Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вілейшчыне ёсць першая тысяча!

Гэтая радасная вестка прыляцела, як і меркавалася, з «Нарачанскіх зораў», дзе мы напярэдадні пабывалі і даведаліся, што нямнога да тысячы намалочанага збожжа засталося сямейнаму экіпажу камбайнераў Гарэлікаў. Аляксандр Мікалаевіч і Мікалай Аркадзьевіч, ужо па добрай традыцыі, ішлі да намечанага сур’ёзна і мэтанакіравана. І вось ён, першы рубеж…

IMG_9611

Ёсць адметная рыса ў гэтай прыгожай пары – пах жніва. Людзі вясковыя адчуваюць яго адразу. Пра гэта і ўвогуле пра адказную ўборачную пару гаварылі мы, стоячы ля збожжавага поля за Касічамі і чакаючы, пакуль камбайнеры на некалькі хвілін прыпыняць работу, каб ва ўрачыстай абстаноўцы павіншаваць перадавікоў. З гэтай нагоды на поле прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч, кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, самадзейныя артысты, прадстаўнікі раённых арганізацый «БРСМ» і «Белая Русь».

IMG_9596

Першых тысячнікаў і ўсіх камбайнераў цёпла павіншаваў старшыня райвыканкама. Адзначыўшы, што сёлета надвор’е дало «дабро» на пачатак жніва значна пазней, чым звычайна, Віктар Кот падзякаваў хлебаробам за самаадданую працу, вынікі якой, безумоўна, радуюць. Падзячныя словы ў адрас усіх камбайнераў, і асаблівыя – пра бацьку і сына Гарэлікаў, гаварыў Леанід Радзевіч, які падзякаваў ім усім за важкі ўнёсак у агульны каравай Вілейшчыны.

IMG_9603

– Мы выйшлі на фінішную прамую ўборачнай, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, Генадзь Кучко. – Хочацца падзякаваць не толькі камбайнерам, але і ўсім удзельнікам жніва – вадзіцелям, пажарным. А камбайнерам жадаю, каб да канца жніва ўсе экіпажы сталі тысячнікамі! Ушаноўваючы сённяшніх перадавікоў, хачу адзначыць, што не меншай падзякі заслугоўваюць і іншыя, у прыватнасці, нашы маладыя хлопцы, што працуюць на камбайне, якому болей за сямнаццаць гадоў.
Цёплыя словы падзякі, найлепшыя пажаданні, канверцікі перадавікам – усё гэта на полі было. А яшчэ гучалі цудоўныя песні ў выкананні вілейскіх артыстаў. Асабліва душэўна ўручыў Сяргей Рудніцкі музычны падарунак галоўнаму аграному «Нарачанскіх зораў» Віктару Драчылоўскаму – песня пра клопаты агранома, яго любоў да роднага краю была, як кажуць, якраз у кропку.

IMG_9590

Важны і хвалюючы момант: Мікалай Гарэлік прымацоўвае да свайго «Лексіёна» ганаровы надпіс – цяпер тысячнікаў убачыць кожны. І ўсё. Загулі маторы, камбайны дружна ўзяліся за справу.
Развітваючыся, Віктар Драчылоўскі падзяліўся:

IMG_9583

– Думаю, зусім нядоўга нам чакаць новых тысячнікаў. На сёння (16 жніўня, – аўт.) экіпажу ў складзе Руслана Садоўскага і Аляксея Драчылоўскага засталося намалаціць да тысячы 140 тон, літаральна на сорак тон адстаюць ад іх Андрэй і Павел Садоўскія… Так што чакаем новых вынікаў і спадзяёмся, што ўсё ў нашых камбайнера атрымаецца.

IMG_9609

Восем экіпажаў працуе на жніве ў «Нарачанскіх зорах», і кожны з іх стараецца, прыкладае намаганні для дасягнення найвышэйшых паказчыкаў. Шчыра жадаем ім усім стаць тысячнікамі, такое ў мінулыя гады тут, здаецца, ужо было.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries