Сумесная беларуска-літоўская экспедыцыя, прысвечаная 160-годдзю экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Вілія, хутка пакліча сваіх удзельнікаў да старту. Пачнецца экспедыцыя-2017 ужо 2 чэрвеня ад вёскі Камена Вілейскага раёна і завершыцца 20 чэрвеня ў горадзе Каўнас. Гэта будзе незабыўнае падарожжа па самай прыгожай рацэ, якая дала пачатак не аднаму паселішчу, у тым ліку і нашаму цудоўнаму гораду Вілейцы. Працягласць маршруту гэтага года каля 450 кіламетраў, падчас падарожжа ўдзельнікі воднага паходу змогуць пазнаёміцца з Віліяй на беларускай і літоўскай тэрыторыях, культурнымі, ландшафтнымі і гістарычнымі славутасцямі рэгіёнаў. Чытачы нашай газеты таксама змогуць «віртуальна» пабываць на кожнай са стаянак, якія чакаюць удзельнікаў экспедыцыі, бо ў нашай рубрыцы мы будзем распавядаць пра славутасці кожнай мясціны і тым самым зможам далучыцца да экспедыцыі: праз артыкулы стаць удзельнікамі экскурсій, наведаць музеі і архітэктурна-гістарычныя комплексы ўздоўж берагоў Віліі.
А сёння мы звернемся да ўспамінаў удзельнікаў экспедыцыі 2007 года, якая распачынала добрую традыцыю аднаўлення гістарычнага падарожжа. У чэрвені – ліпені 2007 года праходзіла першая Міжнародная беларуска-літоўская экспедыцыя, прысвечаная 150-годдзю экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Вілія – Нярыс (Нярыс – літоўскае назва ракі). Маршрут пачынаўся ля вытокаў Віліі і заканчваўся ў Каўнасе, дзе яна ўпадае ў Нёман. Кожны ўдзельнік той экспедыцыі змог атрымаць бясконцае мноства незабыўных уражанняў, а таксама для сябе адкрыць графа Канстанціна Тышкевіча і адказаць на пытанне: «Хто ён такі?»
Граф Канстанцін Тышкевіч – сын вядомага этнографа і археолага, адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцяў, аўтар цікавых навуковых прац, якія маюць этнаграфічную і гістарычную накіраванасць. Ён нарадзіўся ў Лагойску, вучыўся ў Віленскім універсітэце (па спецыяльнасці «права»). У 1857 годзе Канстанцін Тышкевіч арганізаваў на ўласныя сродкі экспедыцыю па шляху «з варагаў у грэкі». Маршрут пралягаў па Віліі. За паўтара месяцы падарожжа было сабрана нямала матэрыялаў, яны апісаны ў кнізе «Вілія і яе берагі», што выйшла ў 1871 годзе ў Дрэздэне на польскай мове. Гэтая знакавая як для беларусаў, так і для літоўцаў гістарычная фігура стала сімвалам экспедыцыі. Вось што ўспамінаў адзін з удзельнікаў экспедыцыі 2007 года, а менавіта кіраўнік мінскай групы турыстаў Юрый Тома, у сваім дзясяцігадовай даўнасці артыкуле:
– Не магу абысці ўвагай вельмі харызматычную постаць нашай экспедыцыі – капітана «флагманскага карабля» Владзіса Каспірявічуса. Яго судна – плыт водазмяшчэннем 20 тон, пад назвай «Блюшкіс», які мае ў сваёй аснове 10 тысяч двухлітровых пластыкавых бутэлек – стаў асноўнай славутасцю экспедыцыі. А абаяльны Владзіс, выдатны апавядальнік небывалых гісторый, аказаўся яшчэ і цудоўным кулінарам… Кожны дзень стаў сапраўдным святам для ўдзельнікаў экспедыцыі. І ў Беларусі, і ў Літве на беразе нас сустракалі з хлебам-соллю, выступалі ансамблі, ладзіліся танцы і карагоды вакол вогнішча. Гэта не было фармальнасцю: усё рабілася ад душы, з натхненнем, напаўнялася энергіяй. Мы ,са свайго боку, змаглі паказаць літоўскім сябрам высокамастацкія нумары. Салістка Беларускай філармоніі Таццяна Матафонава, кіраўнік ансамбля «Камелот», дудар Зміцер Сідаровіч, бард з Жодзішак Алег Мізула змаглі з годнасцю прадставіць беларускую частку экспедыцыі. Каб падкрэсліць наша адзінства, літоўскія арганізатары раздалі ўсім членам экспедыцыі агульную ўніформу: футболку і кепку з лагатыпам «Вiлiя-Neris 1857 – 2007». Падчас падарожжа ўсе жадаючыя сталі сведкамі і ўдзельнікамі старажытных ведычных абрадаў, а іншым раскрываліся і таямніцы старажытных баявых мастацтваў. Асабліва запомніўся дзень, праведзены ў сталіцы Літвы Вільнюсе, дзе нас чакала вялікая культурная праграма. 22 чэрвеня а 12 гадзіне нашы катамараны, плыты і байдаркі падышлі да цэнтра горада і спыніліся насупраць Літоўскага нацыянальнага музея. Пасля радаснай сустрэчы на беразе пачалася экскурсія з наведваннем бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Там на доўгім стале была раскладзена карта Віліі – Нярыс, складзеная графам Канстанцінам Тышкевічам 150 гадоў таму. Увечары ў гарадской ратушы нас прыняў мэр Вільнюса спадар Ёзас Імбрасас. Знаходжанне ў Вільнюсе скончылася вельмі відовішчнай купальскай ноччу… Не менш ветлівымі былі сустрэчы ў Будвіджяйе, Неменчыне, Дукштасе, Грабіёлайе, Кірнаве, Жверынасе, Чобішкісе і, вядома ж, у Каўнасе, дзе падарожжа завяршалася. Там Владзіс спусціў сцяг экспедыцыі ў Нёман, вымавіў кранальную развітальную прамову: «Скончылася казка, і трэба развітвацца. Але, Божа, як цяжка з марай расставацца».
Вось так цёпла і зацікаўлена адгукаліся ўдзельнікі першай экспедыцыі пра сваё падарожжа і тыя ўражанні, якімі былі перапоўнены іх сэрцы. Я памятаю, як усе турысты, якія ўдзельнічалі ў экспедыцыі 2007 года, выказвалі падзяку кіраўніку беларускай часткі экспедыцыі Віталю Кастэнку, які ўзяў на сябе адказнасць амаль за ўсе пытанні падчас падрыхтоўкі і правядзення экспедыцыі. На жаль, экспедыцыя 2017 года ўжо будзе праходзіць без яго, але вельмі важна, што ў гонар светлай памяці Віталя Міхайлавіча яго справа працягваецца, і на гэты раз ён таксама нябачна будзе суправаджаць удзельнікаў экспедыцыі, і на кожнай стаянцы сябры гэтага апантанага чалавека абавязкова ўспомняць яго добрым словам.
Сяргей ГАНЧАР.
На здымках: Міжнародная беларуска-літоўская экспедыцыя, прысвечаная 150-годдзю паходу графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Вілія – Нярыс, фота 2007 года з архіва рэдакцыі.