Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Падарожжа туды, дзе жыве Памяць

І ў паважаным узросце жыццё павінна быць поўным, насычаным разнастайнымі падзеямі і цікавымі сустрэчамі, стасункамі з людзьмі, падарожжамі. Гэта адзін з напрамкаў дзейнасці грамадскага аб’яднання ахвяр нацызму «Памяць вайны». Назва аб’яднання – гэта тое, што ляжыць у аснове яго дзейнасці, бо памяць пра жудасныя падзеі вайны не павінна знікнуць бясследна. Таму і маршрут нядаўняй экскурсіі, арганізаванай пры матэрыяльнай падтрымцы нямецкага фонду «Памяць. Адказнасць. Будучае» ў рамках гуманітарнай праграмы «Месца сустрэчы – дыялог», быў адметным.

Яе ўдзельнікаў – а іх, жыхароў паважанага ўзросту з вёскі Шылавічы, было пятнаццаць – чакалі ў Заброддзі, дзе знаходзіцца мемарыяльны комплекс памяці Першай сусветнай вайны. Менавіта ён для Барыса Цітовіча і членаў яго сям’і – спадарожніцы жыцця Валянціны Пятроўны і сына Данілы – стаў агульнай справай, справай жыцця. Тут ашчадна зберагаецца і ўшаноўваецца Памяць – дзеля нашай будучыні і міру ва ўсім свеце.

IMG_1693

У маляўнічым куточку Вілейшчыны – Заброддзі – гасцей сустрэў сам Барыс Барысавіч, стваральнік мемарыяльнага комплексу. Разам з ім яны наведалі каплічку-музей са званіцай у гонар святых Барыса і Глеба. Музей адметны тым, што мае цікавую экспазіцыю артэфактаў тых часоў і з’яўляецца першым тэматычным музеем у нашай краіне, які быў створаны пятнаццаць гадоў таму. Тут жа, у Заброддзі, размешчаны і палісад Памяці, закладзены Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам і Георгіем Паплаўскім. Размешчаныя ў лясным масіве могілкі – «Абоз» – гэта рэканструяваныя могілкі лазарэта №1 29-й пяхотнай дывізіі ХХ Армейскага корпуса 2-й Рускай Арміі. Аб’ектам комплексу з’яўляецца і курган з чатырохтонным памятным крыжам на месцы могілак №16 ХХ Армейскага корпусу ў сямі кіламетрах ад Заброддзя каля вёскі Рускае Сяло. У вёсках Нарач, Бараўцы, Порса, Жарсцвянка, Папоўцы, Шылавічы размешчаны памятныя знакі і помнікі – як сведчанне той вайны. Больш за трыццаць год у Заброддзі адбываецца святкаванне Дня Перамогі, акцыя «Дзве вайны – памяць адна» стала візітнай карткай мемарыяльнага комплексу і мерапрыемствам, якое штогод збірае шмат удзельнікаў. Стаў традыцыяй штогадовы аўтапрабег па гэтых памятных мясцінах, дзе пахавана шмат салдат Першай сусветнай,а таксама канферэнцыі, выставы, іншыя тэматычныя мерапрыемствы. І, канешне, экскурсіі, пра адну з якіх расказваем сёння.

IMG_1688

Як расказаў Якаў Дрэеер, старшыня праўлення ГА АН «Памяць вайны», удзельнікі экскурсіі атрымалі шмат уражанняў і эмоцый. За гэта яны ўдзячны Барысу Цітовічу, а таксама тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнай абароны насельніцтва – за арганізацыйную падтрымку і транспарт. Нядрэнна было б, выказаў меркаванне Якаў Яўгенавіч, каб у Заброддзе, хаця б аднойчы ў тыдзень, хадзіў аўтобус. Бо гэта адметнае месца – не толькі на карце Вілейшчыны – для розных пакаленняў павінна быць даступным.

IMG_1654

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота прадастаўлена Якавам ДРЭЕРАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 41 queries