У нашай краіне напачатку ХХІ стагоддзя шырока пачала фарміравацца казацкая супольнасць, і хоць беларускія казакі застаюцца ўсё-такі рэччу экзатычнай для нас, але гэта цэлы асобны пласт культуры. Калі крыху крануць гісторыю, то асобна трэба адзначыць, што казакі – гэта этнас, а не саслоўе, як многія сабе ўяўляюць. З цюркскай мовы «казак» азначае «вольны чалавек». Сярэднявекавой гісторыі беларусаў (літвінаў) вядомы многія прыклады суадносін і асіміляцыя з рознымі этнасамі і старажытнымі культурамі, але ўзгадкі пра існаванне сярод адзінаццаці казачых войскаў беларускага (літвінскага) казачага войска пакуль яшчэ не знаходзілася ў гістарычных крыніцах. Існуе шмат розных легендаў і меркаванняў на гэты конт. Усе ведаюць пра ўкраінскіх, кубанскіх казакаў, як і ўсе чулі аб Запарожскай Сечы, аднак некаторыя гісторыкі распавядаюць і пра беларускую сталіцу казацтва горад Чавусы, што, усё ж, у большасці домыслы. Бо трывалыя шляхецкія палкі, фарміраванні, тыя ж самыя “крылатыя” гусары, вядомыя беларускія ваяры з часоў Вялікага княства Літоўскага, а таксама пазнейшыя фарміраванні – знакаміты беларускі гусарскі полк (у якім служыў герой Айчыннай вайны Дзяніс Давыдаў) і Гродзенскі гусарскі полк – маглі быць прататыпамі пэўнай культуры, падобнай на казацтва. Але гэта тэма гістарычных даследаванняў, якую закранаць не будзем. Мы ж павядзем гаворку пра існаванне ў Беларусі казацтва сёння, што сапраўды стала рэальнасцю. І выдатна, што сучасныя беларускія казакі па сваёй нацыянальнай сутнасці з’яўляюцца беларускі, а не ўкраінскімі ці расійскімі. Як выдатна і тое, што ў свой рэпертуар уключаюць і выбітныя шэдэўры беларускага народнага песеннага фальклору, які, дарэчы, поўніцца казачымі сюжэтамі. І менавіта гэта з’яўляецца тэмай нашага артыкула – песенныя традыцыі казацтва ў рэпертуары вілейскіх выканаўцаў.
Ансамбль казачай песні «Вілея казацкая» стаў сапраўдным упрыгожваннем як нашых гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, канцэртаў, так і жаданым госцем на многіх абласных і рэспубліканскіх святах, і нават замежных творчых форумах. Калектыў быў створаны па ініцыятыве вядомага апантана-творчага віляйчаніна Андрэя Дударчыка, які доўгі час займаўся творчасцю як самадзейны артыст, а зараз прафесійна – як кіраўнік і ўдзельнік не аднаго творчага калектыву нашага раёна.
«Вілея казацкая» была створана ў 2010 годзе, асновай і касцяком ансамбля былі як прафесійныя, так і самадзейныя артысты, што заўжды надавала яму непаўторны творчы каларыт. Нязменнымі на працягу гэтых шасці год з’яўляюцца кіраўнікі ансамбля – сямейны дуэт Андрэя і Марыны Дударчыкаў.
– Менавіта захапленне мужа стала асновай для стварэння каларытнага ансамбля, які выконвае казачыя песні, беларускія народныя балады, – адзначыла кіраўнік калектыву Марына Дударчык. – Пачынаўся ансамбль на базе Шылавіцкага дома культуры ў складзе чатырох чалавек. За шэсць мінулых год нашай дзейнасці ў калектыў паступова далучаліся новыя артысты, няспынна ішоў працэс пошуку і выпрацоўвання свайго рэпертуару, хаця накірунак быў выбраны адразу, і яму мы не змяняем па сённяшні дзень.
– Ад казачай песні распраўляюцца крылы, – як заўжды з усмешкай і чаканнем рэакцыі свайго суразмоўцы выразна адзначае Андрэй Дударчык. – Можна казаць многа, спрачацца па гістарыяграфіі казацтва, але я магу сказаць адно – гэта найвыдатнейшы пласт культуры, прычым культуры сусветнага значэння. Калі чуеш казацкую песню, якую нельга слухаць без слёз, ты разумееш, што тут спалучаюцца і воінская адвага,і жаночая вернасць,і шматвекавыя маральна-духоўныя традыцыі, свая філасофія. Ідэя стварэння падобнага калектыву ў мяне ўзнікла яшчэ падчас майго знаходжання ў складзе добравядомага народнага калектыву «Суквецце». Гэта была цудоўная школа, якая дала мне магчымасць самому стварыць ансамбль і нават кіраваць іншымі калектывамі, а ў свой час з’яднаць і захаваць легендарны хор «Любанія».
Ансамбль казачай песні «Вілея казацкая» быў і пад началам Вілейскага РАУС, і Шылавіцкага дома культуры, а зараз размяшчаецца на базе вілейскага Палаца культуры. Толькі за апошнія гады вілейскія казакі выступалі не толькі ў нас у раёне, але і на сталічных пляцоўках у дзень свята «Дня Расіі», побач з сусветнавядомымі расійскімі казачымі творчымі калектывамі, на днях казацкай культуры і нават падчас здымкаў праграмы розыгрыша «Суперлато». І заўжды ансамбль з Вілейкі, паказваючы сваю творчасць, заваёўвае сэрца гледача сваім выкананнем, падабаецца як арганізатарам, гасцям, так і, асабліва, слухачам мерапрыемстваў.
– У свеце вельмі шмат адмоўнага… Культура ж вядзе да цяпла, святла, дабрыні, а сучасная песня не можа ісці ні ў якое параўнанне з песняй народнай, у тым ліку беларускай, казачай, бо ў ёй захаваны гісторыя і мудрасць пакаленняў, іх запаветы на шчаслівую будучыню, – упэўнены Андрэй Дударчык. – І нават тым, хто скептычна адносіцца да казацтва і яго ўвасаблення ў нашай творчасці, хачу адзначыць, што нашы салісты Аляксандр і Уладзімір Высоцкія маюць казацкія карані. Бацька Аляксандра Высоцкага, вядомага на Вілейшчыне выканаўцы, кампазітара і выхавацеля цэлай плеяды маладых творцаў, паходзіць з Украіны, з казачага пасялення. Вось вам перапетыі гісторыі, і вось вам яскравы прыклад прадстаўніцтва вілейскага казацтва. Дарэчы, Уладзімір Высоцкі валодае выключным вакалам, які не раз адзначалі на абласных і рэспубліканскіх вакальных конкурсах, а гэта, канешне ж, карані.
Бываючы на канцэртах і мерапрыемствах, дзе выступае «Вілея казацкая», нязменна адзначаеш згуртаванасць калектыву, яго асаблівы, можна сказаць, сямейны дух.
– Цяперашні склад ансамбля «Вілея казацкая» сфарміраваўся нядаўна, і свае першыя выступленні такім складам мы пачалі ў лютым мінулага года, – распавядае Андрэй Дударчык. – Гэта адлік часу ў новым складзе, дзе выступаюць акрамя мяне, як я адзначаў, Аляксандр і Уладзімір Высоцкія, а таксама Дзмітрый Баклашоў, Варвара Дударчык і Марыя Гатаўліна. Калектыў – гэта вельмі важна, бо ў песні, калі не адчуваеш дыханне, якое цябе падтрымлівае справа, злева, не будзе цэласнасці. Так, у свой час наш ансамбль быў адным з заснавальнікаў міжнароднага фестывалю казачай песні «Гайда», які праходзіць у Мінску ўжо на працягу шасці год.
– І ўсе гэтыя шэсць год мы нязменна прывозім шэраг дыпломаў з фестывалю «Гайда», – пацвярджае словы сукіраўніку Марына Дударчык. – У гэтым годзе дыпломамі адзначаны не толькі калектыў «Вілея казацкая» за ўмацаванне культурных сувязей паміж дзяржавамі, высокае выканаўчае майстэрства і адданасць духоўным традыцыям казацтва, але і саліст Уладзімір Высоцкі, які пакарыў сталічную публіку. Таксама ў фестывалі ўдзельнічаў і яшчэ адзін наш калектыў – народны хор народнай песні «Любанія», выступленне якога таксама адзначылі арганізатары фестывалю дыпломам. Словам, шмат працуем, пастаянна імкнемся развівацца, а галоўнае,выбудоўваем планы на будучыню. Працуем для свайго слухача, які, я мяркую, яшчэ доўга будзе аддана прыходзіць на нашыя выступленні, і якога мы будзем радаваць новымі песнямі і новымі праграмамі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара