Калі на днях журналісцкія клопаты паклікалі мяне ў пасёлак Партызанскі Ільянскага сельсавета, міжволі прыгадала даволі даўняе. Давялося мне пабываць у гэтым населеным пункце ў няпросты час, калі тут толькі што спыніў сваю работу шклозавод, які даваў занятак і заробак большасці жыхароў Партызанскага. Людзі былі ў роспачы: дзе працаваць, чым зарабляць на жыццё? Памятаю, падчас той паездкі пачула ад людзей рознае. У прыватнасці, жанчыны дзяліліся і тым, што іх асабліва хвалявала: у пошуках заработкаў многія мужчыны былі вымушаны ехаць на працу далёка ад дома, часам нават за мяжу. А гэта, як паказала жыццё, не робіць сем’і мацнейшымі. Прыводзіліся тады і красамоўныя прыклады. Памятаю, што настрой у людзей, з якімі даводзілася сустракацца, быў адпаведным.
Пра ўсё гэта загаварылі цяпер з дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Алай Уласевіч, дырэктарам мясцовай школы.
– Асноўнай праблемай у нас і сёння з’яўляецца працаўладкаванне, – паведаміла Ала Тадэвушаўна. – І сапраўды, шклозавод быў месцам працы многіх маіх землякоў. Пасля яго закрыцця пачалі шукаць занятак хто дзе: нехта падаўся ў суседні раён, іншыя спрабавалі сябе ў бізнесе, хтосьці зарабляў грошы на дарунках лесу, а нехта заняўся ўласнай гаспадаркай. Многія сем’і з пасёлка мелі па некалькі кароў, дзякуючы якім і жылі, прадаючы на рынку малочную прадукцыю. Як бы там ні было, тыя, хто жадалі, занятак сабе знайшлі. Людзі ў Партызанскім вельмі працавітыя і добрыя, нягледзячы на тое, што перажылі нямала. Вунь як стараюцца добраўпарадкоўваць свае падворкі, вуліцы! Нешта ладзяць, будуюць, упрыгожваюць… Ды што тут расказваць, давайце падойдзем і паглядзім.
Некалькі хвілін хады – і мы апынуліся ля двух шматкватэрных дамоў па вуліцы 17 Верасня.
– Гэтым дамам №№ 1 і 2 ужо болей за тры дзясяткі гадоў – расказала Ала Тадэвушаўна. – І жывуць у іх вельмі творчыя і ініцыятыўныя людзі, якім хочацца жыць прыгожа. Вунь і самі яны працуюць на дзіцячай пляцоўцы…
Хвілін колькі мы проста стаялі і любаваліся тэрыторыяй насупраць дамоў. Пясочніца, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, арэлі, мноства розных малых архітэктурных форм, зробленых з падручнага матэрыялу, забаўныя казачныя персанажы, самаробныя стол і стулы – усё гэта ўдала размясцілася насупраць дамоў, стварыўшы штосьці накшталт маленькага парку (алейка з бярозак і рабінак дае права яго так называць) адпачынку і фізкультуры. Тут кожнаму знойдзецца занятак па душы, таму і аблюбавалі гэтае месца і дзетвара, і дарослыя.
– А вось і непасрэдныя стваральніцы ўсёй гэтай прыгажосці, – Ала Тадэвушаўна падвяла нас да дзвюх жанчын, якія нешта падфарбоўвалі ды падладжвалі на пляцоўцы. – Гэта нашы нераўнадушныя бабулі-ініцыятары.
Нічога сабе бабулі, падумалася, калі ўбачыла маладжавых жанчын. Пазнаёміліся. Вольга Кірылаўна Забаронак і Валянціна Станіславаўна Уласевіч жывуць тут даўно. Абедзве ў свой час працавалі на шклозаводзе. Кіпела тады жыццё ў Партызанскім – былі заводскі хор, які ведалі не толькі ў нашым раёне, свой вакальна-інструментальны ансамбль, хакейная каманда. А на мясцовую танцпляцоўку, бывала, з’язджалася моладзь нават з іншых раёнаў…
– Вельмі хацелася, каб і нашым унукам, якія наведваюцца і жывуць у нас улетку, было цікава і весела, – пачала расказваць Вольга Кірылаўна. – Напачатку я ля свайго пад’езда старалася высаджваць многа кветак, пасля з дапамогай мужа Пятра Міхайлавіча пачала рабіць першыя фігуры – грыбкі розныя, потым такую забаўную цыганку паставіла. Далей – болей. Узяліся са Станіславаўнай добраўпарадкоўваць пляцоўку. Так пачалі паступова з’яўляцца малыя архітэктурныя формы. Што – з дрэва, што – са старых колаў. Галоўнае, каб фантазія была. Ды і інтэрнет у гэтай справе дапамагае: што можам, робім самі, а калі нешта не ў сілах, то просім дапамагчы. Вось гэтыя стульчыкі не адмовіўся зрабіць нам адзін чалавек – і цяпер за гэтым столікам можна адпачываць увечары, абмяркоўваць нейкія пытанні, назіраць за ўнукамі.
Было прыемна сядзець з жыхарамі дома за столікам, гутарыць пра жыццё-быццё і любавацца дагледжанай тэрыторыяй вакол дамоў. Непадалёк стракатала бензакаса – гэта работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі абкошваў тэрыторыю. Дарэчы, жыхары дамоў дабіліся, каб у свой час заасфальтавалі іх двор, нагадалі ЖКГ (на чыім балансе дамы), што час усё пафарбаваць. Да іх прыслухаліся. А калі, расказалі жанчыны, у нейкіх пытаннях ім адмаўляюць, спасылаючыся на недахоп сродкаў, то жыхары дома набываюць тую ж фарбу і самі. Жыць хочацца ў прыгажосці.
– Ну што б бачылі нашы ўнукі, выйшаўшы ў двор? – задае пытанне Вольга Кірылаўна і тут жа сама адказвае: – Паўразбураныя гаспабудовы, зарослыя травою… Таму мы і вырашылі наводзіць парадак. Бо нам тут жыць, нашым дзецям і ўнукам.
Цёпла і паважліва гаварылі жанчыны пра дэпутата. Яна, Ала Тадэвушаўна, заўсёды падтрымлівае ініцыятыўных і нераўнадушных, чым можа дапамагае ім. Ды і як жа інакш – нарадзілася і вырасла сярод гэтых людзей, таму ўсе іх праблемы ведае не са слоў.
– Працуючы ў школе, ведаеш усё, – расказала Ала Тадэвушаўна. – І пра сем’і, дзе ёсць нейкія праблемы, і пра дзетак, якім патрэбна дапамога, і пра іх бацькоў… Звяртаюцца людзі і як да дэпутата. Асноўныя пытанні – дарожныя. Дзе патрэбен ямачны рамонт, дзе неабходна грэйдзіраванне. Сёлета па вуліцы Партызанскай была праблема з падтапленнем – выпраўлялі сітуацыю. Ёсць пытанні і па старых дрэвах, аварыйныя агульнымі намаганнямі ўбіраем. У гэтым пытанні не абысціся без сельвыканкама, і з уладай заўсёды знаходзім паразуменне. Сёлета, дарэчы, правялі вялікую работу па навядзенні парадку на тэрыторыі былога шклозавода.
Наведаўшыся ў Партызанскі, мы, канешне ж, не маглі не пабываць ля мясцовай школы-садка. Тым больш, што дэпутат Ала Уласевіч узначальвае гэту ўстанову, дзе ў верасні за парты сядзе больш за восемдзясят вучняў, а ў садку будуць цікава праводзіць дні тры дзясяткі малых. Дзеці ва ўстанове не толькі мясцовыя, а і з навакольных Лукаўца, Хаценчыц, Карпавіч. Разам з Алай Тадэвушаўнай прайшлі па прыгожай алеі з рэдкіх дрэў і кустоў, якая вядзе да школы. Тут лёгка дыхаецца, тут асаблівая аўра… Зусім хутка ажывуць школьныя класы і пачнецца новы навучальны год. А пакуль ля школы яшчэ цішыня. Толькі на тэрыторыі садка шчабятала малеча – ёй прывольна на свежым паветры пад пільным наглядам выхавальніц і нянечак, сярод мноства кветак і разнастайных архітэктурных формаў, створаных, дарэчы, і з дапамогай іх татаў і мамаў.
Пасёлак Партызанскі – немалы населены пункт, у якім прапісана каля шасцісот чалавек. Таму ёсць тут школа і дзіцячы садок, бібліятэка, ФАП, магазіны, часта прыязджаюць аўтакрамы. Канешне, калі б не закрыццё шклозавода, то быў бы пасёлак больш людным. Але ж гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Таму трэба жыць у тых умовах, якія склаліся, і рабіць усё для таго, каб жыццё гэта было прыгожым. Менавіта гэта я ўбачыла ў Партызанскім і яшчэ раз пераканалася, што трыадзінству «мясцовая ўлада, дэпутат і насельніцтва» пад сілу многае. Галоўнае – было б жаданне.
Ірына БУДЗЬКО. Фота Аляксея КАМІНСКАГА