Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вайна не павінна стаць гісторыяй – пра яе трэба гаварыць, помніць

Вайна не павінна стаць гісторыяй – пра яе трэба гаварыць, помніць, а не успамінаць з нагоды свята ці вывучаць па падручніках. Гэта тое, што датычыцца кожнага, гэта нацыянальны гонар аб подзвігу, які здзейснілі нашы дзяды ў 1941 – 1945, нашы прадзеды ў 1914-1918 гадах і гэтак далей. На пярэдадні кожнага 9 мая задаешся пытаннем: «з кім можна пагутарыць на тэму вайны», бо столькі было сказана, расказана і столькі не будзе вымаўлена… Вайна – гэта не проста страшна, не проста людскі боль і жах … – гэта сотні слоў з часціцай НЕ.

IMG_9235
Светлана Сляпцова падчас канфэрэнцыі ў цэнтры “ Надзея”

Праз вайну прыйшлося прайсці не толькі дарослым – франтавікам, партызанам, працаўнікам тылу і мірным грамадзянам, якія апынуліся ў зоне акупацыі, але і дзецям, якія потым выраслі, стварылі сем’і, атрымлівалі прафесіі, аднак засталіся дзецьмі вайны назаўсёды. Гэта іх боль, жахлівыя ўспаміны, страты сваіх родных, блізкіх, ні ў чым не павінных мірных грамадзян – жанчын, старых, дзетак…

Нядаўна, 14 красавіка, на базе цэнтра «Надзея» прайшла рэгіянальная канферэнцыя «Крылы жыцця», прысвечаная Міжнароднаму дню вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Галоўнымі героямі канферэнцыі сталі жыхары Вілейшчыны – былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў гвалтоўнага ўтрымання на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сагнаныя на прымусовыя работы ў Германію і іншыя. Сярод прысутных была і ўдзельніца клуба «Дзеці вайны» пры Вілейскім ТЦСАН Святлана Нікіфараўна Сляпцова. Менавіта яе гісторыю дзіцячых пакут ваеннага ліхалецця хочацца сёння распавесці вам, паважаныя чытачы.

У час Вялікай Айчыннай вайны тысячы беларускіх сем’яў разам з дзецьмі зганялі ў Нямеччыну, Аўстрыю, Чэхію на прымусовыя работы. За час акупацыі з Беларусі было вывезена каля 400 тысяч чалавек, у тым ліку 24 тысячы дзяцей. Апынуўшыся ў лагерах і гета, дзеці гінулі ад голаду, хвароб, цяжкай працы, здзекаў,эксперыментаў, наўмысна  знішчаліся. Ахвяры сярод малалетніх вязняў у месцах іх прымусовага ўтрымання былі велізарнымі. Паводле дадзеных, пасля разгрому гітлераўскай Германіі ў Беларусь вярнулася толькі каля 120 тысяч чалавек з 400-х  вывезеных.

фото
Дзіцячы фотаздымак з бацькамі

– Што вядома маладому сучаснаму пакаленню дзяцей пра канцлагеры? Думаю, што многія нават і не чулі гэтых слоў, а ўжо тым больш не задумваліся над іх значэннем, – разважае Святлана Нікіфараўна.

Для дзяцей канцлагераў хлеб заўсёды заставаўся самым смачным ласункам. Дзеці атрымлівалі ў лагерах 50-100 грамаў у дзень, калі наогул атрымлівалі. Дзяцей разлучалі з маці і змяшчалі ў спецбаракі, яны часта ў апошні раз чулі сваё імя, бо потым іх называлі толькі па нумары, які з’яўляўся адзіным дакументам малалетняга вязня.

– У 1942 годзе я ўтрымлівалася ў створанай фашыстамі на акупаванай тэрыторыі турме ў горадзе Чэрвені, туды мяне змясцілі ў 4-гадовым узросце разам з маці – Каральковай Ядзвігай Гіляраўнай і дзвюма роднымі сёстрамі – Галінай, якой было 15 год, і Клаўдзіяй – 8 год.

Мой бацька Каралькоў Нікіфар Фролавіч да вайны працаваў у партыйных і праваахоўных органах. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацька прывёз сям’ю ў горад Чэрвень, адкуль родам была мая маці, а сам сышоў на фронт. Па даносе мясцовых жыхароў, якія ведалі майго бацьку, нас і кінулі ў турму па падазрэнні ў супрацоўніцтве з антыфашысцкім падполлем. Матулю пасля доўгіх допытаў і катаванняў расстра-лялі. А нас – трое дзяцей, у снежні 1942 года з турмы перавезлі ў дзіцячы дом № 1 горада Чэрвеня, дзе мы знаходзіліся, прыкладна да канца 1943.

Ёсць успаміны былых выхаванцаў дзіцячага дома, дзе былі і мы. Менавіта так мы жылі там. Сюды звозілі дзяцей, бацькі якіх былі расстраляны немцамі за сувязь з партызанамі. Калі прышла зіма 1942 года, пачаўся голад. Нам варылі на 200 дзяцей тры кілаграмы горшай мукі на 12 вядзёр вады — атрымоўвалася скользкая баланда, якой і кармілі. Не было ні солі, ні талерак, ні лыжак. На сметніку мы падбіралі пустыя нямецкія бляшаныя банкі – з іх елі і пілі. Дзеці ўвесь час былі раздзетыя, босыя і галодныя. Зіма была вельмі халоднай, шкла ў вокнах памяшканняў не было, іх затыкалі матрацамі і анучамі. Памяшканне амаль не тапілі, а дзеці з групы не выходзілі, нават па патрэбе. Калі было зусім холадна, то разлівалі вядро вады на падлозе, яна хутка замярзала, і дзеці каталі адзін аднаго, тым і грэліся. Вясной, акрамя голаду, дзеці хварэлі і паміралі ад дыстрафіі і тыфу.

Бацька ў 1943 годзе вярнуўся з фронту інвалідам (без адной нагі). Калі даведаўся пра тое няшчасце, што спасцігла яго сям’ю, і баючыся за лёс сваіх дзяцей, ён папрасіў сваю старэйшую сястру, якая пражывала ў горадзе Мінску, забраць дзяцей з дзіцячага дому. Такім чынам мы засталіся жывыя. Да 1944 года жылі ў Мінску, а затым пераехалі ў гарадскі пасёлак Радашковічы, дзе прабылі аж да 1963 года. Там мой бацька працаваў следчым у пракуратуры. У  1963 годзе мы пераехалі ў Вілейку.

Час лечыць раны… І пасля вайны Святлана Нікіфараўна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна, стала выдатным педагогам па хіміі і біялогіі ў нашым горадзе, а таксама вельмі добрым і цудоўным чалавекам. Педагагічны стаж нашай гераіні налічвае 44 гады працы. Яна неаднаразова адзначалася на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Узнагароджана Ганаровай Граматай Міністэрства адукацыі Беларусі, значком «Выдатнік народнай адукацыі БССР», медалём «Ветэран працы» і медалём «70 год з дня нараджэння У.І.Леніна». Але самае галоўнае – яна стала сапраўдным ЧАЛАВЕКАМ.

Вялікая Айчынная вайна загубіла незлічоную колькасць жыццяў, пакінула раны ад скалечанага дзяцінства, але дай Бог, каб гэта больш ні адно пакалення нашых сучаснікаў і нашчадкаў не зведала. Для гэтага і трэба ведаць і памятаць усё тое, што адбывалася ў нашай гісторыі, якая часам была страшэнна бязлітаснай да беларусаў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Вольгі ЗЯНЮК і з архіва Святланы Сляпцовай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 38 queries