Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі жніво – справа сямейная…

На днях выпала вельмі прыемная місія – у складзе прадстаўніц грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» віншаваць прыгожую палову чалавецтва Вілейшчыны, непасрэдна занятую на жніве. З гэтай нагоды старшыня раённай арганізацыі жаночага аб’яднання намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і член рэспубліканскай арганізацыі гэтага аб’ядання Наталія Жыбуль з падарункамі (у тым ліку і музычнымі, якія ўручаў наш вядомы артыст Сяргей Рудніцкі)  узялі курс на поле. Ехалі ў ААТ «Чурлёны», дзе ўжо на працягу некалькіх гадоў памочнікамі ў камбайнераў Валерыя Урагі і Івана Баравога працуюць іх жонкі – Ірына Леанідаўна і Ганна Іванаўна.

DSCN0251 DSCN0246 DSCN0248

Па дарозе ў гаспадарку гаварылі пра клопаты вяскоўцаў. Кожны з нас нарадзіўся ў сельскай мясцовасці, таму ведае пра гэта не з чужых слоў. І пра тое, якая нялёгкая і адказная пара пачалася зараз у камбайнераў, таксама гаварылі. Няпроста нават моцным мужчынам, а як жа тады ўпраўляюцца іх жонкі?
На полі, дзе ўбіраўся азімы трыцікале і дзе працаваў сямейны экіпаж Урагаў, толькі-толькі паабедалі. Хлебаробы сустрэлі нас добрым настроем. І праца, расказалі, спорыцца, і кормяць іх добра, і дынастыі ёсць. Пра гэта, канешне ж, газета будзе расказваць на сваіх старонках. Пачуўшы, што ў гэты раз віншуем жанчын, пераключыліся на гэту прыемную тэму. Маўляў, добра што яны побач працуюць – гэта дысцыплінуе, дадае стасункам у працоўным калектыве новых фарбаў.
Ірына Леанідаўна з усмешкай выслухала ўсё, што гаварылі пра яе калегі. Менавіта так з поўным правам можа называць яна, працаўніца мясцовага дзіцячага садка, хлебаробаў. Сёмы ўборачны сезон у час водпуску становіцца памочніцай мужа ў адказнай справе, і гэта ўжо, як кажуць, не абмяркоўваецца, а ўспрымаецца як належнае.
Пакуль Ірына Леанідаўна прымала цёплыя пажаданні поспехаў у працы і асабістым жыцці, Валерый Аляксандравіч ужо тупаў ля камбайна. І гэта азначала, што абедзенны перапынак закончыўся, час брацца за справу. Аднак на некалькі хвілін камбайнер да нас падышоў, каб сфатаграфавацца побач з жонкай-памочніцай.
Івана Іванавіча і Ганну Іванаўну Баравых мы сустрэлі на ячменным полі ля Дварца.
– Нашы перадавікі, – ахарактарызаваў сямейны ўборачны экіпаж начальнік участка «Іжа» Уладзімір Дрозд. – Ідуць у лідарах па гаспадарцы.
Пра гэту працавітую сям’ю наша газета расказвала не раз. Вось і сёлета ёсць падстава, бо вынікі працы Баравых радуюць. Ганна Іванаўна, якая працуе на ФАПе, штогод бярэ водпуск на час жніва і становіцца памочніцай мужа-камбайнера. І так ужо дзявяты ўборачны сезон. Ці лёгка гэта? Жанчына паціскае плячыма, маўляў, спраўляемся. І затым дадае, што асноўны цяжар – на камбайнеры, а ўжо ёй значна лягчэй.
– Ды гэта яна ад сціпласці так кажа, – перабіў жонку Іван Іванавіч. – На самой справе,вельмі многае робіць. Гэта не проста «прынясі-падай». Ледзь вольная хвіліна – бачу, чысціць усё, вымятае, прыбірае… Вось тут у яе сродкі розныя для мыцця стаяць.
І неяк надзвычайна хораша стала ад гэтых слоў, у якіх пачуліся і адданасць, і любоў, і павага, і падзяка блізкаму чалавеку.
У час сустрэч на палях гаварылі пра рознае. І пра тое, што надвор’е сёлета па-асабліваму выпрабоўвае хлебаробаў, і пра рабочы дзень, які доўжыцца, як кажуць, ад цямна да цямна (у кожнай сям’і ёсць і свая гаспадарка!); і ўвогуле пра жыццё. Святлана Дзяруга не прамінала нагадваць хлебаробам пра захаванне тэхнікі бяспекі – гэта, здавалася б, вядома кожнаму, а вось жа яшчэ не ўсе яшчэ прымяняюць веды на справе… А увогуле сустрэчы на палях атрымаліся надзіва цёплымі, шчырымі і эмацыянальнымі. І гэта таму, што прымалі віншаванні жанчыны і віншавалі – таксама. І гучала добрая песня – падарунак ад мужчыны, да якога, упэўнена, далучаліся ўсе прадстаўнікі моцнай паловы.
Па дарозе дадому наша, калі можна так назваць, агітбрыгада наведала Любанскую школу, дзе ўжо практычна ўсё падрыхтавана да пачатку навучальнага года. Мы прайшлі па адрамантаваных класах, дзе яшчэ не выветрыўся пах фарбы; зазірнулі ў харчблок; агледзелі акуратны школьны двор… Усюды парадак, чысціня і хіба што яшчэ нейкія дробязныя пытанні засталося вырашыць да верасня.
У гэты дзень мы нямала гаварылі пра дзейнасць грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». І пра шматлікія акцыі, у якіх яно ўдзельнічае, – таксама. Цяпер, бадай, самымі актуальнымі з іх з’яўляюцца «Збяром партфель разам» і «Жніво». У рамках іх і працуе аб’яднанне, адной з важнейшых задач якога з’яўляецца павышэнне статуса жанчын у грамадстве, іх ролі ва ўсіх галінах жыцця. Мерапрыемства, пра якое я расказала, якраз гэта і прадэманстравала.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 133 queries