” пры фінансавым садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі. Дадзены праект рэалізуецца ў перыяд з красавіка 2016 па снежань 2018 года.
У рамках праекта «Праз энергазберажэнне да развіцця рэгіёнаў» у мінулую пятніцу ў вялікай зале райвыканкама прайшоў семінар-практыкум па энергазберажэнню, экалагічным менеджменце для мясцовых органаў улады і прадстаўнікоў бюджэтных арганізацый Вілейскага раёна. Удзельнікам навучальнага семінара была прэзентавана сістэма маніторынгу штодзённага спажывання энергарэсурсаў бюджэтнымі арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у праекце.
Кіраўнікам, намеснікам кіраўнікоў па гаспадарчай частцы і загадчыкам гаспадарчай часткай устаноў адукацыі, медыцыны і культуры была прадстаўлена праграма «Энергабаланс», якая з’яўляецца інструментам для штодзённага маніторынга энэргаспажывання. З дапамогай праграмы можна будзе кантраляваць і аналізаваць спажыванне энергарэсурсаў. Бо як вядома, перш чым нешта эканоміць, трэба ведаць, што і ў якіх колькасцях спажываеш!
Вядучыя семінара, Ларыса Якавюк, менеджэр праектаў РСЭГА «Жывое партнерства» г. Мінск і Дзмітрый Сакалюк, спецыяліст экалагічнай арганізацыі «Экаклуб» у г.Роўна Украіна, паспрабавалі як мага больш распавесці пра якасныя складаючыя дадзенага праекта і яго перспектывы для нашага раёна. А таксама Дзмітрый Сакалюк прэзентаваў распрацаваную кампутарную праграму «Энергабаланс», якая дзякуючы паступленню інфармацыі ад усіх энергаспажыўцоў, удзельнікаў праграмы, на агульны сервер, дазволіць аналізаваць спажыванне энергарэсурсаў і аператыўна вызначаць ўстановы, якія патрабуюць ўкаранення энергазберагальных мерапрыемстваў. Такі падыход забяспечвае максімальна магчымы эфект і хуткае вяртанне капіталаўкладанняў за кошт эканоміі энерганосьбітаў.
Дзякуючы дадзенаму праекту Вілейскі раён на базе бюджэтных арганізацый выбудуе структуру энергетычнага менеджменту і забяспечыць яе развіццё для наладжвання далейшай эфектыўнай сістэмы энэргазберажэння ўсяго раёна. З’яўляючыся падпісантам міжнароднага Пагаднення мэраў, Вілейскі раён узяў на сябе абавязкі па зніжэню энэргаспажывання і скарачэнню выкідаў СО2 дзеля захавання клімату. Для гэтага раён павінен распрацаваць адпаведную праграму дзеянняў. Аналіз дадзеных, атрыманых з дапамогай праграмы “Энергабаланс” будзе падставаай для планавання мерапрыемстваў і распрацоўкі Плана дзеянняў раёна па ўстойлівай энэргетыцы і клімату.
Дарэчы, гэты ж праект рэалізуецца, акрамя Вілейскага, і яшчэ ў двух раёнах Беларусі – Веткаўскім і Чавускім у супрацоўніцтве з партнёрамі: РСЭГА «Жывое партнёрства» г. Мінск, ГА «Лебен нах Чарнобыль» Германія, МЭГА «ЭНДО» г.Чавусы, ГА «ЗОВіК» г.Вілейка, і ў цесным супрацоўніцтве з мясцовымі раённымі выканаўчымі камітэтамі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара