Сёлета раённае свята выпускнікоў адбылося 9 чэрвеня, у мінулую пятніцу, і пачалося на гарадской плошчы Свабоды. Тут сабраліся па-святочнаму прыбраныя выпускнікі-2017 – 290 юнакоў і дзяўчат Вілейшчыны, падтрымаць і павіншаваць якіх прыйшлі бацькі, настаўнікі, родныя, сябры, а таксама прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў. Ускладанне кветак да помніка на плошчы і хвіліна маўчання – знак павагі да памяці тых, хто аддаў жыццё, каб вярнуць нашчадкам мірнае неба і магчымасць свабодна жыць на сваёй зямлі. Адышоўшы ад штогадовай традыцыі, услед за ансамблем мажарэтак і духавым аркестрам школы мастацтваў святочнае шэсце рушыла да Цэнтральнай плошчы. Выпускнікі гучна выкрыквалі назвы сваіх устаноў адукацыі, якія запісаны ў іх важных дакументах – атэстатах аб агульнай сярэдняй адукацыі. Людзі розных пакаленняў, што станавіліся сведкамі шэсця, спыняліся, любуючыся хараством дзяўчат і саліднасцю хлопцаў, напэўна, успамінаючы і свой Той Самы Дзень.
На Цэнтральную плошчу выпускнікі ўваходзілі праз арку з паветраных шарыкаў, займалі свае месцы, а вядучыя называлі і прэзентавалі кожную ўстанову адукацыі. Пад гукі гімна адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. З віншаваннямі і пажаданнямі да выпускнікоў звярнуліся ганаровыя госці – старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Жыбуль, кіраўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Пуцэйка, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева. Яны ж уручалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору тым выпускнікам, што скончылі школу з залатым і срэбным медалём – такіх сёлета было трынаццаць. З радасцю і хваляваннем, разам з бацькамі медалісты паднімаліся на сцэну – пад гучныя апладысменты ўсіх, хто прысутнічаў на плошчы ў той урачысты дзень.
Так, з уручэння атэстата сталасці, пачаўся для нядаўніх адзінаццацікласнікаў адлік іх самастойнасці. Канешне, даказваць яе прыйдзецца на справе – сваімі ўчынкамі, упэўненасцю ў сабе, паводзінамі і поспехамі. Няхай жыццёвыя шляхі выпускнікоў будуць лёгкімі – як тыя рознакаляровыя паветраныя шарыкі, якія яны адпусцілі ў блакітнае чэрвеньскае неба.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фото Елены ТИМОФЕЕНКО




















































Цудоўныя фота, але шкада, што на сайце яны размешчаны ў сціснутым фармаце. Паважаная Елена, ці ёсць магчымасць спампаваць некаторыя з гэтых фота ў высокай якасці, каб захаваць іх для гісторыі? Напрыклад праз файлаабменнік.
Привет всем! Классный у вас сайт!