Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выхаванцы «Патрыёта» наведалі Ашмянскую школу-інтэрнат для дзяцей і сірот

У апошнюю суботу красавіка хлопцы і дзяўчаты клуба «Патрыёт» з Лыцавічаў, створанага пры мясцовым доме культуры, ездзілі ў цікавую вандроўку. Разам са сваім кіраўніком Дзянісам Шарафановічам яны наведалі Ашмянскую школу-інтэрнат для дзяцей і сірот, якія засталіся без папячэння бацькоў. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама дапамог з аўтобусам, а з палівам – раённая арганізацыйная структура ДТСААФ. Само ж падарожжа было насычаным, багатым на новыя ўражанні, цікавыя сустрэчы і, безумоўна, карысным.

IMG_7018

Горад Ашмяны гасцінна сустрэў віляйчан. Спачатку для іх правялі экскурсію па музеі школы-інтэрната. Там расказалі, што яго будынак у польскі час быў нават турмой. Дабротнасцю і трываласцю пабудовы школы-інтэрната – а гэта не адзін будынак, а цэлы комплекс – уражваюць і сёння. У другім музеі, куды запрасілі гасцей, таксама было што паглядзець. Ад грамафона і да сучасных прайгравальнікаў – такі шырокі дыяпазон тэхнікі ўбачылі наведвальнікі ў музеі апаратуры. Этнамузей «Беларуская хатка» пазнаёміў з побытам беларусаў, дазволіў дакрануцца да сваіх каранёў. Вырабы з гліны, керамікі, жалеза, падараваныя школе-інтэрнату, сабраныя асобна. Іх таксама паказалі гасцям. Сваіх выхаванцаў у школе-інтэрнаце прывучаюць да працы. Тут працуюць швейны і сталярны цэх. Мэблю, якую вырабляюць яны самі, можна нават набыць у невялікай краме.

IMG_3050

Калі знаёмства з гаспадарамі адбылося, прыйшла чарга і гасцям расказаць пра сябе. Як зразумела з назвы, вядучы накірунак дзейнасці клуба з Вілейшчыны – патрыятычны. А яшчэ – дысцыпліна і выхаванне. Каб падлетка як асобу выхоўвала не вуліца і горшыя прыклады аднагодкаў. Відэаролік, прывезены з сабою, дапамог не толькі расказаць, але і паказаць, што ўмеюць выхаванцы «Патрыёта»: плясавыя ваенныя танцы, рукапашны бой, ніжняя акрабатыка са зброяй, жангліраванне карабінам і іншае. Паходы, сплавы па рацэ, арганізацыя палатачных лагераў, авалодванне навыкамі верхавой язды – гэта таксама накірункі дзейнасці клуба з Лыцавічаў. А яшчэ яны выканалі два танцы – «Адказ лязгінцы» і «Калі мы былі на вайне». У адказ гаспадары паказалі канцэрт, пачаставалі смачным абедам.

IMG_3057

Па дарозе дадому выхаванцы «Патрыёта» зрабілі прыпынак у Смаргоні, каля мемарыяла Першай сусветнай вайны. Даніна памяці палеглым у той вайне, ушанаванне і ўзнаўленне захараненняў – гэта таксама іх «тэма». Нездарма зараз намаганнямі кіраўніка і выхаванцаў у Лыцавічскім доме культуры ствараецца пакой памяці з трыма экспазіцыямі: «Чурлёнскай зямлі гераічныя сыны», прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, «Стогадовая трагедыя» – пра падзеі Першай сусветнай на нашых землях і «Афганістан. Боль. Памяць», прысвечаная воінам-інтэрнацыяналістам. У клуба «Патрыёт» ёсць аднадумцы, якія дапамагаюць, падтрымліваюць. Гэта раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, раённае аб’яднанне воінаў-інтэрнацыяналістаў, вілейскі клуб «Паходня», клуб з Маладзечна «Юны дэсантнік».

IMG_3073

Удзел у святкаванні Вялікай Перамогі стаў для клуба «Патрыёт» ужо традыцыйным. Яго пятнаццаць выхаванцаў (а гэта не толькі хлопцы, але і дзяўчаты) лічаць гэта сваім высокім абавязкам. Бо шанаваць памяць пра подзвіг сваіх дзедаў і прадзедаў неабходна. Каб не страцілася галоўнае – пераемнасць пакаленняў…

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота Сяргея ГАНЧАРА.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries