Больш сарака год школьныя калідоры Любанскай сярэдняй школы аздабляе ўнікальная карцінная галерэя Працоўнай славы. Яе склалі дваццаць тры вялікафарматныя партрэты жыхароў Любані, лепшых працаўнікоў усесаюзна вядомага саўгаса «Любань» імя 50-годдзя СССР. Карціны на працягу трох год маляваў маскоўскі мастак, член Саюза мастакоў СССР Мікалай Лысоў. «Упэўнены, такога няма больш ні ў аднай школе нашай краіны», – з гонарам зазначае дырэктар Любанскай школы Васіль Кісель і знаёміць мяне з карцінамі.
Партрэтная галерэя – падарунак школе, які зрабіў легендарны Яўген Мірановіч, калі тая пераходзіла ў новы будынак, таксама, дарэчы, пабудаваны за кошт гаспадаркі. «Мэта была такая – паказаць лепшых любанскіх працаўнікоў, зрабіць так, каб памяць аб іх доўжылася ў пакаленнях», – распавядае Васіль Аляксандравіч. Намер мудрага кіраўніка, з якім звязаны лепшыя гады для Любані, быў дасягнуты: галерэя бы «ўдзельнічае» ў школьным жыцці. Тут праходзяць урачыстыя «лінейкі»: узнагароджваюць лепшых вучняў, абмяркоўваюць планы, распавядаюць пра дасягненні. На працягу год партрэты «назіраюць» за жыццём сваіх дзяцей, унукаў, а цяпер ужо і праўнукаў.
– Гэта мой прадзядуля Лявонцій Міхайлавіч Роўда, – распавядае Яна Гатоўка. – Ён нарадзіўся ў 1932 годзе, падчас Вялікай Айчынай вайны быў вывезены ў Германію, пасля перамогі вярнуўся ў Любань. У Мірановіча працаваў кавалём. За бездакорную працу ў 1963 годзе быў узнагароджаны Ордэнам Леніна.
– А мая прабабуля Галіна Францаўна Папчанка нарадзілася на Мядзельшчыне, – гаворыць праўнучка Настасся. – Непрацяглы час яна жыла ў Крыме сярод крымскіх татар, дзе і навучылася гатаваць кумыс (кісламалочны прадукт з малака кабыл). Потом вярнулася ў Беларусь і шукала працу. У гутарцы з Яўгенам Мірановічам расказала, што ўмее даіць кабыл. Гэта вельмі зацікавіла кіраўніка гаспадаркі. І ў хуткім часе прабабуля ўжо завіхалася на каняферме. У 1972 годзе яна за плённую працу яна атрымала Знак Пашаны. «Кожны дзень машына гаспадаркі везла свежы кумыс на стол беларускага ўрада», – дадае Васіль Аляксандравіч.
Уласна партрэта Яўгена Мірановіча няма – ён намаляваны з акадэмікам Шулындзіным на палетку, дзе вырошчвалі трыцікале. Гаспадарка была доследнай пляцоўкай аграномоў-навукоўцаў. Дачка Яўгена Фёдаравіча нават абараніла кандыдацкую дысертацыю ў сельскагаспадарчай сферы.
Яўген Мірановіч памёр у студзені 1980 года. У хуткім часе сям’я з’ехала ў Амерыку. Сям’я многа год не прыязджала ў Беларусь. Толькі пасля таго, як школьнікі зрабілі відэафільм пра Любань і пра памяць аб Мірановічы, што зберагаюць тут, і выслалі дзецям і ўнукам Яўгена Фёдаравіча, тыя наважыліся і прыехалі. І апошнім часам прыязджаюць штогод.
…З 23 чалавек, адлюстраваных на партрэтах, на сёння жывуць трое. Астатнія «жывуць» у галерэі Працоўнай славы, штодзённа назіраючы за вірлівым жыццём нашчадкаў…
Ірына ТРУБА.
Фото автора