Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Как прошло торжественное открытие скульптурной композиции «Мама с детьми»

“Два сонцы ёсць: адно нам свеціць з неба, другое – мама, грэе на зямлі” – гэтыя радкі з верша Святланы Басуматравай узгадаліся, калі разам з іншымі жыхарамі і гасцямі горада спяшалася ў тую частку гарадскога парку, якая не так даўно набыла афіцыйную назву – Сквер маці. Адзначу, што рэалізавалася гэта ініцыятыва дзякуючы сродкам горада і фундатараў. І менавіта тут, у скверы, 2 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Маці з дзецьмі”. Гэта падзея ў шэрагу разнастайных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня вызвалення Вілейкі і Дня Незалежнасці нашай краіны, стала адметнай. Бо мае надзвычай глыбокі і сімвалічны змест для кожнага паасобку і для ўсёй краіны цалкам.

DSCF6965

Літаратурна-музычную кампазіцыю “Слаўся, матуля”, прысвечаную падзеі, адкрывала яе вядучая, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч. Для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця яна запрасіла на пляцоўку гасцей – старшыню райвыканкама Віктара Ката, аўтара праекта сквера ў гарадскім парку архітэктара Людмілу Луцэвіч і аўтара скульптурнай кампазіцыі Аляксандра Шомава. Выступаючы, Віктар Кот адзначыў, што адкрыццё новых аб’ектаў і памятных знакаў напярэдадні вялікіх дзяржаўных свят на Вілейшчыне стала ўжо добрай традыцыяй. Віктар Іосіфавіч падзяліўся, што гэта падзея асабіста ў яго выклікае адначасова і радасць, і хваляванне. Таму што з адкрыццём скульптурнай кампазіцыі “Мама з дзецьмі” закладваецца каштоўная для ўсіх людзей традыцыя – ставіцца з павагаю да маці. Якая дае жыццё, сагравае сваёй любоўю, атуляе падтрымкай і клопатам. Менавіта ў маці, яе годнасці і міласэрнасці, раскрываецца сапраўдная душа нашай Радзімы. Старшыня раённай улады выказаў упэўненасць, што гэта месца стане папулярным і любімым як для віляйчан, так і для гасцей горада.

DSCF6976

Пра першае знаёмства з горадам на беразе Віліі і пра яго працяг расказала Людміла Луцэвіч. Менавіта Людміла Пятроўна стварала канцэптуальны праект рэканструкцыі ўсяго парку, асноўнай ідэяй было змяніць статус яго цэнтральнай алеі з “дарогі на рынак” на тэрыторыю адпачынку. Менавіта таму алея завяршаецца спецыяльнай пляцоўкай, з якой адкрываецца цудоўны ракурс на Вілію. Зараз на працягу ўсёй цэнтральнай алеі ёсць на чым затрымаць позірк. Вось і на тэрыторыі, дзе сёння стаіць скульптурная кампазіцыя, планавалася разбіць разарый. Дзякуючы спонсару, атрымалася надаць гэтаму куточку ў парку больш глыбокі сэнс. Каб і надалей вырашылася ўся паркавая зона, а сам парк набыў цывілізаваны выгляд – такое пажаданне адрасавала Людміла Луцэвіч гораду.

DSCF6978

Для Аляксандра Шомава, аўтара скульптурнай кампазіцыі “Маці з дзецьмі”, гэта работа мае асаблівы змест. Аляксандр Сяргеевіч упэўнены, што здароўе любога грамадства залежыць ад адносінаў да сям’і, да маці, да дзяцей. Чалавеку, які выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і і сам з’яўляецца бацькам шасцярых дзяцей – дзвюх дачок і чатырох сыноў – гэта тэма вельмі блізкая. Мама застаецца для яго самым родным чалавекам заўсёды. Кампазіцыя не нарадзілася проста – былі ўдакладненні, уносіліся змены. Свайму твору аўтар жадае аднаго – доўгага жыцця, каб людзі розных пакаленняў памяталі пра самую трывалую ў свеце сувязь – з той, што дала жыццё.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Момант, калі прысутныя нарэшце ўбачылі “Маці з дзецьмі”, стаў надзвычай хвалюючым. Для адкрыцця скульптурнай кампазіцыі запрасілі старшыню райвыканкама Віктара Ката,скульптара Аляксандра Шомава, намесніка старшыні райвыканкама, старшыню раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Святлану Дзяруга. Гучала паэтычнае слова Івана Лашуткі і іншых беларускіх аўтараў у выступленні калектыву аўтарскай песні “Элегія” Цэнтра эстэтычнага выхавання, сваім майстэрствам радавалі дзяўчаты з ансамбля “Карагод” пад кіраўніцтвам Ірыны Новік, мастацкім чытаннем – Амраан Аль-Хлейфат, выхаванец студыі “Ветразь” гімназіі №2 (кіраўнік Мікалай Іваненка), вельмі кранальным было выступленне супрацоўніцы Вілейскага Палаца культуры Крысціны Язневіч з кампазіцыяй “Маміна любоў”…

DSCF6987

Каля скульптурнай кампазіцыі віляйчане чыталі вершы пра самага дарагога чалавека – маму. І гэта ўпэўніла: людзі зразумелі задумку аўтара, а “Маці з дзецьмі” заняла сваё месца тут нездарма.

DSCF6963

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 36 queries