Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У абласным велапрабеге каманда з 10 віляйчан пераадолела 42 км на веласіпедзе

15 ліпеня на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна прайшоў традыцыйны абласны велапрабег, прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Гэта ўжо трэці па ліку веласіпедны тур, які арганізуе Мінскі абласны выканаўчы камітэт, дзе прымаюць удзел каманды ўсіх раёнаў Мінскай вобласці.

IMG_8489

У гэтым годзе каманду Вілейскага раёна, якая складалася з прадстаўнікоў райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, узначаліла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга. Кожны з каманды таксама прадстаўляў грамадскія арганізацыі “ Белая Русь” і “ЗОВіК”, у адпаведнай форме. Каманда з дзесяці віляйчан пераадолела 42 км на веласіпедзе па маршруту Стаўбцы – Вішнявец – філіял літаратурнага музея Якуба Коласа – турыстычны комплекс «Высокі бераг». На апошняй кропцы маршруту, каля турыстычнага комплексу «Высокі бераг», быў абсталяваны базавы лагер непасрэдна на беразе Нёмана. Пасля асноўнага веласіпеднага туру каманды раёнаў і структур аблвыканкама паўдзельнічалі ў спаборніцтвах па кіданні валёнка, дартсе, фігурным ваджэнні веласіпеда і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Каманда Вілейскага раёна ў агульнакамандным заліку ўвайшла ў пяцёрку мацнейшых.

IMG_8485

Усяго ў велапрабегу ў Стаўбцоўскім раёне прыняло ўдзел каля паўтысячы чалавек. Распачаўся велапрабег раніцай у цэнтры Стаўбцоў на плошчы Бессмяротнасці, дзе былі сабраны ўсе каманды-удзельніцы са сцягамі і веласіпедамі. Удзельнікаў велапрабегу павітаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, які ў сваёй прамове адзначыў:

IMG_8509

– Такія велапрабегі ўжо сталі добрай традыцыяй. На іх збіраецца кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый. Падобныя спартыўныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей і спрыяюць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прыцягваюць людзей да заняткаў спортам. Прыемна, што акцыя праходзіць у Стаўбцоўскім раёне, на радзіме Якуба Коласа. Праязджаючы па гэтых мясцінах, ды і навогул па ўсёй Беларусі, ўспамінаеш яго словы: «Мой родны кут. Як ты мне мілы!»

IMG_8522

Пасля ўрачыстай прамовы Анатоль Ісачанка і старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў усклалі вянок да манумента ў памяць савецкім воінам і партызанам, якія змагаліся за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Памяць вызваліцеляў ушанавалі і прадстаўнікі велапрабегу ад кожнага раёна.

IMG_8578

Мерапрыемства было арганізавана на высокім узроўні, і таму паспрыяла нават суботняе надвор’е. Але самае галоўнае – яно паказала, што веласіпед можа быць не толькі спартыўным сродкам, але і часткай цудоўнага адпачынку і сродкам пазнання свайго края. Як адзначыла капітан вілейскай каманды Святлана Дзяруга:

IMG_8511

– Веларух з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. Вельмі шмат для папулярызацыі веласіпеднага руху робіцца і на Вілейшчыне – больш становіцца ўладкаваных веласцежак,ствараюцца пляцоўкі для заняткаў велафрыстайлам, праводзіцца шэраг знакавых мерапрыемстваў, сярод якіх і раённыя велапрабегі і акцыі «Пасябруй з веласіпедам», або «Дзень без аўтамабіля» і многае іншае. Для большасці віляйчан, веласіпед заўжды быў і застаецца даступным і простым сродкам для падтрымання добрай фізічнай формы ці проста выкарыстоўваецца для перамяшчэнняў па горадзе і раёне. А для некаторых гэта і сродак для падарожжаў, калі ёсць адчуванне рэальных зносін з прыродай, а падчас паездак можна проста спыніцца і палюбавацца прыгожымі краявідамі.

IMG_8572

Як адзначалася, велапрабег па памятных месцах у Мінскай вобласці праводзіцца ўжо трэці год запар. У асноўным у ім ўдзельнічаюць аматары, але на трасе быў заўважаны і знакаміты велагоншчык, ураджэнец Мінскай вобласці, алімпійскі чэмпіён Алімпіяды ў Манрэалі 1976 гада, чэмпіён свету 1977 года Уладзімір Камінскі. Дарэчы, ехаў ён не на імпартнай тэхніцы, а на беларускім «Аисте». Таксама сярод удзельнікаў быў і яшчэ адзін ветэран веласпорту, член трэнерскага савета федэрацыі веласпорту Мінскай вобласці Уладзімір Мацулевіч.

IMG_8556

Па ўсім шляху руху веласіпеднага туру, у кожнай вёсцы ўдзельнікаў актыўна сустракалі мясцовыя жыхары, а ў буйных аграгарадках, дзе існуюць школы – дзеці з шарыкамі і беларускімі сцяжкамі. Месцам першай стаянкі стала вёска Вішнявец, дзе прывал быў арганізавалі на беразе жывапіснага вадаёму. Там усе ўдзельнікі пасля пераадольвання амаль паловы шляху змаглі папіць вады, гарбаты з мёдам або падправіць свой велатранспарт. Затым, амаль перад фінішам, за пяць кіламетраў да турыстычнага комлексу, была арганізавана стаянка ў філіяле літаратурнага музея Якуба Коласа на літаратурна-мемарыяльным комплексе Смольня – былой сядзібе Міцкевічаў (родных Якуба Коласа), якія жылі тут з 1910 года. Знаходзіцца музей за 1,5 км ад вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Доўгі час тут жыў сам паэт, а таксама неаднойчы прыязджаў і працягваў тут працу над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Удзельнікі велапрабегу наведалі адноўленую хату з гаспадарчымі пабудовамі пад саламянымі стрэхамі, сфатаграфаваліся пад векавымі ліпамі, якія пасадзіў сам пясняр у 1911 годзе, а таксама наведалі спецыяльна ўзведзены двухпавярховы будынак літаратурнага музея. Пасля наведвання музея праз некалькі кіламетраў адбыўся фініш велапрабегу, дзе пасля адпачынку каманды пачалі спаборнічаць у разнастайных відах актыўнага спорту.

IMG_8547

Кожны з удзельнікаў, хоць крыху і прытаміўся, але аднагалосна адзначаў, што такія мерапрыемствы вельмі неабходныя. Гэта дае магчымасць унесці ў сваё жыццё разнастайнасць і азарт. І як адзначылі арганізатары, яны спадзяюцца, што пасля гэтага велапрабегу ў многіх з’явіцца жаданне часцей катацца на веласіпедзе і больш рухацца.

IMG_8592

Сяргей ГАНЧАР. 
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 130 queries