У мінулую пятніцу ў Маладзечна адбыўся рэгіянальны семінар-практыкум «Інфармацыйнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці і задачы сродкаў масавай інфармацыі», які завяршыў цыкл падобных мерапрыемстваў у розных абласцях краіны, што ініцыянаваны Адміністрацыяй Прэзідэнта і Міністэрствам інфармацыі Беларусі. У ім прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Мінаблвыканкама, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гар- і райвыканкамаў Мінскай вобласці, галоўныя рэдактары рэгіянальных СМІ.
– Сёння роля сродкаў масавай інфармацыі ўзрастае ў разы, – распачала размову міністр інфармацыі Лілія Ананіч. – Журналісты, асабліва ў рэгіёнах, павінны штогадзінна прысутнічаць у інфармацыйным полі. Сёння сродкі масавай інфармацыі працуюць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. У гэтым накірунку сістэмна працуе і ўся Беларусь, умацоўваючы нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі і адкрыта дэманструючы сваю інфармпрастору. На рэгіянальных семінарах вельмі важна гаварыць аб сутнасці журналісцкай работы, – падкрэсліла міністр, – бо інфармацыйнае поле сёння сур’ёзна змянілася. Змянілася і якасць журналістыкі. Сённяшнія газеты павінны мець не абязлічаную журналістыку, а якасны, з глыбокай аналітыкай матэрыял.
– Рэгіянальныя СМІ – гэта пласт прэсы для кожнага чалавека, – адзначыў у сваім выступленні і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка. – Але зараз наспеў час, калі на Міншчыне павінен паўстаць інстытут павышэння журналісцкай кваліфікацыі, прычым інстытут не як арганізацыя, а як школа назапашанага вопыту, дзе змогуць павышаць свой узровень маладыя журналісты, дзе будзе сканцэнтраваны кадравы патэнцыял рэгіёну. Бо галоўная задача – сучасная газета павінна быць актуальнай і цікавай чытачу.
Ішла гаворка на семінары-практыкуме і аб тым, што беларускім сродкам масавай інфармацыі неабходна павышаць якасць работы ў інтэрнэт-прасторы. Інтэрнэт прынёс у журналістыку новыя трэнды, гэта неаднаразова адзначала міністр. «Глыбока пераканана, што трэба рабіць чарговы крок наперад, – заявіла Лілія Ананіч. – Трэба ў кожнай рэдакцыі мець работнікаў або нават структуру, якія будуць мэтавым чынам працаваць у інтэрнэт-прасторы. Проста сайт з неабнаўляльнай або нерэгулярна абнаўляльнай інфармацыяй нікому сёння не патрэбны. Актуальны сайты, якія абнаўляюцца кругласутачна. Акрамя таго, трэба праводзіць работу ў сацыяльных сетках». На думку кіраўніка Мінінфарма, інакш складана даведацца, як на публікацыю адрэагавалі спажыўцы інфармацыі. Гаворачы пра задачы рэгіянальнай прэсы на сучасным этапе развіцця, Лілія Ананіч падкрэсліла, што ў СМІ павінна быць прадстаўлена аб’ектыўная карціна жыцця, але карціна стваральная, каб пасля прачытання інфармацыі з’яўлялася жаданне ўдасканальвацца. Такая задача патрабуе больш якаснай журналістыкі, адпаведна – і больш якаснай падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў.
Сустрэча была насычана гарачымі дыскусіямі, абмеркаваннямі і, канешне, абменам цікавым вопытам сярод спецыялістаў Міншчыны і запрошаных выступоўцаў.
Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара