28 жніўня праваслаўныя веруючыя адзначалі свята Успення Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэтаму вялікаму святу прысвечана шмат храмаў не толькі ў Беларусі, але і ў многіх іншых краінах, ёсць Успенскія храмы і на Вілейшчыне. Адзін з іх – Рабунская Свята-Успенская царква, якая была пабудавана ў 1862 годзе і адзначае ў гэтым годзе 155 год з дня пабудовы. Хаця паўнавартаснае свята веруючыя і прыхаджане рабунскага храма могуць адзначаць у наступным годзе, бо асвячэнне царквы адбылося ўжо ў наступным 1863 годзе. Якая ж гісторыя ўзнікнення рабунскай святыні?
Першы вядомы храм у Рабуні быў пабудаваны ігуменняй Віленскага бернардынскага Свята-Міхайлаўскага манастыра Ефрасінняй Сапега ў 1646 годзе. Гэта быў драўляны ўніяцкі храм, які ўваходзіў у Куранецкую парафію, а яго прэсфітарам быў Ян Чарняўскі. Для гэтага храма была замоўлена вялікая ікона Маці Божай у акладзе на чырвоным аксаміце, якую ў дакументах ХVIІ стагоддзя называюць «Маці Божая Рабунская». Верагодней за ўсё, гэты абраз быў замоўлены самой Ефрасінняй Сапега. Старажытны абраз захаваўся да нашых дзён, ён пераносіўся з храма ў храм і зараз змяшчаецца ў царкве за Царскай брамай. Гэта святыня апісваецца ў многіх старажытных дакументах і даследаваннях і па праву можа лічыцца ахоўніцай вёскі і прыхода.
Драўляны храм праіснаваў да 1862 года, калі быў разабраны, а з яго лепшых бярвеняў была ўзведзена невялікая капліца. У тым жа 1862 годзе было скончана будаўніцтва новага каменнага храма ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы на сродкі казны. З канца ХІХ стагоддзя і да 1960-х гадоў у прыходзе былі тры прыпісныя могілкавыя драўляныя капліцы: у Сліпках – у гонар Георгія Пераможцы, у Клоўсях – у гонар Святого Барыса і Глеба, і ў Нясцёрках – у гонар Казанскай Божай Маці, абраз якой зараз захоўваецца ў Рабунскай царкве. Усе капліцы ў час атэізму ў 1960-я гады былі разбураны.
Рабунская Свята-Успенская царква канца ХІХ стагоддзя ўзводзілася ў рэтраспектыўна-рускім стылі з бутавага камення і з уласцівай беларускім культавым будынкам асаблівасцю: швы паміж бутавым каменнем мазаічна запоўнены чорнай каменнай дробкай, гэта так званая разынкавая муроўка. Старажылы вёскі распавядалі гісторыі, як кожны жыхар прыхода на той час павінен быў даваць яйкі і малако, якія ўмешвалі ў вапнавы раствор для большай трываласці, што даказвае і час. Такая муроўка з цягам часу становіцца як каменная і не разбураецца. Бутавая муроўка будынка царквы добра спалучаецца з атынкаванымі і пабеленымі вуглавымі лапаткамі, абрамленнямі аконных праёмаў і ўваходу. Першапачаткова дах царквы быў драўляны, пакрыты гонтай, з чатырох бакоў былі разныя люкарні, а купал мясціўся на васьмігранным барабане. Меліся каменная званіца і агароджа, якія былі разбураны падчас закрыцця святыні. А звон з рабунскай царквы, гучанне якога было чуваць па ўсім наваколлі, пасля закрыцця царквы ў 1960 годзе быў вывезены і пераплаўлены.
З дакументаў вядома, што ў 1891 годзе намаганнямі прытча і прыхаджан Рабунскай царквы быў замоўлены на іх ахвяраванні абраз Святога Прарока Іллі, у памяць аб дзівоснай падзеі 17 кастрычніка 1888 года. Гэты абраз 20 ліпеня 1891 года быў асвечаны і з хрэсным ходам з будынка мясцовага народнага вучылішча быў перанесены ў царкву. Што ж адбылося 17 кастрычніка 1888 года? З гісторыі вядома, што ў гэты дзень імператар Аляксандр III разам з усёй сям’ёй і суправаджаючымі асобамі вяртаўся на цягніку з Крыма. Знянацку, у сямі вёрстах ад станцыі Боркі Харкаўскай губерні, цягнік, які ішоў з хуткасцю больш за 60 вёрст, сышоў з рэек. Вагон, дзе ехала царская сям’я, разбурыўся, аснова яго разам з коламі скацілася з насыпу, сцены сплюснуліся і толькі дах, скруціўшыся на адзін бок, прыкрыў пасажыраў. Пад абломкамі гэтага вагона загінула буфетная прыслуга (імператарская сям’я ў гадзіну крушэння снедала). Мэбля, посуд, люстэркі – усё было разбіта. У выніку крушэння цягніка загінулі 23 чалавекі, а цяжка параненых было 22. Але здарыўся цуд – з членаў імператарскай сям’і ніхто сур’ёзна не пацярпеў. Менавіта ў гонар гэтай падзеі ў многіх храмах імперыі замаўлялі абразы.
У царкоўных ведамасцях ёсць артыкулы і аб тым, што стараста Рабунскай царквы Іван Емяльянавіч Бічун, які быў назначаны 14 мая 1891 года і адбыў 4 трохлецця на пасадзе, быў узнагароджаны царкоўным медалём з надпісам «За старанне» на Станіслаўскай ленце для нашэння на грудзях.
Падчас Першай сусветнай вайны на цвінтары Рабунскай царквы былі пахаваны ў брацкай магіле салдаты, што загінулі ў баях каля вёскі. А пасля заканчэння Мікалаеўскай вайны сяляне вёскі, тут жа, каля храма, паставілі памятную пліту ў гонар салдат, якія не вярнуліся. Яна існуе да нашага часу. Маецца на царкоўным пагосце і надмагілле настаяцелю храма, які служыў у прыходзе падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, царква ў час Другой сусветнай вайны працягвала выконваць сваю функцыю і не зачынялася ні на адзін дзень. Настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Уладзімір самааддана дапамагаў партызанам, прымаў іх у сябе, забяспечваў іх прадуктамі і медыкаментамі, а таксама даваў месца для адпачынку. Партызаны захоўвалі ў хаце святара тол, капсюлі і бікфордавы шнуры. За гэта святар быў схоплены немцамі і расстраляны разам з дачкой. А пасля пахаваны тут, на царкоўным пагосце.
У канцы 1950-х гадоў царкву было вырашана зачыніць, бо побач месцілася школа. Першая спроба гэта зрабіць не ўдалася, мясцовыя жыхары зачыніліся ўнутры і адстаялі храм. Але ў 1960 годзе царкву ўсё ж зачынілі, частку начыння выкінулі, а астатнюю вывезлі ў суседні храм у вёску Касуту. Пасля закрыцця Рабунскі храм спачатку быў пераабсталяваны ў школьную спартзалу, а пасля – у склад. Каля самой царквы была ўладкована валейбольная пляцоўка, а бутавая агароджа і званіца былі разабраныя. У 1990-м годзе царква была вернута вернікам і адноўлена. Усе царкоўныя рэчы былі вернуты з Касуты ў Рабунь, у тым ліку і старажытны абраз Божай Маці канца ХVIІ стагоддзя.
Шмат добрага помняць прыхаджане Рабунскага храма і пра айца Еўдакіма Норку, які з 1915 года служыў на Вілейшчыне. Спачатку псаломшчыкам, потым дыяканам, а з 1940-га года быў рукапакладзены ў святары. Апошнім яго месцам служэння ў 1961 годзе быў прыход у вёсцы Рабунь. У сямейных архівах прыхаджан захавалася шмат фотаздымкаў з настаяцелем.
Шмат робіцца для прыхода і храма і ў апошнія гады. Настаяцель храма айцец Валянцін прыкладае шмат намаганняў для добраўпарадкавання святыні і надання ёй годнага выгляду. Ужо на працягу больш за паўтара стагоддзя храм прымае веруючых і аберагае вёску і ўвесь прыход. Верыцца, што так будзе заўжды.
Сяргей ГАНЧАР
Фота з архіва краязнаўчага музея