Развіццё сучаснага горада немагчыма без інвестыцый ў будучае, а асабліва ў экалогію. Наш горад на працягу дзесяцігоддзяў лічыўся самым зялёным, а значыць, самым экалагічнабяспечным. Такую рэпутацыю мы павінны падтрымліваць і зараз, каб нашы нашчадкі змаглі сказаць, што іх папярэднікі пакінулі ў спадчыну выдатнае месца для жыцця, стварэння сям’і, а самае галоўнае – бяспечнае для дзяцей.
Рабіць сёння так, каб заўтра было не сорамна – такі прынцып у актыўнай часткі мясцовай супольнасці, што аб’ядноўваюцца пад прыгожай і загадкавай абрэвіятурай грамадскага аб’яднання «ЗОВіК». Калі задумацца, што можа азначаць гэта назва, не абавязкова ведаць той сэнс, які ўкладалі яго стваральнікі. Гэта можа быць і «зоў» наперад, да гарманічнай будучыні, калі і экалогія, і эканоміка, і сацыяльная сфера будуць развівацца ўзаемна,дапаўняючы адна адну. Гэта могуць быць і «заўзятыя аптымісты Вілейшчыны», што наперакор усім выпрабаванням і меркаванням мараць зрабіць свой горад і раён самымі лепшымі не толькі сярод гарадоў і раёнаў Беларусі, а можа, нават, і Еўропы. Разважаць можна бясконца, але справы гэтага грамадскага аб’яднання, якое ўдала спалучае тандэм “мясцовая супольнасць – раённая ўлада”, гавораць самі за сябе.
Вось і наступны праект, што пачало рэалізоўваць грамадскае аб’яднанне «ЗОВіК», сваім пачынам накіраваны на нашу будучыню.
– Развіваць веларух у горадзе, каб зменшыць шкодныя выкіды ў паветра ад усё больш нарастаючай колькасці аўтамабіляў, трэба пачынаць з выхавання маладога пакалення, – распавяла нам старшыня праўлення ГА “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка. – І калі мы можам замаўляць новыя веласіпеды, рабіць пэўныя крокі па напрацоўванні пашыранай сеткі веласцежак, выкройваючы грошы ў бюджэце, ці перамагаючы ў розных конкурсах і грантах – гэта добра. Але прывіць культуру веларуху, даць якасныя веды па бяспечнаму ваджэнню веласіпеда мы павінны з маленства. Вось і новая веласцежка ў Ніжнім парку, якая з’явілася не так даўно і яшчэ павінна набыць свой завершаны выгляд за кошт усталявання паабапал яе лавак, сметніц, велапарковак і нанясення разметкі – гэта новы праект грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёну «ЗОВіК», які рэалізуецца ў рамках ініцыятывы «Веларух – клопат пра сябе і навакольных» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Сума фінансавання з боку Еўрапейскага Саюза складае 24836 еўра.
На першы погляд, сума не малая, і многія заўзятыя крытыкі скажуць: лепш заасфальтавалі б вуліцу ў пэўным мікрараёне. І тут ёсць доля праўды, але трэба разумець, што асфальтаванне вуліц – праца бюджэтных арганізацый і пэўны артыкул выдаткаў бюджэту. А гэта ініцыятыва мясцовых людзей, якія вырашылі, што ім патрэбны бяспечны адрэзак добрай веласцежкі, каб прыйсці сюды з дзецьмі, унукамі і павучыць іх яздзе на веласіпедзе. Такой тэрыторыяй і быў выбраны Ніжні парк, дзе закаталі каля кіламетра веласцежкі. Тут можна будзе больш бяспечна, чым у гарадской рысе, навучаць дзяцей, адточваць майстэрства моладзі і, магчыма, упершыню сесці на веласіпед у сталым узросце. Дарэчы, апошняй катэгорыі віляйчан можна будзе гэта зрабіць на трохколавых дарослых веласіпедах, якія бясплатна на пэўны час можна будзе ўзяць у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і што набываюцца ў рамках ініцыятывы.
Праект, у першую чаргу, робіць стаўку на патрэбы грамадзян, якія выказалі свае пажаданні, па-другое, разлічаны на тое, што гэтыя гараджане зробяць самі пэўны ўклад у рэалізацыю дадзенай ініцыятывы – у выглядзе валанцёрскай працы, правядзенне пэўных работ па дабраўпарадкаванні, арганізацыі тлумачальнай размовы з падлеткамі па бяспецы веларуху і многае іншае. Так, і ў мінулыя тыдні валанцёры і прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «ЗОВіК» (на фота) не адзін дзень шчыравалі на абуладкаванні веласцежкі, прыбіранні смецця вакол яе і стварэнні пляцовак для ўсталявання лавак, сметніц і велапарковак. Разам з імі працавалі і маладыя аматары веларуху, якія таксама могуць лічыцца валанцёрамі, і іх унёсак у агульную справу будзе залічаны кіраўнікамі ініцыятывы.
Першы этап завершаны, наперадзе яшчэ шмат працы, каб і Ніжні парк з набярэжнай Віліі,а разам з тым і наш горад стаў больш утульным і прывабным як для дзяцей, моладзі, так і дарослага, і сталага пакалення. А гэта ўсё у нашых з вамі руках.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара