У дзень 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у горадзе Фаціма, Партугалія, у Вілейку прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай, асвячоная ў капліцы аб’яўленняў. Гэта вельмі адметная падзея ў жыцці не толькі вілейскіх парафіян, але і ўсіх веруючых, бо ўвесь свет 13 мая 2017 года адзначае 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў, і менавіта Вілейцы выпала вялікая пашана ў гэты дзень сустракаць фігуру Маці Божай Фацімскай сярод усіх беларускіх парафій. Перэгрынацыя фігуры Маці Божай на Беларусі працягваецца ўжо сем месяцаў.
І вось, 13 мая фігуру сустракалі віляйчане, а ўвечары Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў тут святую Імшу і працэсію.
13 мая 1917 года ў Фаціме (Партугалія) дзецям: Лючыі, Францішку і Жасінце аб’явілася Маці Божая. Багародзіца прыходзіла да іх яшчэ пяць разоў, кожны месяц у 13-ты дзень. Яна вучыла дзяцей малітве, заахвочвала да навяртання і да пакуты, а таксама перадала праз іх усяму чалавецтву тры таямніцы, названыя пазней “фацімскімі”, у якіх адкрывала, што можа стацца, калі людзі не прымуць у сваё жыццё Бога. Багародзіца ў 1917 годзе сказала дзецям-пастушкам тры таямніцы (дзве былі абнародаваны ў 1941 годзе, а трэцяя — у 2000 годзе).
Такім чынам Багародзіца праз гэтых трох дзяцей звярнулася да ўсяго чалавецтва, звярнулася да кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасці, веравызнання, грамадзянства, колеру скуры. Фацімскае пасланне Марыі падкрэслівае важнасць і неабходнасць навяртання чалавека да Бога і асабістай малітвы кожнага чалавека: “Калі будзеце маліцца, асабліва на ружанцы, і навернецеся, то ўсё будзе добра, калі не, то свет чакаюць вялікія беды і катаклізмы”. Яе заклік астаецца актуальным і праз 100 гадоў. За гэты час дзясяткі, калі не сотні, мільёнаў людзей з усяго свету прыязджалі і працягваюць прыязджаць у Партугалію, каб пакланіцца Маці Божай Фацімскай і выпрасіць у яе патрэбную дапамогу сабе і сваім блізкім.
Сустрэча Маці Божай Фацімскай віляйчанамі адбылася на мяжы Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў, дзе яе ўрачыста перадалі вернікі Маладзечанскай парафіі Св. Юзафа на чале з кс. прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім. Пасля сумеснай малітвы парафіяне абедзьвюх парафій у аўтамабільнай працэсіі накіраваліся да вілейскага касцёла. Парафіяне Вілейкі ўрачыста сустракалі фігуру з Фацімы на вуліцы перад сваёй святыняй, дзе са словамі прывітання і малітвы да Фацімскай Панны ад імя ўсіх, хто сабраўся на плошчы перад касцёлам звярнуўся пробашч Вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла. Пасля гэтага фігура была ўрачыста ўнесена ў святыню, дзе і адбылося набажэнства да Божай Маці.
Цэнтральным момантам святочнага дня ўспаміну Маці Божай Фацімскай і прыбыцця фігуры ў Вілейку стала вечэрняя святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас Святой Імшы Мітрапаліт асабліва звярнуў увагу на заклік Марыі да малітвы і навяртання, адзначыўшы: “Калі мы любім Божую Маці, якая заклікае нас да малітвы і навяртання, то не забудзем прыйсці да яе на малітве, каб стаўся цуд нашага духоўнага навяртання і каб мы сталі новымі і на духоўных каштоўнасцях будавалі новую Беларусь”.
Адметным момантам свята стала Фацімская працэсія са свечкамі, калі вернікі на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам прайшліся па вуліцах горада ў працэсіі ўслед за фігурай Маці Божай Фацімскай, трымаючы свечкі і ўзносячы малітвы і спевы.
Напрыканцы святочнага дня пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла звяртаючыся да Маці Божай прасіў далейшага яе заступніцтва над Вілейскай парафіяй, каб усе заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Ксёндз Аляксандр яшчэ раз выказаў словы падзякі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і ўсім прысутным вернікам.
Фігура Маці Божай Фацімскай прабудзе ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы да 16 мая, пасля чаго будзе пілігрымаваць па парафіях Вілейскага дэканату, дзе кожны будзе мець магчымасць падысці да Маці Божай Фацімскай, каб памаліцца і пакінуць каля яе фігуры запіскі за сваіх памерлых і за жывых.
Сяргей ГАНЧАР паводле сatholic.by.
Фота Аксаны Бажко