Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

500-годдзе кнІгадрукавання

6 жніўня споўнілася 500 гадоў, як Францыск Скарына выдаў у 1517 годзе  ў Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр». Гэтым самым быў пакладзены пачатак новай эпосе ў кніжнай культуры ўсёй Усходняй Еўропы. Біблія Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян, яна выйшла раней, чым англійскі і французскі пераклады, амаль на пяцьдзясят гадоў апярэдзіла «Апостал» Івана Фёдарава, выдадзены ў маскоўскай друкарні.

zviazda.by “Катехизис” Будного вышел в 1562 году. Фото bookposter.ru rus-bel.online

Надрукаваная Францыскам Скарынам Біблія з’яўляецца ўнікальнай з’явай для сярэднявечча нават па сусветных маштабах. Упершыню ў кнігу былі дададзены прадмова і пасляслоўе, што было вельмі незвычайным для той эпохі, бо на той час кнігі перапісваліся па пэўных канонах, і дадаваць нешта сваё было практычна ерассю. Афармленне кніг Скарыны таксама ўражвае: ужо ў першую кнігу аўтар уключае амаль 50 сваіх ілюстрацый, мноства розных заставак і дэкаратыўных элементаў, якія падтрымліваюць агульны дызайн старонак, шрыфта і тытульных лістоў. Таксама ён выкарыстаў сотні графічных ініцыялаў. Унікальнасць кнігі Скарыны яшчэ і ў тым, што наш зямляк размясціў у ёй свой партрэт, што было ў навіну для сярэднявечных выданняў. Сёння дзесяць кніг Бібліі Скарыны ў шасці вокладках, выдадзеныя ў 1517–1519 гадах у Празе, захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і з’яўляюцца неацэнным скарбам беларускага народа.
Пасля Скарыны ў многіх беларускіх гарадах і мястэчках пачалі адкрывацца друкарні, кнігадрукаванне развівалася. Як вядома, Іаган Гутэнберг, нямецкі першадрукар, быў вынаходнікам рэвалюцыйнага метада друкавання кніг. Метад, які вынайшаў Гутэнберг, быў сапраўды рэвалюцыйным, але толькі для Еўропы. Пры ўсёй нашай свядомасці не варта забываць, што кнігадрукаванне вынайшлі кітайцы і амаль за шэсць стагоддзяў да Гутэнберга. Так што радзіма кнігадрукавання (як і многіх іншых выдатных вынаходніцтваў) менавіта там, у старажытным Кітаі.
А што ж, Вілейшчына, які ўнёсак у кнігадрукаванне быў зроблены ў нашым краі? Пра гэта паразважаем разам. Будзем ісці паэтапна, абапіраючыся на даследаванні навукоўцаў, краязнаўцаў і выкладзеныя імі гіпотэзы.
Эпізод першы. Многія ведаюць, што значны ўклад у развіццё ўсходнеславянскай друкаванай кнігі ўнёс Іван Фёдараў, які стаў першым з кнігадрукароў у Маскоўскай дзяржаве, а значыць, у Расіі, а таксама ён аднавіў друкарскую справу на ўкраінскіх землях.
Лічыцца, што Іван Фёдараў (Іаан (Ян) Федаровіч) (1510? – 16 снежня 1583, Львоў), знакаміты друкар, нарадзіўся на Беларусі. Па адной з версій,сцвярджаецца, што Фёдараў быў родам з мястэчка Петкавічы, якое месціцца на мяжы сучаснай Мінскай і Брэсцкай абласцей. Аднак вілейскія краязнаўцы змаглі абгрунтавана даказаць, што расійскі першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне. На карысць гэтай гіпотэзы краязнаўцы Анатоль Капцюг і Наталля Яфімава знайшлі каля дзясятка пераканаўчых аргументаў. Фонд Фёдарава пры інстытуце славяназнаўства Расійскай акадэміі навук пацвярджае, што першадрукар звязаны з родавым гербам дваран Рагозаў. А гэты род свае маёнткі меў менавіта на Вілейшчыне. Такім чынам, Іван Фёдараў, які разам з Пятром Мсціслаўцам распачаў рускае кнігадрукаванне, – гэта Іван Фёдаравіч Рагоза, віляйчанін па паходжанні.
Калі адпраўной кропкай для даследаванняў краязнаўцаў стала сцвярджэнне, што, магчыма, Фёдараў паходзіць з беларускага роду Рагозаў, то было заўважана, што яго пячатка супадае з гербам роду Рагозаў. Незадоўга да гэтага Анатоль Капцюг працаваў з дакументамі, датаванымі 1460 годам, у якіх распавядалася пра вілейскія землі. У дакументах згадвалася прозвішча Рагоз. З дапамогай гістарычных сведчанняў Анатоль Капцюг стварыў радавод Рагозаў, з якога вынікае, што Іван Фёдараў паходзіць з вілейскага роду. Заставалася толькі даказаць, што ён і сам жыў на Вілейшчыне. На карысць гэтага ў даследчыка таксама знайшліся аргументы. Анатоль Капцюг адшукаў, што ў перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года пазначана, што ў двары Ашмена Віленскага павета, да якога былі прыпісаны Рагозы, жыў Фёдар Рагозіч (Рагоза). Трапіў у рукі вілейскага краязнаўцы і яшчэ адзін вельмі важны дакумент аб зямельных спрэчках. У ім часткі маёнтка, што месціўся на тэрыторыі Вілейскага раёна (Хаценчыцы і Лукавец) называюцца «Багданаўскай» і «Маскоўскай». Багданаўская – значыць, тая, што належала Багдану Фёдаравічу Рагозе (у радаводзе гэты чалавек згадваецца). А «Маскоўская», лічыць Капцюг, яго брата Івана Фёдаравіча (Фёдарава) Рагозы, які ў той час (1570) жыў у Маскве. Ён і быў тым самым Іванам Фёдаравым (Іванам Масквіціным), аўтарам першай друкаванай славянскай азбукі.
Даследчык біяграфіі Фёдарава У. Лукомскі таксама зазначае, што Фёдараў – гэта толькі імя па бацьку, а не прозвішча, як нехта можа сабе ўявіць. Варта прыгадаць і дадзеныя пра тое, што Фёдараў скончыў Кракаўскі ўніверсітэт, дзе таксама маюцца пэўныя звесткі. Тое, што ўдалося адшукаць Капцюгу, напачатку і яму самому падавалася толькі гіпотэзай. Аднак сёння гэта ўжо можна ўспрымаць як даказаны факт.
Эпізод другі. Пасля таго, як масава пачалі адчыняцца друкарні, самай вядомай сярод іх была друкарня ў маёнтку Цяпіна. Тут Васілём Цяпінскім было надрукавана «Евангелле» на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах з прадмовай аўтара. Такім чынам, Васіль Цяпінскі быў адным з самых знакамітых людзей, што мелі непасрэднае дачыненне да развіцця культуры на Беларусі. І зноў жа, тут ёсць дзве версіі, што маёнтак Цяпінскага мог знаходзіцца ў межах сучаснай Віцебскай вобласці, альбо гэта наша вёсачка Цяпінцы, непадалёк ад Латыгаля, што на Вілейшчыне. Падзеі гэтыя адбываліся ў XVI стагоддзі і, праўда, вельмі цяжка зараз устанавіць усе факты біяграфіі і жыцця Васіля Цяпінскага, паколькі вельмі мала захавалася звестак пра нашага славутага земляка. Можна выкарыстоўваць толькі матэрыялы некаторых краязнаўцаў XIX і XX стагоддзяў. Гэтыя матэрыялы таксама не зусім дакладныя, але будзем спадзявацца, што яны вельмі блізкія да праўды.
Паводле дадзеных, надрукаваных у гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Вялейскі раён», першы ўспамін пра вёску Латыгаль адносіцца да 1473 года. Тады вёска належыла Юрыю Саковічу. У 1567 годзе Латыгаль сталa маёнткам Мацея Цяпінскага, а ў 1575 годзе Цяпінцы па спадчыне пераходзяць да Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) дзедзічным правам. Такім чынам, у некалькіх сціплых радках гістарычнага дакумента запісана гісторыя дзвюх вёсак на працягу некалькіх пакаленняў. Але найбольшую цікавасць у гэтай інфармацыі выклікае прозвішча Васіля Цяпінскага, вядомага асветніка Беларусі, які пераклаў Евангелле на беларускую мову. З архіўных матэрыялаў вынікае, што Васіль Цяпінскі мае прамыя адносіны да вёсак Латыгаль і Цяпінцы.
Першае пытанне, якое ўзнікае да назвы Цяпінцы: ці звязана вёска з імем вядомага рэфарматара Васіля Цяпінскага? У свой час гэтым зацікавіўся гісторык Ігар Клімаў, які, прааналізаваўшы новыя, дагэтуль малавядомыя крыніцы, прыйшоў да высновы, што «… перакладчыкам і выдаўцом Евангелля выступаў Васіль Мацвеевіч Цяпінскі, што з Латыголіч Менскага павета…». Гэта сучасная вёска Латыгаль Вілейскага раёна, побач з якой і знаходзяцца Цяпінцы, уладанні роду Цяпінскіх.
Калі даць веры гэтым радкам, то вынікае, што доўгі час мы памылкова лічылі выдаўцом і рэфарматарам зусім іншага чалавека, стрыечнага брата Васіля Мацвеевіча – Васіля Мікалаевіча. Вось так, здавалася б, непрыкметная вёсачка ў Вілейскім раёне мае свае таямніцы і багатую гісторыю.
Эпізод трэці. Адзіны на тэрыторыі Беларусі музей беларускага кнігадрукавання працуе ў Полацку. І гэта вядома многім. Экспазіцыя музея, які быў адкрыты ў 1990 годзе, размяшчаецца ў пятнаццаці залах, дзе дэманструецца каля дзвюх з паловай тысяч музейных экспанатаў. Адна з самых рарытэтных кніг – «Евангелле вучыцельнае», выдадзенае ў друкарні Мамонічаў у Вільні ў 1595 годзе.
А вось не кожны ведае, што ў год, калі Беларусь урачыста адзначае 500-годдзе кнігадрукавання, з гэтай нагоды ў Вілейцы ствараецца прыватны музей «У пошуках страчанага», у якім можна будзе вывучыць гісторыю беларускага пісьменства і кнігадрукавання ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя. Прычым сутыкнуцца з гісторыяй у Вілейцы можна будзе ўжывую. Ідэйны натхняльнік праекта – Уладзімір Ліхадзедаў, неабыякавы да гісторыі роднага краю чалавек, знакаміты еўрапейскі і беларускі калекцыянер. З 2004 года яму ўдалося выдаць 20 кніг, сярод якіх ёсць выданні з калекцыямі старых паштовак.
Для новага музея Уладзімірам Аляксеевічам быў узноўлены друкарскі станок, падобны на той, на якім друкаваў Скарына. Уладзіміру Ліхадзедаву самому давялося прайсці шлях першадрукара, пабываць у польскіх гарадах, а таксама Празе, дзе існуюць музеі друкаванай справы, вывучыць старыя дакументы і гравюры, бо падобных друкарскіх станкоў існуе не больш за дзесяць ва ўсёй Еўропе. А дзякуючы беларускаму майстру Генадзю Катлінскаму атрымалася веды ўвасобіць у рэальнасць, больш за тое, стварыць друкаваны станок, які можа разбірацца і «падарожнічаць» па выставах, каб людзі самі маглі паўдзельнічаць у справе друкарства. Так, на мінулых Днях пісьменства ў Заслаўі і Рагачове за некалькі дзён да экспазіцыі прыходзіла каля 2 тысяч чалавек, і кожны меў магчымасць дакрануцца да старажытнага майстэрства.
А вось, каб узнавіць скарынаўскую Біблію па старадаўняй тэхналогіі, Уладзіміру Ліхадзедаву прыйшлося зрабіць 192 матрыцы – для кожнай старонкі асобную дошку з літарамі. Даўней падобную кнігу рабілі год, каштавала яна дорага, і займаліся вытворчасцю друкары.
Лён звозілі на «папяровыя млыны», там драўляныя ступары з жалезнымі наканечнікамі, як молаты размолвалі лён. Цікава і тое, што папера высокай якасці атрымлівалася з ільнянога адзення, таму старыя рэчы карысталіся попытам у вытворцаў. У музейным комплексе ў Вілейцы таксама плануецца ўзнавіць падобны «папяровы млын». Цяпер частка друкарскага абсталявання ў музеі, частка – на рэстаўрацыі. Тут будзе магчымасць убачыць друкарскія станы розных эпох, бо ўсе яны мелі свае тэхналогіі,і вывучаць у новым музеі іх будзе вельмі цікава. Плануецца стварыць галерэю старадаўніх прадметаў, пры дапамозе якіх раней пісалі: ад сцілуса – бронзавы стрыжань, завостраны канец якога выкарыстоўваўся для нанясення тэксту на дошчачку, пакрытую воскам, а таксама саміх васковых дошчачак і да гусіных пёраў.
Вось вам і звычайны беларускі рэгіён, а якую традыцыю друкарскай справы ён мае, якімі асобамі можа ганарыцца, якія аб’екты можа дэманстраваць. Так што свой уклад у адзначэнне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Вілейшчына мае значны, і не проста можа казаць аб нечым агульным – уся наша спадчына мае даўнія і слаўныя традыцыі, у тым ліку і друкарскія.
Сяргей ГАНЧАР. Фото из интернет-ресурсов

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries