Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Парады тым жыхарам Вілейшчыны, хто шукае якія-небудзь звесткі пра сваіх родных

3 ліпеня мы ўсе сачылі за святочным парадам, які прайшоў у Мінску у гонар чарговай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Мы ўглядаліся ў твары нашых ветэранаў, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Ім пашчаслівілася выжыць у той вайне, пабачыць родных і блізкіх.

Але не ўсім давялося вярнуцца дадому. Аб лёсах мільёнаў франтавікоў іх родныя нічога не ведаюць да сёння. Імёны далёка не ўсіх загінуўшых і прапаўшых без вестак устаноўлены. Здавалася б, дзесяткі гадоў мінулі з таго ліхалецця, а памяць жыве. Тысячы людзей прадаўжаюць шукаць інфармацыю пра лёс сваіх родных і блізкіх, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны альбо прапалі без вестак. Кожную беларускую сям’ю закранула вайна, таму боль страты не пакідае родных, не сціхае з гадамі.

Вілейскі край – не выключэнне. І сёння многія сем’і не ведаюць пра лёс сваіх загінуўшых родных. Кажуць, што вайна не скончыцца, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат. Гэта так, але я дабаўлю. Вайна не скончыцца, пакуль у кожнай сям’і не даведаюцца пра лёс блізкага ім чалавека, загінуўшага ці прапаўшага без вестак.

Памяць пра родных у беларускіх сем’ях жыве. Як патрэбна яна сёння жывым! Я адчуваю гэта на сваім прыкладзе і сама многа гадоў займаюся пошукам. Станоўчыя вынікі ёсць, і таму я хачу даць парады тым жыхарам Вілейшчыны хто не адчаяўся шукаць і спадзяваецца знайсці якія-небудзь звесткі пра сваіх родных. Хачу параіць, з чаго пачаць пошук і як шукаць.

Па-першае, пагаварыце са сваімі роднымі, са сваякамі. Паспрабуйце прааналізаваць тое, што яны ведаюць і памятаюць. Запытайце, хто яшчэ з родных можа валодаць нейкай інфармацыяй. Папрасіце іх яшчэ раз прагледзець сямейны архіў фотаздымкаў і дакументаў. Магчыма, тут вы знойдзеце новую зачэпку, якая дапаможа ў пошуку. Зайдзіце ў пасялковы ці сельскі савет. Магчыма, вы даведаецеся аб тым, хто з ветэранаў вайны ў вашай мясцовасці прызываўся і мог служыць разам з вашым родным. Усю атрыманую інфармацыю акуратна запішыце ў блакнот ці сшытак, сістэматызуйце яе. У заўвагах пазначце адрасы і тэлефоны тых, з кім вы размаўлялі. Магчыма, у вашай мясцовасці ёсць аматары-краязнаўцы. Многія з іх працуюць у архівах, збіраюць матэрыл аб розных перыядах жыцця краю, у тым ліку па Вялікай Айчыннай вайне. Не прамініце паразмаўляць і з гэтымі людзьмі. Яны з радасцю дапамогуць вам у пошуках, падзеляцца сваімі запісамі і звесткамі з архіваў.

Па-другое, раю звярнуцца ў ваенкамат па месцу прызыва ваеннаслужачага. Гэта,зразумела тады, калі вы ведаеце, якім ваенкаматам і калі прызываўся ваш блізкі. Магчыма, у ваенкамаце вы зможаце атрымаць звесткі аб тым, у якой дывізіі, палку служыў ваш родны, у якую ваенную часць быў накіраваны для праходжання службы. Звяртаючыся ў ванкаматы, указвайце ўсе вядомыя вам дадзеныя. Прозвішча, імя, імя па бацьку, дату і месца нараджэння. Магчыма, у вас захаваліся нейкія дакументы, пісьмы з вайны. Напішыце пра гэта, зрабіце копіі. Укажыце любыя дробязі, яны могуць паскорыць пошук.

Таксама прагледзьце спіс савецкіх ваеннапалонных, ураджэнцаў Мінскай вобласці, загінуўшых у германскіх лагерах. Спіс можна знайсці ў інтэрнэце. Апублікаваны ён быў і ў газетах. Старыя падшыўкі газет можна заказаць у бібліятэках. Назва могілак хутчэй за ўсё супадае з назвай канцэнтрацыйнага лагера, які тут існаваў у гады вайны. Часцей за ўсё гэта тэрыторыя сучаснай Германіі ці Польшчы. Паспрабуйце напісаць сюды. Шукаць трэба ў спісе палонных не па назве мясцовасці, а па прозвішчу. Хаця невялікія разыходжанні ці недакладнасці могуць сустрэцца. Будзьце ўважлівымі. Насупраць прозвішч многіх стаіць месца нараджэння, але часцей за ўсё гэта проста Мінская вобласць. Таму прагледзьце знаёмыя вам прозвішчы. Магчыма, вы дапаможаце камусьці са знаёмых даведацца пра лёс блізкага чалавека. Дарэчы, у спісе палонных многа прозвішчаў, якія часта сустракаюцца на Вілейшчыне.

Зайдзіце ў інтэрнэт. Пачніце з вядомага расійскага сайта www.archive.mil.ru. Гэта адрас Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі – самага буйнога на тэрыторыі былога СССР, дзе захоўваюцца мільёны спраў. У архіве ёсць данясенні ваенных часцей аб стратах у гады вайны, трафейныя карткі, пахаронкі. Можна знайсці інфармацыю аб воінскім званні прызыўніка, яго статусе, дзе ўказана прычына выбыцця. Ёсць сканіраваныя дакументы, якія камп’ютар выдае па запросе. Паспрабуйце ўвесці прозвішча, імя і імя па бацьку чалавека, якога вы адшукваеце. У Рэспубліцы Беларусь падобны агульны банк дадзеных загінуўшых ці прапаўшых без вестак у гады вайны таксама ствараецца.

Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі дае магчымасць ў многіх сваіх раздзелах пачаць пошук. Напрыклад, можна на старонцы злева знайсці Агульны банк дадзеных «Мемарыял» ці проста набраць электронны адрас: www.obd-memorial.ru. Банк дадзеных «Мемарыял» – электронны архіў – быў створаны пры падтрымцы Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў 2007 годзе. «Мемарыял» змяшчае некалькі мільёнаў копій дакументаў і запісаў, якія пастаянна папаўняюцца і ўдакладняюцца. Адкрыўшы старонку сайта, трэба ўвесці прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння і званне. Але нават калі штосьці невядома, увядзіце тыя дадзеныя, што ведаеце. Камп’ютар усё роўна выдасць пэўную інфармацыю, і вы зможаце знайсці хоць якія-небудзь звесткі пра загінуўшых ці нават месца іх захаранення. Вы можаце даведацца, калі і ў якую воінскую часць быў накіраваны прызыўнік, воінскае званне і пасаду ў Чырвонай Арміі, прычыну і дату выбыцця. Гэтыя інфармацыйныя крупіцы могуць стаць пачаткам вашай сапраўднай даследчай працы.

У раздзеле «Памяць народа» прааналізіруйце падраздзелы «Героі вайны», «Баявыя аперацыі», » Воінскія захараненні»,»Дакументы часцей». Тут вы можаце знайсці інфармацыю аб тым, у якой дывізіі і ў якім палку служыў прызыўнік. Можна прасачыць баявы шлях героя па карце. Ёсць звесткі і аб месцах захараненняў. Фотаздымкі большасці захараненняў вы зможаце пабачыць на сайце www.pomnite-nas.ru На тэрыторыі былога СССР, а таксама ў замежжы былі ўзведзены сотні помнікаў, абеліскаў, мемарыялаў у памяць аб загінуўшых. Многа захараненняў і брацкіх магіл знаходзіцца ў Аўстрыі, Польшчы, Германіі, у Калінінградскай вобласці. Ведаючы дакладнае месца захаранення вашага роднага, можаце адправіць паштоўку на імя муніцыпальных органаў улады і ўдакладніць звесткі.

Наступны крок работы з сайтам Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі – гэта зварот да электроннага банку дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (www.podvignaroda.ru ). “Клікніце” раздзел «Людзі і ўзнагароды». На сайце апублікавана інфармацыя аб 6 мільёнах выпадкаў узнагарод. Увядзіце патрэбнае прозвішча. Верагодна, сярод мільёнаў прозвішч герояў ёсць і ваш блізкі чалавек, які атрымаў узнагароду, ордэн ці медаль. Бываюць выпадкі, калі герой проста не ведаў ці не паспеў атрымаць прызначаную ўзнагароду. Таму на ўсякі выпадак праверце і гэты спіс. Прадаўжэннем пошуку ў гэтым напрамку можа быць зварот да сайта www.polk.ru, прагляд спіса ветэранаў вайны (www.pobediteli.ru і www.moypolk.ru), біяграфій ветэранаў (www.biograph-soldat.ru), спіса загінуўшых на тэрыторях іншых краін (www.stsg.karoshi.de і www.dokst.ru) .

Хачу падкрэсліць, што на кожным сайце даюцца падрабязныя парады па пошуку і называюцца дадатковыя сайты.

Што яшчэ можна параіць, куды звярнуцца? Можна адправіць пісьмо-запрос на пошук роднага ці блізкага па наступных адрасах:

Deutsche Dienststelle, WASt,Eichborndamm 179, 13403 Berlin, Bundesrepublik Deutschland Германія.
142100 г. Падольск,Маскоўская вобласць, Цэнтральны архіў Міністэрства абароныРасійскай Федэрацыі.

220021 г. Мінск, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
220030 г. Мінск, вул. К. Маркса, 35, Служба пошук Беларускага Чырвонага Крыжа.
191180 Санкт-Пецярбург, Лазарэтны перавулак, 2, архіў ваенна-медыцынскага музея.

Самае ж галоўнае, што хачу сказаць: набярыцеся настойлівасці і цярпення, не спыняйцеся на паўдарогі, працягвайце пошук. Ён, дарэчы, можа расцягнуцца на некалькі год. А калі, паважаныя чытачы, вам пашчаслівіцца знайсці інфармацыю пра сваіх родных, даведацца пра іх лёс, магчыма, знайсці іх захараненне, напішыце ў рэдакцыю, падзяліціся з іншымі чытачамі «шляхоўкі».

Наталля СЯНЬКО.

Фото к теме на главной носит иллюстрированный характер. online812.ru

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries