Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Муж і жонка – для роднай старонкі

Гадоў з дзясятак назад я пісала матэрыял пра дружную і працавітую сям’ю Кузьмічоў з Куранца. Тады, памятаецца, Ганна Станіславаўна, Уладзімір Ігнацьевіч са сваімі дзеткамі толькі пераехалі сюды жыць з Балашоў. На новым месцы, як кажуць,  абжываліся, а ўжо бачна было,  што людзі  працавітыя, сапраўдныя гаспадары і творчыя натуры. Памятаецца, на падворку было многа кветак і розных забаўных, што называецца,  разынак: недзе кветкі раслі проста… са старога бота, а там цешыла вока арыгінальная малая архітэктурная форма, зробленая гаспадыняй. За гады, якія прайшлі з часу нашай сустрэчы, падворак Кузьмічоў значна папрыгажэў. «Прыязджайце – і ўбачыце» – запрасіла па тэлефоне Ганна Станіславаўна. Калі-небудзь мы пастараемся зноў расказаць нашым чытачам, як жывуць і працуюць Кузьмічы, як добраўпарадкоўваюць падвор’е. Сёння ж хочацца закрануць іншую тэму – дэпутацкую дзейнасць сям’і.  Менавіта сям’і, бо Уладзімір Ігнацьевіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца мясцовым дэпутатам і старастам Куранца, а Ганна Станіславаўна – дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Такая вось цікавая сям’я.

image (7)
Уладзімір Ігнацьевіч і Ганна Станіславаўна Кузьмічы з дачкой Аленай

– Так ужо павялося, што нават дома мы з мужам вельмі многа гаворым пра грамадскую работу, – падзялілася Ганна Станіславаўна. – Абмяркоўваем пытанні, што хвалююць людзей. Якія яны? Ды розныя. Вось, дапусцім, наракалі куранчане на бадзялых сабак, маўляў, трэба нейкую раду з імі рабіць. Сумесна з сельсаветам (а мы літаральна кожную праблему вырашаем разам з Віктарам Васільевічам Уліцкім) арганізоўвалі работу па адлове нічыйных жывёлін. Тут, канешне, многа пытанняў да людзей, «дзякуючы» якім чатырохногія брадзяжкі з’яўляюцца, але ж зараз размова не пра іх. Аднымі з найбольш частых пытанняў, якія хвалююць людзей, з’яўляюцца дарожныя. І па іх вырашэнні працуем сумесна з сельсаветам, бо што ж адзін дэпутат зробіць. У нас вялікая работа праводзіцца па добраўпарадкаванні, за кожнай установай замацавана свая тэрыторыя, дзе і наводзіцца парадак. Сумеснымі намаганнямі арганізоўваем работы на могілках, сочым, каб добраўпарадкаванымі былі тэрыторыі ля помнікаў загінуўшым у час вайны. У гэтай справе, дарэчы, нямала робіцца і школай. Ёсць у аграгарадку нямоглыя жыхары, якія не ў стане самі , дапусцім, абкасіць травы на падворышчы – ім заўсёды дапамагае сельсавет. Як, дарэчы, і старую праводку ў хаце замяніць, і печ, калі трэба, адрамантаваць.

image (6)
Ганна Кузьміч сярод блізкіх людзей

Калі табе даверылі аднавяскоўцы, абраўшы сваім дэпутатам, значыць трэба працаваць, сваёй дзейнасцю даказваць, што людзі не памыліліся. У гэтым Кузьмічы перакананы.

– Яны з тых, хто, узяўшыся за справу, даводзіць яе да канца, – характарызуе дэпутацкую сям’ю старшыня Куранецкага сельвыканкама Віктар Уліцкі. – Нераўнадушныя, працавітыя. Што б ні праходзіла – суботнік які ці акцыя – заўсёды, як кажуць, у першых радах. Актыўна выступаюць на пасяджэннях сельвыканкама, уносяць прапановы па праблемах, што турбуюць людзей. З такімі дэпутатамі, якім да ўсяго ёсць справа, прыемна працаваць.

А як жа інакш – мы тут жывём. Гэта пачула ў размове ад Ганны Станіславаўны. І сапраўды, кожнаму, напэўна, хочацца, каб нас акружала прыгажосць. А хто ж яе створыць, калі не мы самі – усе разам, неабыякава і на перспектыву. Ды толькі, падумалася, на ўсё павінна хапаць часу. А тут… Героі маёй публікацыі многа працуюць: Ганна Станіславаўна – асеменатар у «Алай зары», Уладзімір Ігнацьевіч – у Крывым Сяле. І гаспадарку, акрамя ўсяго іншага, маюць немалую – карову, свіней, гусей… І агароды ды «соткі» – таксама. Ды і на дзяцей-унукаў знаходзяць час. Здавалася б, ва ўсёй гэтай жыццёвай мітусні ўжо і часу няма на грамадскае. Ды не, усміхнулася Ганна Станіславаўна, час заўсёды знаходзіцца, бо яны, грамадскія клопаты, у іх заўсёды ідуць паралельна з вытворчымі і сямейнымі. Таму што не другарадныя, а таксама важныя. Вось і вырашаюцца своечасова. Такі іх просты сакрэт.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіва Кузьмічоў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 46 queries